Вырак Дулінай, «хапун» на даручэнне Лукашэнкі, «пакаянныя відэа» на «БелТА». Рэпрэсіі 10 сакавіка


У Беларусі амаль тры гады штодня затрыманні і суды з палітычных прычынаў. Расказваем, пра якія рэпрэсіі стала вядома за адзін толькі дзень 10 сакавіка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сілавікі святкуюць Дзень міліцыі на Кастрычніцкай плошчы. Менск, Беларусь. 3 сакавіка 2023 года.
Фота: МВД Беларуси / Telegram

Міністэрства ўнутраных справаў пужае ГУБАЗіКам: пасля атакі на расейскі «лятучы радар» у Мачулішчах сілавікі на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі «актывізавалі працу».

Сілавікі хваляцца: за адзін дзень 9 сакавіка  «адпрацавалі звыш 60 асобаў», прыцягнулі да крымінальнай адказнасці пяць чалавек, да адміністратыўнай – 21 чалавека. Шукаюць «ячэйкі экстрэмістаў» і тых, хто «супрацоўнічае з тэрарыстамі».

Аналітыка
«Выклік кінуты». Як Лукашэнка будзе помсціць за Мачулішчы?
2023.03.10 07:00

Па Беларусі пасля 26 лютага, калі ўдзельнікі плану «Перамога» атакавалі дронамі расейскі самалёт, сапраўды ідзе хваля ператрусаў і адвольных затрыманняў.

Пра ператрусы на лецішчах паведамлялі з Бабруйску (там затрымалі Андрэя Сініцу), з Малых Якавічаў у Пружанскім раёне, з Палонкі Баранавіцкага раёну.

Але затрыманні і ператрусы звязаныя, падобна, не толькі з Мачулішчамі.

Так, ператрус правялі таксама ўдома ў бацькоў блогера і былога палітвязня Аляксандра Кабанава.

Каментар
«Гэта не значыць, што я мушу закрыць свой рот» – блогер Кабанаў пра ператрус у бацькоў
2023.03.10 13:33

У Горадні затрымалі фатографа Валерыя Юдзіна, які некалі працаваў у міліцэйскай прэс-службе.

Таксама ў Горадні затрымалі Паўла Якубеля – дзядзьку Карыны Маліноўскай, якая пасля збіцця сілавікамі ў 2020 годзе страціла дзіця, а ў 2022 годзе прайшла трэнаванне BYPOL (яна расказала журналістам «Зеркало», што размаўляла з дзядзькам, але не была ягоным «куратарам»).

У Бабруйску затрымалі і моцна пабілі, як бачна з «пакаяннага відэа», супрацоўніка Цэнтру культуры Вячаслава Аркатава, якога западозрылі ў рэгістрацыі ў плане «Перамога».

У Менску асудзілі былую выкладчыцу МДЛУ і чальца Каардынацыйнай рады Наталлю Дуліну. За «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» і «Грубае парушэнне грамадскага парадку» ёй прысудзілі 3,5 года калоніі.

Hавiны
У Менску асудзілі былую выкладчыцу МДЛУ і чальца Каардынацыйнай рады Наталлю Дуліну
2023.03.10 12:07

Прысуд палітвязню, былому следчаму Паўлу Юшкевічу пакінулі без зменаў, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна»: 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле шасці крымінальных артыкулаў, у ліку якіх «Арганізацыя масавых беспарадкаў».

Пачалі судзіць шэраг палітвязняў: Аляксандра Данілевіча, Аксану Зарэцкую і Багдана Караўца, музыкаў гурту «Litesound» і іхных бацькоў. Сталі вядомыя даты судоў над Дзмітрыем Гарбуновым і Паўлам Хакалам. Суд у «справе Nexta» зрабілі адкрытым, там дае паказанні палітвязень Раман Пратасевіч.

Палітвязню Сяргею Ярашэвічу, колішняму адміністратару Telegram-каналу «Армія з народам», нядаўна прысудзілі яшчэ 9 месяцаў зняволення на дадатак да ранейшых 5,5 года калоніі. Цяпер яго, піша «Вясна», перавялі ў калонію № 20 у Мазыры.

Супраць віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава распачалі крымінальную справу за «Падрыхтоўку да ўдзелу ў групавым парушэнні парадку», даведалася «Вясна». Левінаў за мяжою, яго прасілі прыехаць на радзіму на допыт.

У палітзняволенай Алены Гнаўк, якая чакае суду паводле новай крымінальнай справы, пагоршылася здароўе: былая адвакатка расказала «Вясне», што Гнаўк «моцна схуднела, у яе трасуцца рукі».

Hавiны
«BYPOL»: Лукашэнка падрыхтаваў у Беларусі надзвычайныя захады, тры падазроныя законы
2023.03.10 15:36

«Пакаянныя відэа» цяпер публікуюць не толькі сілавікі, а і дзяржаўнае інфармагенцтва «БелТА». Раней такія відэа з’яўляліся толькі ў тэлеграм-каналах прапагандыстаў і сілавікоў, гэтыя каналы часам блакавалі пасля скаргаў карыстальнікаў на прапаганду гвалту.

У «спіс экстрэмістаў» Міністэрства ўнутраных справаў дадалі яшчэ 28 чалавек – цяпер там 2531 імя. У спісе палітвязняў, які вядзе «Вясна», цяпер 1451 чалавек.

Але ёсць і ўмоўна добрыя навіны. На волю выйшаў палітвязень Іван Кузюр, які адбыў два гады ў калоніі за «Абразу прадстаўніка ўлады». А прадстаўніца «Вясны» Наталля Сацункевіч выступіла на сесіі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў.

Hавiны
Крыніцы «Белсату»: Нелаяльных працаўнікоў Ліцэю БДУ падзялілі на тры розныя спісы
2023.03.10 13:26

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў