10 верасня Статкевіч арганізуе пікет ля сталічнага ГУМа


«10 верасня, – заявіў Мікалай Статкевіч у інтэрвю svaboda.org, – у 18 гадзінаў я буду праводзіць пікет каля ГУМа з нагоды пачатку агітацыйнай кампаніі».

«Пікет з патрабаваннем нармальных свабодных выбараў. Запрашаю да ўдзелу ў гэтым пікеце ўсіх, хто паатрымоўвае пазіцыю, аналагічную маёй. Прыходзьце з ацэнкамі гэтых кшталту кандыдатаў, з плакатамі ці без іх. Калі Лукашэнка сапраўды хоча гэтай легітымнасці, то хай не замінае нам рэалізоўваць наша канстытуцыйнае права на вольны і мірны сход. Калі будуць хапаць, вінціць, саджаць – хай развітаецца са сваёй легітымнасцю. Я запрашаю на гэтае мерапрыемства прадстаўнікоў доўгатэрміновай місіі назіральнікаў АБСЭ. Паглядзім, што будзе далей».

28 жніўня на супольнай прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў апазіцыі Мікалай Статкевіч заявіў, што «выбары ўжо сфальсіфікаваныя». 

Глядзіце таксама >>> Беларуская апазіцыя мае новы план дзеянняў

«На сваёй прэс-канферэнцыі мы назвалі нашу галоўную мэту, за якую мы будзем змагацца ў больш шырокіх часавых рамках, чым гэтая прэзідэнцкая кампанія. Гэта ўсеагульныя дэмакратычныя выбары з удзелам нармальных кандыдатаў. Цяпер нам прапануюцца псеўдавыбары, у якіх нібыта ўдзельнічаюць чалавек, якога я лічу злачынцам, і яго фіктыўныя канкурэнты. Выбіраць няма з каго. Выбары мы прайгралі, іх ужо няма».

Статкевіч заяўляе, што разам з паплечнікамі збіраецца скарыстаць магчымасці, якія дае агітацыйны перыяд, каб «дасягнуць вольных дэмакратычных выбараў з выкарыстаннем механізмаў выбарчай кампаніі і магчымасцей, якія дае Выбарчы кодэкс».

«Галоўная з мэтаў – гэта праца з грамадствам, каб яно ведала, што выбары несапраўдныя. Па сутнасці – дэлегітымізацыя выбараў у вачах грамадства, каб людзі ведалі, што прэзідэнт несапраўдны і трэба нармальныя выбары, – кажа Мікалай Статкевіч. – Наступнае – гэта дэлегітымізацыя ў вачах міжнароднай супольнасці. Каб мы ў нашай далейшай барацьбе за вольныя выбары маглі спадзявацца на іхную падтрымку і каб не здарылася такой скрайняй сітуацыі, калі нібыта міжнародны легітымны прэзідэнт здае нашу незалежнасць Расеі».

belsat.eu, паводле svaboda.org

Стужка навінаў