2011 год можа стаць знакавым для бізнесу


Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка ўпэўнены, што курс на эканамічную лібералізацыю, абвешчаны ўрадам Беларусі, можа прынесці пазітыўныя вынікі, аднак пры ўмове, што лібералізацыя будзе адбывацца ў інтарэсах бізнесу, а не наменклатуры. “Перш за ўсё, гэта стварэнне канкурэнтнага асяроддзя. Таксама бізнес мусіць мець магчымасць набываць зямлю, набываць будынкі, – кажа Леанід Заіка – Яны ж усе карыстаюцца арандаванымі плошчамі. Што гэта за бізнес? Гэта як вароны: селі ў адным месцы, потым палкаю іх сагналі ў іншае. Бізнес мусіць быць нацыянальным, моцным, трывалым”.

У сферы энергабяспекі, на думку эканаміста, сітуацыя выглядае адносна добра. “Цяпер Расея дае нафты колькі хочаш – толькі перапрацоўвай. Таму Венесуэла адыходзіць на другі план. Тарыфы на газ – яны цалкам прымальныя, і мы іх “праглынем”, праблемаў не будзе”, – зазначыў Леанід Заіка ў інтэрв’ю “Белсату”.

Паводле эксперта, пэўныя пазітыўныя змены для шараговых беларусаў можа прынесці Мытны саюз, штопраўда, калі з’явіцца не толькі на паперы. “Калі ён будзе працаваць, то прывядзе, прынамсі, у прамежкавым сваім варыянце, да зніжэння коштаў”, – лічыць Леанід Заіка. На ягоную думку, гэта станецца магчымым дзякуючы таму, што беларуская прадукцыя будзе канкураваць з расейскаю. “Гэта будзе час дастаткова сур’ёзнай карэкцыі эканамічнай палітыкі”, – дадаў Леанід Заіка.

belsat.eu

Стужка навінаў