Чаму ЕЗ задумаўся аб скасаванні калійных санкцыяў супраць Беларусі?


У апошнія тыдні ўсё часцей стала з’яўляцца інфармацыя аб тым, што Еўразвяз абмяркоўвае аслаблення санкцыяў супраць калійнай галіны Беларусі ў мэтах забеспячэння харчовай бяспекі ў свеце. Belsat.eu разбіраецца, што адбываецца і наколькі рэальны такі сцэнар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

У пачатку лютага прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету Павел Латушка заявіў, што, паводле ягонай інфармацыі, Еўразвяз можа зняць персанальныя санкцыі з «гаманцоў» Лукашэнкі – генеральнага дырэктару «Беларуськалія» Івана Галаватага і расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева. Гэта ў сваю чаргу потым можа прывесці да скасавання сектаральных санкцыяў з усёй калійнай галіны.

Неўзабаве гэтая інфармацыя атрымала пацверджанне з незалежных крыніцаў. Еўрапейскі рэдактар радыё «Свабода» Рыкард Юзьвяк паведаміў са спасылкай на свае крыніцы ў Бруселі, што Еўразвяз абмяркоўвае магчымасць зняцця санкцыяў з калійнага сектару Беларусі. Пазней ён распавёў, што за гэтае рашэнне выступаюць заходнееўрапейскія краіны – Партугалія, Бельгія, Нідэрланды, Францыя (а па іншых звестак, яшчэ і Італія).

9 сакавіка бізнесовец, уладальнік Клайпедзкага тэрміналу насыпных грузаў Ігар Удавіцкі паведаміў, што Еўракамісія рыхтуецца зняць санкцыі з «Беларуськалію» і «Слаўкалію», усіх аперацыяў па экспарту прадукцыі прадпрыемстваў, а таксама іх кіраўнікоў ды акцыянераў. Удавіцкі спаслаўся на працоўны дакумент Еўракамісіі (сапраўднасць дакументу афіцыйна не пацверджана), дзе адзначалася, што ўгнаенні адыгрываюць важную ролю ў харчовай бяспекі, а адсутнасць такой бяспекі «павялічвае гуманітарныя патрэбы і распальвае сацыяльныя беспарадкі, нестабільнасць і канфлікты».

«Асноўная тэхнічная задача – зняцце абмежаванняў на імпарт у ЕЗ, а таксама зняцце ўсіх перашкод для свабоднага транзіту праз ЕЗ у трэція краіны», – патлумачыў сутнасць ініцыятывы Удавіцкі. Пры гэтым бізнесовец дадаў, што пакуль невядома, як будзе выглядаць канчатковы дакумент наконт аслаблення калійных санкцыяў.

Крыніцы «Радыё Свабода» ў Брусэлі падкрэсліваюць, што згоды наконт гэтага рашэння ў Еўразвязе няма.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская, выступаючы 10 сакавіка ў Лондане, назвала недапушчальнымі спробы вывесці з-пад санкцыяў калійныя прадпрыемствы пад выглядам клопату аб харчовай бяспецы. Пакуль не будуць спыненыя рэпрэсіі, ніякіх такіх размоваў не павінна весціся, заявіла Ціханоўская.

Павел Латушка таксама выступае рэзка супраць гэтага рашэння, падкрэсліваючы, што спасылкі на харчовую бяспеку з’яўляюцца неабгрунтаванымі. «Хутчэй за ўсё, размова ідзе пра лабіяванне інтарэсаў калійных груповак, якія зарабляюць на гэтым мільярды», – заявіў палітык.

Ці сапраўды сітуацыя з харчаваннем катастрафічная?

Вайна і санкцыі год таму прывялі да рэзкага росту цэнаў на ўгнаенні ў свеце. Гэтак, са студзеня да сакавіка цана на хлорысты калій на біржы Ванкувэру вырасла з $221 до $562,5 за тону. Аднак ужо восенню сталі назірацца зваротныя працэсы. Ключавую ролю тут адыграла зніжэнне цэнаў на газ у Еўропе – гэта прывяло да падзенне каціровак на ўгнаенні на 20-25%. Заходнія аналітыкі прагназуюць, што ажыятаж працягне суціхаць ў 2023 годзе. Больш танны газ дазволіць краінам ЕЗ павялічыць уласную вытворчасць, піша Financial Times. Хаця ў цэлым цэны на ўгнаенні мусяць заставацца даволі высокімі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Цэны на ўгнаенні паўплывалі і на кошты харчавання ў свеце. Аднак дынаміка тут таксама пазітыўная. Пасля рэзкага ўсплёску цэнаў у сакавіку 2022 году, які ў значнай ступені быў абумоўлены праблемамі з экспартам украінскага збожжа, кошты паслядоўна зніжаюцца ўжо на працягу 11 месяцаў. Паводле Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі (FAO), цяпер цэны на харчаванне на 18,7% ніжэй, чым былі ў пікавы момант ў сакавіку 2022-га.

