Ад баршчу да бульбы. Лідзія Ярмошына развівае харчовую тэму


Старшыня ЦВК заўважыла, што перыяд капання бульбы паўплывае на ўдзел выбарнікаў у датэрміновым галасаванні.

Гаворачы пра пачатак датэрміновага галасавання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына зазначыла ўчора: «У 2004 годзе парламенцкія выбары праходзілі адначасова з рэферэндумам, і гэта стымулявала яўку. Цяпер, можа быць, не ўсе бульбу выкапалі, таму гэта таксама будзе стымуляваць прагаласаваць датэрмінова».

Старшыня ЦВК падкрэсліла, што, на яе думку, у першы дзень датэрміновага галасавання не павінна быць чаргі. «Людзі пакуль разварушваюцца. Але, думаю, пенсіянеры пойдуць на ўчасткі, яны любяць галасаваць датэрмінова», – сказала Ярмошына. {movie}Ярмошына: Не ўсе яшчэ выкапалі бульбу|right|6414{/movie}Насамрэч у першы ж дзень датэрміновага галасавання на выбарчых участках чэргі стваралі студэнты, для якіх вучэльні, каб спрыяць датэрміноваму галасаванню, нават забяспечылі «форткі» ў раскладзе.

Лідзія Ярмошына мае на сваім рахунку шмат гучных выказванняў, а ейны каментар пра паслявыбарчыя пратэсты 2010 г. стаўся сапраўдным фальклорам. «Сядзелі б дома, боршч бы варылі, а не па плошчах шасталі. Мне ў галаву гэта не прыйдзе. Гэта ганьба для жанчыны – удзельнічаць у такіх дзеяннях», – пракаментавала тады чыноўніца ўдзел кабет у паслявыбарчых акцыях пратэсту.

Учора актывісты арганізацыі «Змена» вырашылі нагадаць выбарнікам словы Лідзіі Ярмошынай, раздаючы мінакам на вуліцы боршч. Акцыя скончылася, гэтак і не пачаўшыся. Пакаштаваць баршчу ніхто не паспеў, а ўсе ўдзельнікі перформансу і пяцёра беларускіх ды замежных журналістаў апынуліся ў міліцэйскім мікрааўтобусе.

belsat.eu

Стужка навінаў