Сілавікі затрымалі гуртавога закладчыка псіхатропных наркотыкаў. Пра гэта перадае БелТА са спасылкаю на УУС Менскага аблвыканкаму.
Работнікі наркакантролю пры сілавым падтрыманні АМАПу затрымалі ў Менску 37-гадовага жыхара сталіцы. Сілавікі кажуць, што мужчына працаваў гуртавым закладчыкам на наркамаркеце, меў тайнік у лясным масіве паблізу Копішча Менскага раёну. У схованцы закладчык з мэтаю збыту захоўваў асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва – мефедрон – агульнаю вагою больш за 100 г. Улічваючы, што, паводле звестак з адкрытых інтэрнэт-крыніцаў, для адной дозы гэтага псіхатропу трэба ад 0,5 г, то агульная колькасць дозаў перавышала 200 штук.
У дачыненні затрыманага следчыя распачалі крымінальную справу за незаконны абарот псіхатропаў з мэтаю збыту. У межах справы праводзяць аператыўна-вышуковыя захады, каб устанавіць іншыя эпізоды дзейнасці гуртавога закладчыка. Паводле УУС Менскага аблвыканкаму, затрыманы ў 2019 годзе ўжо быў асуджаны паводле аналагічнага артыкулу. Цяпер жа за паўторна ўчыненыя дзеянні яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Антон Тачняк belsat.eu