Такім чынам, у цэлым у свеце сітуацыя з цэнамі на ўгнаенні і харчаванне паляпшаецца, нягледзячы на вайну і санкцыйныя абмежаванні. Пагрозы глабальнага голаду, тым больш голаду ў Еўропе няма.

Аднак дзяржавы трэцяга свету працягваюць сутыкацца з праблемамі даступнасці харчавання. Некаторыя краіны вымушаны зніжаць закупы ўгнаенняў, што можа прывесці да скарачэнне эфектыўнасці сельскай гаспадаркі і магчымага дэфіцыту харчавання на ўнутраным рынку. У FAO канстатуюць, што з прычыны спаду вытворчасці і зніжэння курсу нацыянальных валют у некаторых бедных краінах расходы на імпарт прадуктаў харчавання захаваюцца ў 2023 годзе на высокім узроўні, а аб’ёмы імпарту пры гэтым могуць знізіцца на 10%. У FAO лічаць гэта трывожным сігналам.

Рыкард Юзьвяк у інтэрв’ю беларускай службе «Радыё Свабода» адзначыў, што еўрапейскія дзяржавы вымушаны звяртаць увагу на пазіцыю бедных краінаў.

«Глабальны Поўдзень» – і я тут гавару пра бяднейшыя, але пры гэтым усё адно палітычна ўплывовыя краіны ў паўднёвым паўшар’і – яны робяцца ўсё важнейшымі гульцамі ў глабальнай палітыцы. І Еўропа да гэтага вельмі прыслухоўваецца», – падкрэсліў ён.

Такім чынам, пытанне палягае хутчэй не ў гуманітарнай, а ў палітычнай і эканамічнай плоскасці. 

Напрыклад, па Бразіліі вясной 2022 года вельмі адчувальна ўдарылі праблемы з пастаўкамі беларускіх, і расейскіх угнаенняў (20% калійных угнаенняў Бразілія атрымлівала з Беларусі). Недахоп угнаенняў стварыў пагрозу для ўраджайнасці кавы, якая з’яўляецца ключавой пазіцыяй у экспарце краіны. Бразілія ў сувязі з гэтым стала вельмі актыўна лабіяваць зняцце абмежаванняў на гандаль угнаеннямі на міжнародным узроўні, у ААН і WTO. Акрамя таго, Бразілія мае шчыльныя палітычныя і эканамічныя сувязі з Партугаліяй, якая цяпер лабіюе аслабленне санкцыяў адносна беларускага калію на ўзроўні Еўразвязу.

Прычым для саміх краінаў ЕЗ пытанне беларускага калію не крытычнае: у 2020 годзе на ўсе 27 краінаў Еўразвязу прыпадала ўсяго каля 8% агульнага аб’ёму экспарту ўгнаенняў з Беларусі. Доля той жа Бразіліі была ў 2,5 разы болей (21,63%).

Аналітыка
Чаму Беларусь зноў прапаноўвае перавозіць украінскае збожжа, і ці рэальна будзе дамовіцца?
2022.12.16 09:30

Расейскі парадокс

На палітычным узроўні сітуацыю ўскладняе той факт, што ў адрозненні ад беларускіх угнаенняў расейскі калій не трапіў пад поўную забарону.

У пачатку вайны ЗША прыраўнялі расейскія ўгнаенні да тавараў першай неабходнасці, каб не дапусціць іх уключэння ў чорны спіс. Такім чынам, Вашынгтон хацеў пазбегнуць харчовага крызісу ў краінах трэцяга свету. Не стаў уводзіць поўнае эмбарга і Еўразвяз. Разам з тым, былі ўведзены квоты на імпарт угнаенняў (у асноўным, каб не дапусціць рээкспарту з Беларусі), а таксама з’явіліся шматлікія ўскосныя абмежаванні. 

