У палітзняволенага Аляксандра Фядуты зноў пачаліся праблемы з сэрцам і зубамі


Стан здароўя 57-гадовага палітвязня Аляксандра Фядуты, якога прыгаварылі да 10 гадоў турмы, выклікае асцярогі. Ягоная жонка Марына Шыбко распавяла «Народнай Волі», што ён не можа нармальна спаць і ў яго зноўку абвастрыліся праблемы з сэрцам.

Аляксандр Фядута падчас суда.
Фота: Sputnik

Марына Шыбко пасля другога спаткання з Аляксандрам Фядутай, якое прайшло 5 кастрычніка, расказала, што ён імкнецца выглядаць бадзёрым, але ходзіць па-ранейшаму з кіёчкам. Таксама ён мае праблемы з зубамі.

Цяпер жа Фядута рыхтуецца да перасылкі ў калонію.

«Хварэе. Ізноў дрэнна з сэрцам. Не можа ляжаць, а гэта значыць, што не можа нармальна спаць. Гэта ўсё паўтараецца, як зімой, хаця зараз пнеўманіі няма. Сашу рабілі і рэнтген, і кардыяграмы, казаў, што нават збіраюцца праводзіць кансіліум. Але асабіста мне зразумела, што без шпіталізацыі і паўнавартаснага абследавання гэта нічога не дасць, бо ў турме няма кардыёлага. А сардэчны рытм збіты, высокі ціск… Вельмі сумная сітуацыя. У панядзелак у чарговы раз буду перадаваць лекі, але ў гэтым плане з перадачамі праблем няма. Прымаюць усё, што перадаю», – распавяла Марына Шыбко.

Са слоў жонкі, пакуль Фядута пакінуў працу над Бальзакам, а зараз распачаў свой новы літаратурны праект пад назвай «Камерныя чытанні». «11 кастрычніка будзе 18 месяцаў, як Аляксандр знаходзіцца ў СІЗА, і таму пэўны досвед за гэты час ужо займеў. У «Камерных чытаннях» ён хоча апісваць, што чытаюць у камерах розныя вязні», – перадае планы Фядуты ягоная жонка Марына.

Аляксандр Фядута – беларускі літаратуразнавец і паліттэхнолаг. Быў затрыманы ў Маскве 12 красавіка 2021 года ў межах справы аб спробе дзяржаўнага перавароту ў Беларусі. Яму прад’яўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу – Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

Разгляд справы пачаўся 29 ліпеня 2022 года ў Менскім раённым судзе. Аляксандр Фядута прызнаў сваю віну часткова і не пагадзіўся з агучанымі ў абвінавачанні матывамі. Спачатку дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў для палітвязня 12 гадоў зняволення. Суддзя прызнаў Фядуту вінаватым і прысудзіў яму 10 год пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Артыкулы
Поўны тэкст апошняга слова Аляксандра Фядуты
2022.09.02 00:12

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў