Змітру Дашкевічу пагражае турма строгага рэжыму


Мазырскі суд 30 кастрычніка разгледзіць на выязным паседжанні справу лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча. Палітзняволенага прызналі «зацятым парушальнікам рэжыму» і могуць перавесці з калоніі ў турму строгага рэжыму, дзе ўмовы ўтрымання значна горшыя.

Паводле нявесты Дашкевіча, Насты Палажанкі, зняволенага адразу пасля прыбыцця ў папраўчую калонію № 20 Мазыра змясцілі ў штрафны ізалятар, а затым – у памяшканне камернага тыпу. «Дашкевіча чакае яшчэ адзін пакутлівы этап. Я думаю, што яго перавядуць альбо ў турму ў Жодзіне, альбо ў Горадню», – абураецца актывістка.

Лідара «Маладога фронту» перавялі ў мазырскую калонію 19-га верасня, а 21-га ён абвесціў галадоўку з прычыны «нечалавечых паводзінаў адміністрацыі калоніі, у тым ліку яе начальніка Юрыя Збароўскага». Пасля пераводу ў памяшканне камернага тыпу Дашкевіч спыніў галадоўку, патлумачыўшы гэта тым, што стаўленне адміністрацыі калоніі да яго «кардынальна змянілася ў лепшы бок».

Змітра Дашкевіча і актывіста «Маладога фронту» Эдуарда Лобава затрымалі ў Менску напярэдадні апошніх выбараў прэзідэнта, 18 снежня 2010 года, паводле абвінавачання ў збіцці двух мужчынаў. Прадстаўнікі апазіцыі ды праваабаронцы назвалі арышт актывістаў прэвентыўнаю захадаю для «зачысткі» грамадства перад выбарамі.

belsat.eu

Стужка навінаў