Беларускаму футболу бракуе сцюардаў


Беларуская федэрацыя футбола не змагла падрыхтаваць дастатковую колькасць сцюардаў для працы на матчах зборнай.

Як паведаміў першы намеснік старшыні БФФ Сяргей Сафар’ян, на курс было набрана 45 чалавек, з якіх курс навучання да канца прайшлі 30. Абслугоўваць таварыскі матч з Літвой 8 чэрвеня прыйшло “менш чым два дзясяткі”, хоць “праца не бясплатная”.

Намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку МУС Уладзімір Станілевіч паведаміў, што яго ведамства выступіла з заканадаўчай ініцыятывай перад Міністэрствам спорту і турызму аб унясенні змяненняў у закон аб фізічнай культуры і спорце, каб раздзяліць адказнасць органаў унутраных спраў і арганізатараў спартыўных мерапрыемстваў.

Станілевіч адзначыў, што стадыён для балельшчыкаў адкрываецца за тры гадзіны да матчу, але многія прыходзяць за паўгадзіны і імкнуцца абавязкова трапіць на трыбуну да стартавага свістка. “Ёсць паняцці прапускная здольнасць і дакладны надгляд, і адысці ад гэтага мы не можам, таму і ствараецца чарга”, — сказаў прадстаўнік МУС. Ён падкрэсліў, што на стадыёне “Дынама” ўсяго чатыры ўваходы, тады як на “Менск-Арэне” 31 пункт пропуску.

belsat.eu

Стужка навінаў