У Грузіі тэлебачанне паказала жудасныя кадры катаванняў у турмах


Два грузінскія апазіцыйныя каналы выпусцілі ў эфір відэа, якія паказваюць катаванні, жорсткае абыходжанне і гвалт над вязнямі.

Каналы папярэдзілі гледачоў, што відэа ўтрымлівае «жорсткія і шакуючыя кадры», просячы забраць ад тэлевізараў дзяцей. Відэа паказвалі збіццё і здзекі над вязнямі з боку працаўнікоў грузінскіх органаў . На адным з відэа паказанае згвалтаванне вязня дзяржальнам веніка і паліцэйскім дручком.

У цэнтры Тбілісі практычна адразу пачалі збірацца пратэстоўцы з заклікамі да адстаўкі ўраду. Эксперты кажуць, што Грузію чакае новая раскладка палітычных сілаў напярэдадні парламенцкіх выбараў, што адбудуцца 1 кастрычніка.{movie}Пратэсты ў Грузіі супраць катаванняў|right|6417{/movie}

Прэзідэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі выступіў сёння раніцаю з заяваю, у якой асудзіў паказаныя на відэа здарэнні і паабяцаў абараніць правы зняволеных.

«Сёння я абяцаю ўсім ахвярам гэтых бесчалавечных дзеянняў і ўсяму народу, што Грузія і мы ўсе не пацерпім такіх паводзінаў – у турме ці ў іншым месцы», – гаворыцца ў заяве грузінскага прэзідэнта.

«Тыя, хто здзейсніў гэтыя злачынствы, правядуць доўгія гады ў турме, як і той, хто падкупіў ахоўнікаў здзейсніць гэтыя жахі і зняць іх на камеру», – дадаў Саакашвілі.

На будучых парламенцкіх выбарах Адзіны нацыянальны рух, які ўзначальвае Саакашвілі, будзе змагацца з апазіцыяй, аб’яднанай у кааліцыю «Грузінская мара». Лідару апазіцыі Бідзыне Іванішвілі (Bidzina Ivanishvili) якраз і належыць адзін з тэлеканалаў («Channel 9»), які паказаў скандальнае відэа.

belsat.eu

Стужка навінаў