Беларусь не працягнула мандат Офісу АБСЕ ў Менску


Беларускі бок прыняў рашэнне не працягваць мандат Офісу АБСЕ ў Менску. 31 снежня сталы прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Аляксандр Сычоў праінфармаваў пра гэта чальцоў Сталай рады АБСЕ.

“Варта зазначыць, што гэта свядомае рашэнне, абумоўленае адсутнасцю аб’ектыўных падставаў для захавання місіі АБСЕ ў Беларусі, – заявіў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных. – Гэтая пазіцыя цягам шэрагу гадоў выкладалася ў афіцыйных заявах беларускага боку”.

“Ацэнка вынікаў дзейнасці Офісу АБСЕ ў Менску паказвае, што мандат офісу выкананы, – зазначыў прэс-сакратар МЗС. – Як сведчыць вопыт Латвіі, Эстоніі ды Грузіі, дзе ў апошнія гады аналагічныя палявыя прадстаўніцтвы АБСЕ былі закрытыя гэтымі дзяржавамі пасля пэўнага перыяду іх працы, праектная дзейнасць АБСЕ можа паспяхова і эфектыўна рэалізоўвацца ў прамых кантактах з інстытутамі АБСЕ. Такі падыход ужо цягам некалькіх гадоў адпрацоўваўся намі са штаб-кватэрай АБСЕ”.

Як раней паведамляў БелаПАН, 20 снежня ў Менску міжнародныя назіральнікі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) і Парламенцкай Асамблеі (ПА) АБСЕ абнародавалі заключэнне, згодна з якім выбары ў Беларусі па-ранейшаму не адпавядаюць стандартам АБСЕ.

“Прэзідэнцкія выбары паказалі, што Беларусі ўсё яшчэ трэба будзе прайсці значны шлях, каб пачаць адпавядаць сваім абавязацельствам у межах АБСЕ, хоць былі зробленыя некаторыя канкрэтныя паляпшэнні”, – гаворыцца ў дакуменце.

Зазначаецца таксама, што дзень галасавання “быў азмрочаны затрыманнямі большасці кандыдатаў на прэзідэнцтва і соцень актывістаў, журналістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці”.

Як заявіў кіраўнік кароткатэрміновай місіі назіральнікаў АБСЕ і дэлегацыі ПА АБСЕ Тоні Лойд, “гэтыя выбары не змаглі даць Беларусі новы старт, у якім яна мела патрэбу”. “Працэс падліку галасоў не быў празрысты. Народ Беларусі заслугоўвае лепшага. У прыватнасці, цяпер я чакаю, што ўрад будзе адказваць за арышты кандыдатаў на прэзідэнцтва, журналістаў і праваабаронцаў”, – заявіў Лойд.

belsat.eu

Стужка навінаў