Нямецкія медыі: Ганьба «Баварыі» проста цудоўная


Нямецкія медыі рэзка крытыкуюць мюнхенскую «Баварыю» за паразу ад барысаўскага БАТЭ (1:3) у групавым турніры Лігі чэмпіёнаў.

«Пераможная серыя «Баварыі» перапыненая. Замест таго, каб пасля Бундэслігі прадэманстраваць сілу і ў Лізе чэмпіёнаў, каб выйсці на першае месца ў групе, у матчы з аўтсайдарам БАТЭ мюнхенцы пацярпелі першую паразу ў сезоне», – піша «Welt».

«Ганьба «Баварыі» проста цудоўная», – кпіць таблоід «Bild». Адразу чатыром футбалістам каманды, уключаючы трох абаронцаў, газета паставіла самую нізкую ацэнку – 6. Пяць чалавек са стартавага складу атрымалі «пяцёркі», і толькі двум паставілі «здавальняюча». «Занадта мала, каб зарабіць пункты на міжнародным узроўні», – піша «Bild».

«Tagesspiegel» адзначае, што «Баварыя» дазволіла сабе занадта шмат памылак, а ў нападзе дзеяла вельмі няўпэўнена, з чаго і скарысталі беларусы. «Барысаў пачаў бойка, не хаваючыся на сваёй палове. Здалося, што для мюнхенцаў гэта стала сюрпрызам, яны дзеялі няўпэўнена … Баварцам у гэты вечар не хапіла дакладнасці, мэтанакіраванасці і натхнення, яны не знайшлі ключа да поспеху», – канстатуе выданне.

«Ганьба «Баварыі»: першае паражэнне ў сезоне супраць пустога месца», – рэзюмуе футбольны часопіс «Kicker». Нямецкі чэмпіён атрымаў добрую пілюлю ад БАТЭ, не выкарыстаўшы галявых момантаў, паказаўшы сваю бяззубасць і слабасць у адзінаборствах. «Беларусы ўжо 17 афіцыйных матчаў не ведаюць паражэнняў і безумоўна першынствуюць у групе «F», – піша часопіс. – З самага пачатку матчу яны прадэманстравалі гатоўнасць бегаць і шукаць шляхі прасоўвання наперад».

belsat.eu

Стужка навінаў