Падазраваных ужо 26


Сярод падазраваных – кандыдаты ў прэзідэнты, грамадскія актывісты і нават журналісты. Паводле Крымінальнага кодэксу ім можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення волі. Сёння падазраваным можа быць высунутае афіцыйнае абвінавачванне.

У спіс падазраваных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня ўключаны Андрэй Федаркевіч, які раней быў арыштаваны на 10 сутак і адбываў пакаранне ў ІЧУ Жодзіна, паведамляе праваабарончы рэсурс spring96.org. Зараз Федаркевіч пераведзены ў следчы ізалятар КДБ у Менску.

Супрацоўнікі КДБ шукаюць Мікіту Краснова, у якога 27 снежня дома быў праведзены вобыск. У пастанове на правядзенне вобыску Красноў таксама меў статус падазронага.

Справа распачата следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама на падставе частак 1 і 2 артыкула 293 КК (масавыя беспарадкі). Паводле часткі 1 гэтага артыкула, “арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся насіллем над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады”, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў.

Паводле часткі 2, “удзел у масавых беспарадках, які выявіўся ў непасрэдным учыненні дзеянняў, названых у частцы першага гэтага артыкула”, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў.

У ліку падазраваных — сем экс-кандыдатаў у прэзідэнты: Аляксей Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч, якія знаходзяцца ў СІЗА КДБ, а таксама Рыгор Кастусёў і Дзмітрый Ус, з якіх узята падпіска аб нявыездзе.

Астатнія 19 падазраваных па справе — прадстаўнікі выбарчых штабоў кандыдатаў, грамадскія актывісты, журналісты і былы супрацоўнік міліцыі:

– Аляксандр Арастовіч, давераная асоба Статкевіча;

– Дзмітрый Бандарэнка, давераная асоба Саннікава;

– Сяргей Вазняк, давераная асоба Някляева;

– Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік штаба Някляева;

– Аляксандр Класкоўскі, былы супрацоўнік міліцыі;

– Уладзімір Кобец, кіраўнік штаба Саннікава;

– Алег Корбан, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука;

– Анатоль Лябедзька, давераная асоба Раманчука;

– Мікіта Ліхавід, удзельнік акцыі;

– Сяргей Марцалеў, кіраўнік выбарчага штаба Статкевіча;

– Дзмітрый Новік, удзельнік акцыі;

– Аляксандр Атрошчанкаў, прэс-сакратар Саннікава;

– Анатоль Паўлаў, кіраўнік выбарчага штаба Раманчука;

– Анастасія Палажанка, намеснік старшыні зарэгістраванай у Чэхіі міжнароднай маладзёжнай арганізацыі “Малады фронт”;

– Наталля Радзіна, рэдактар інтэрнэт-сайта charter97.org;

– Павел Севярынец, кіраўнік выбарчага штаба Рымашэўскага;

– Андрэй Федаркевіч, удзельнік акцыі;

– Аляксандр Фядута, давераная асоба Някляева;

– Ірына Халіп, карэспандэнт расійскай “Новой газеты”, жонка Андрэя Саннікава.

Два чалавекі, затрыманыя прэвентыўна, падазраюцца ў асабліва злосным хуліганстве. Трэці раней падазроны па гэтай справе Дзяніс Лазар 28 снежня быў адпушчаны на волю, абвінавачванні з яго знятыя.

Глядзі таксама
Каментары