«Прамой забароны на пастаўкі расейскай хімічнай прадукцыі ў Еўропу няма, але іх абмяжоўваюць сыход міжнародных перавозчыкаў і лагістычныя цяжкасці», – канстатавала выданне «Коммерсант». 

У персанальныя санкцыйныя спісы ЕЗ і Вялікай Брытаніі трапілі ключавыя фігуры ў галіне мінеральных угнаенняў – бенефіцыяры і топ-менеджары кампаніяў «Уралкалій», «Уралхім», «Еўрахім» і «Акрона». 

Усё гэта прывяло да падзенне экспарту і вытворчасці ўгнаенняў у Расеі. Паводле звестак Расейскай асацыяцыі вытворцаў угнаенняў, пастаўкі расейскага калію ў 2022 годзе скараціліся з 1,2 млн тонаў да 0,7 млн. т, а пастаўкі фосфарных угнаенняў – упалі ў 1,5 разы. Агулам экспарт расейскіх угнаенняў скараціўся на 15%. Разам з тым, паводле Financial Times за кошт павышэння сусветных цэнаў выручка расейскіх кампаніяў за першыя 10 месяцаў вырасла на 70%. А ў снежні 2022 года Еўразвяз увёў норму, якая дае права асобным дзяржавам-чальцам ЕЗ аслабляць абмежаванні, накладзеныя на расейскія банкі і бізнесоўцаў, што звязаныя з экспартам угнаенняў і харчавання.

У выніку склалася парадаксальная сітуацыя: санкцыі ў сферы ўгнаенняў супраць Беларусі больш жорсткія, чым супраць Расеі – краіны, якая развязала вялікую вайну. Гэта ў сваю чаргу парушае адзінства і аслабляе бескампрамісную пазіцыю Захаду, бо паўстае пытанне: калі дзеля харчовай бяспекі магчыма ісці на саступкі РФ, то чаму аналагічныя саступкі нельга рабіць адносна Беларусі?

Паводле Рыкарда Юзьвяка, Партугалія, Бельгія, Нідэрланды ды Францыя дамагаюцца менавіта гэтага: каб для Беларусі зрабілі такі ж вынятак у плане санкцыяў, як для Расеі.

Аналітыка
Куды перанакіраваць беларускі экспарт? Задача з трыма невядомымі
2022.04.18 12:20

Чаго чакаць далей

Ці сапраўды ЕЗ пойдзе на аслабленне санкцыяў адносна Беларусі? Адказу пакуль няма. Насамрэч зняць санкцыі на ўзроўні ЕЗ не так проста – для гэтага патрэбны поўны кансэнсус 27 краінаў. Калі для дзяржаваў Заходняй Еўропы Беларусь заўсёды была другаснай праблемай, якая не надта іх хвалявала, то, напрыклад, для Польшчы і Літвы – гэта прынцыповая пытанне ў вонкавай палітыцы. Абедзве краіны займаюць бескампрамісную пазіцыю адносна рэжыму Лукашэнкі.

Пасля выраку журналісту Анджэю Пачобуту Польшча пайшла на частковае закрыццё межаў з Беларусі і настойвае цяпер на пашырэнні санкцыяў у дачыненні афіцыйнага Менску. Цяжка ўявіць, каб у гэтых умовах Варшава пагадзілася на аслабленне санкцыяў у калійнай сферы.

Яшчэ больш далікатная сітуацыя склалася для ўраду Літвы, які адыграў ключавую ролю ў спыненні калійнага транзіту ў пачатку 2022 году. Урадавая камісія тады абвесціла дамову Літоўскай чыгункі з «Беларуськаліем» пагрозай для нацыяльнай бяспекі Літвы. Цяпер пагадзіцца на скасаванне санкцыяў без палітычных наступстваў унутры краіны будзе проста немагчыма.

Імавернасць аслаблення калійных санкцыяў значна ўзрасце, калі Лукашэнка ў сваю чаргу пагадзіцца вызваліць прынамсі частку палітвязняў (летась у кантэксце калійнай здзелкі хадзілі чуткі пра магчымае вызваленне 300 палітзняволеных). Гэта б дазволіла Бруселю захаваць твар: аслабленне санкцыяў тады б не выглядала аднабаковай саступкай. Аднак Лукашэнка пакуль не дэманструе гатовасці да такіх гуманітарных акцыяў. Хутчэй наадварот – ён абяцае «жорсткую зачыстку».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў