Больш як 370 чалавек на раніцу 10 чэрвеня лічацца ў спісе зніклых на затопленай у выніку падрыву Кахоўскай ГЭС тэрыторыі левага берага Дняпра, які знаходзіцца пад расейскай акупацыяй. Адзін чалавек названы загінулым. Пра гэта паведамляе «Агентство. Новости».
Агулам у спісе зніклых, які склалі валанцёры найбуйнейшага чату для эвакуацыі з левага берага Дняпра, 374 чалавекі. Двое з іх ужо, верагодна, загінулі. Яшчэ адзін чалавек дакладна загінуў.
9 чэрвеня валанцёры здолелі вывезці з месцаў затаплення некалькі дзясяткаў чалавек, агулам на мапе валанцёраў 315 заявак адзначаныя як эвакуяваныя. Як распавяла каардынатарка чату валанцёраў Кацярына, эвакуацыю ўскладняюць абстрэлы і немагчымасць дабрацца да шэрагу населеных пунктаў.
Пры гэтым у горад Алешкі, насельніцтва якога да вайны перавышала 20 тысяч асобаў, доступ для валанцёраў закрыты: на ўездзе стаіць блокпост, і для яго праходжання патрэбны пропуск. Паводле Кацярыны, блокпост могуць перасекчы толькі супрацоўнікі МНС і ўпаўнаважаныя валанцёры.
На раніцу 10 чэрвеня на мапе валанцёраў заставаліся 1744 актыўныя заяўкі, у кожнай з іх выратавання маглі чакаць адразу некалькі чалавек. Пры гэтым сыход вады можа стварыць дадатковыя складанасці для валанцёраў, бо частка затопленых месцаў можа стаць недасяжнай для валанцёраў на чаўнах.
У сваю чаргу ў Генеральным штабе Украіны адзначаюць, што ў акупаваных Расеяй рэгіёнах Херсоншчыны да эвакуацыі з затопленых населеных пунктаў дапускаюцца толькі людзі з расейскімі пашпартамі. Таксама мірных жыхароў гвалтоўна высяляюць з уласных уцалелых дамоў, каб пасяліць у іх расейскіх вайскоўцаў.
Міністр унутраных справаў Украіны Ігар Кліменка адзначае, што станам на 12:00 10 чэрвеня ў Херсонскай вобласці фактычна падтоплена 47 населеных пунктаў, з іх 14 знаходзяцца на акупаванай тэрыторыі.
Эвакуявана 2620 чалавек, у тым ліку 160 дзяцей. Загінулі 4 чалавекі. Параненых у выніку абстрэлаў падчас эвакуацыйных мерапрыемстваў – 11. Акрамя таго, 27 чалавек зніклі без вестак.
У Мікалаеўскай вобласці падтоплены 31 населены пункт. Эвакуявана 936 чалавек, у тым ліку 167 дзяцей. 1 чалавек загінуў.
У Днепрапятроўскай вобласці без водазабеспячэння застаюцца больш як 89 тысяч абанентаў у 26 населеных пунктах.
Якуб Хруст belsat.eu