Гомельскія раварысты змагаюцца за роўныя правы на дарогах


Каля трох дзясяткаў раварыстаў сабраліся сёння на цэнтральнай плошчы Гомля ды рушылі арганізаванаю калонаю вуліцамі гораду. Удзельнікі акцыі, першага ў Гомлі свята раварыстаў, намагаюцца прыцягнуць увагу да сітуацыі, у якой апынуліся раварысты не толькі ў Гомлі, але і ўва ўсёй Беларусі.

“Аўтамабілісты – гэта галоўная нашая праблема, – кажа ўдзельнік акцыі Дзяніс Чыкалёў. – Яны ездзяць, не заўважаючы нас, лічаць, што раварыст – гэта не ўдзельнік дарожнага руху, “падразаюць”, парушаюць правілы”. Раварысты наракаюць таксама на недахоп, а часам нават і адсутнасць дарожак для ровараў у гарадох. Аналагічна сітуацыя выглядае і з колькасцю адмысловых парковак.

Арганізатары спадзяюцца, што імпрэзы такога кшталту не толькі дапамогуць адстойваць правы раварыстаў, але і будуць традыцыйным святам. “Ровары становяцца ўсё больш папулярнымі, – кажа адзін Дзмітрый Трусаў, з арганізатараў імпрэзы. – Цяпер мы спрабуем заснаваць клуб раварыстаў і афіцыйна ўнесці гэтае свята ў спартовы каляндар”.

belsat.eu

Стужка навінаў