Фільм «Белсату» атрымаў дзве ўзнагароды на фестывалі ў Італіі. Адну з іх – ад вязняў


Дакументальны фільм «Вадохрышча» рэжысёра Андрэя Куцілы атрымаў дзве ўзнагароды на фестывалі «PerSo» ў Італіі. Адну – ад прафесійнага журы, другую – ад вязняў турмы, для якіх зладзілі адмысловыя паказы фестывальных стужак. «Вадохрышча» – частка цыклу «Без рэтушы» тэлеканалу «Белсат».

Прафесійнае журы фестывалю «PerSo» аддало галоўную ўзнагароду конкурсу кароткаметражных фільмаў стужцы рэжысёра Андрэя Куцілы «Вадохрышча». Працу адзначылі за «здольнасць перадаць крохкасць мужчынаў і жанчын пад грузам гісторыі ў кантрасце паміж старажытным рытуалам і страхамі сучаснасці».

«Быў прыемна здзіўлены, – прызнаецца Андрэй Куціла. – Невялікі фестываль, але трапіць туды няпроста. Было нечакана, бо фільм, хаця і здымаўся як рэпартаж для «Белсату», стаўся кароткаметражным фільмам, крыху нават эксперыментальным».

Другую ўзнагароду – спецыяльную згадку – «Вадохрышча» атрымала ад непрафесійнага журы, вязняў турмы ў італьянскім горадзе Пэруджа.

«Вязні нават маюць права глядзець фестывальнае кіно! Уявіце сітуацыю, каб у беларускіх турмах людзям паказвалі рознае замежнае кіно, і людзі яго абмяркоўвалі, галасавалі і давалі ўзнагароду. Выключная сітуацыя ў кантэксце разумення, што сёння адбываецца ў беларускіх турмах», – адзначыў рэжысёр у каментары «Белсату».

Hавiны
Першы эпізод серыялу «Працэсы» заняў другое месца на кінафестывалі «Fantastic Fest 2023»
2023.09.27 09:30

Гэты фільм Андрэй Куціла зняў у Кіеве за месяц да вайны.

«Фільм расказвае пра той час, калі да вайны заставаліся лічаныя дні, людзі яшчэ не верылі, што вайна можа адбыцца. Мы бачым мужчынаў, якія сёння ці на фронце, ці іх наогул ужо няма. Бачым жанчын, якія на іх глядзяць і хіба ў глыбіні душы разумеюць, што можа адбыцца, бо прадчуванне вайны вісіць у паветры. Фільм пра прадчуванне вайны, пра надзею, пра крохкасць жыцця», – распавёў рэжысёр.

«Вадохрышча» – частка дакументальнага цыклу «Без рэтушы», што стаўся своеасабліваю белсатаўскаю школаю маладога рэжысёра.

Hавiны
«Кроў на траве». На YouTube адбылася прэм’ера фільму Маргарыты Ляўчук пра гвалт дзяржаўнай сімволікаю
2023.06.28 21:56

belsat.eu

Стужка навінаў