Дарагія дэпутаты


{movie}Станіслаў Шушкевіч у “Гарачым каментары”|left|7269{/movie}Не ўсе новаабраныя дэпутаты атрымалі кватэры ў Менску. Пакуль жа на іхнае ўтрыманне ідзе штодня $ 10 тыс. Як стала вядома ад дэпутаткі Алены Берасневай, былой рэдактаркі газеты «Гродненская правда», такіх народных абранцаў засялілі ў гатэль «Планета». Дэпутатаў-«бесхацінцаў» – 89 асобаў, гатэль – далёка не танны, а рассяленне можа адбыцца толькі ў снежні. Агулам прыйдзецца заплаціць за іхнае гасцяванне ажно з паўмільёна долараў…

Паводле першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча, нічога звышасаблівага ў гэткай сітуацыі няма пры ўмове, што насельнікі «Планеты» – сапраўдныя народныя абранцы.

«Яны павінны сваёй працай апраўдваць свой статус. То я б сказаў, што працы дэпутатаў ніхто не бачыць і яна нікому не патрэбная. Згодна з нашаю канстытуцыяй, заканадаўчае права мае не толькі гэтак званы парламент, але і прэзідэнт. Таму парламент проста непатрэбны», – зазначае Шушкевіч.

Хоць парламентары і ацэньваюць сваю працу на «выдатна», ніякіх дэпутацкіх групаў яны не стваралі, нейкіх гучных ініцыятываў ад іх ніколі не зыходзіла. Аднак за безагаворачнае падтрыманне курсу выканаўчае ўлады парламентары атрымліваюць неблагі сацыяльны пакет.

«У нас жа пачыналася даволі складана. Не было ніякіх груповак, якія б высоўвалі нейкія ініцыятывы, акрамя Беларускага Народнага Фронту. І толькі бачачы іхны прыклад, ствараліся іншыя групоўкі. Такім чынам, у нас ствараўся партыйны парламент, а тут – хто больш дагодзіць, той і лепшы», – заўважае Шушкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў