Надзея Ермакова: Заробку $ 500 вам ніхто не абяцаў


«Заробку 500 долараў ніхто не абяцае. Прэзідэнтам пастаўленая задача перад урадам і кіраўнікамі прадпрыемстваў забяспечыць магчымасць зарабіць такую зарплату. Даць яе проста так ніхто не абяцае», – заявіла старшыня Нацбанку Беларусі Надзея Ермакова падчас «гарачай лініі» ў рэдакцыі газеты «Звязда».

Адказваючы на пытанне жыхаркі Менску чыноўніца зноў падкрэсліла, што «заробак мусіць быць зароблены». Таксама Надзея Ермакова спрабуе супакоіць беларусаў, падкрэсліваючы, што дэвальвацыі беларускага рубля не будзе.

«Мы летась зрабілі вельмі сур’ёзную дэвальвацыю. Перадумоваў, каб рабіць такі крок яшчэ зараз, няма. Інфляцыя за восем месяцаў гэтага года складае 14,6 %. Увогуле на 2012 г. прагназуецца інфляцыя не вышэйшая за 22 %. Таму няма ніякай неабходнасці рабіць дэвальвацыю. На 2013 г. інфляцыя прагназуецца на ўзроўні 12 %», – падкрэсліла старшыня Нацбанку.

Тым часам Аляксандр Лукашэнка падчас нарады з урадам і кіраўніцтвам Нацбанку заявіў, што цяпер сярэдні заробак у Беларусі – «крыху большы за $ 470», і да канца года краіна «гарантавана выйдзе» на $ 500 сярэдняга заробку.

belsat.eu

Стужка навінаў