Сусветныя цэны на ежу ўпалі да ўзроўню 2021 года, але зрыў збожжавай угоды можа ўсё сапсаваць


Пандэмія каронавіруса і вайна ва Украіне моцна ўдарылі па цэнах на харчы. І калі з пандэміяй больш-менш разабраліся, то расейская агрэсія супраць Украіны не толькі не спыняецца, але і стварае новыя праблемы, якія могуць ударыць па найбяднейшых краінах.

Ангар са збожжам, разбураны расейскім ударам
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ангар са збожжам, разбураны расейскім ударам іранскімі беспілотнікамі. Адэская вобласць, Украіна. 24 ліпеня 2023 года.
Фота: Оперативне командування «Південь» / Facebook

Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (FAO) штомесяц абнаўляе глабальны індэкс цэнаў на харчы (Food Price Index). Да нядаўна здавалася, што гэтыя цэны выпраўляюцца: пасля скачка ў 2022 годзе яны ў канцы вясны-2023 дасягнулі ўзроўню вясны-2021. Каб вярнуцца на дапандэмійны ўзровень, такімі тэмпамі трэба было ісці менш за год.

Ды ў ліпені-2023 цэны крыху выраслі – на 1,3 %. Як лічыць FAO, гэты рост быў звязаны са зрывам збожжавай угоды: з 20 ліпеня Расея пагражае страляць па караблях, якія ідуць па Чорным моры ва ўкраінскія парты, а праз тыя парты Украіна экспартавала нямала збожжа ў трэція краіны. Ці доўгатэрміновы гэты эфект, FAO не прадказвае.

Страляе Расея пакуль не па караблях, а па ўкраінскіх партах. Неўзабаве пасля пагрозаў Расеі Уладзімір Пуцін зладзіў у Маскве саміт з краінамі Афрыкі ды атрымаў ад іх заклікі вярнуцца да збожжавай угоды. Украіна ж працягвае экспартаваць збожжа, не зважаючы на абстрэлы, і бярэ рэванш на моры, а гэты рэванш можа змяніць у лепшы ці горшы бок цэны на паліва.

У выніку ў ліпені выраслі цэны на раслінныя алеі (Украіна – важны экспарцёр сланечнікавага алею), але гэта крыху кампенсавалася падзеннем цэнаў на цукар, збожжа, кукурузу, малочныя і мясныя прадукты. Ды калі збожжа агулам патаннела, цэны на пшаніцу ўпершыню за дзевяць месяцаў выраслі праз тую самую сарваную збожжавую ўгоду. А цэны на рыс выраслі да самага высокага ўзроўню з верасня 2011 года праз забарону Індыі экспартаваць палову свайго рысу.

Глабальны індэкс цэнаў FAO
Глабальны індэкс цэнаў FAO у рэальным выражэнні (з папраўкаю на інфляцыю) з 1990 года. Звесткі: Fao.org. Выява: Белсат
Глабальны індэкс цэнаў FAO
Глабальны індэкс цэнаў FAO у рэальным выражэнні (з папраўкаю на інфляцыю) за апошнія пяць гадоў. Звесткі: Fao.org. Выява: Белсат

Але вайна ва Украіне – не адзіная пагроза цэнам на харчы. Змена клімату можа прыносіць непрыемныя неспадзяванкі.

Гэтак, кліматолагі не вераць сваім вачам, калі бачаць тэмпературы ў Паўднёвай Амерыцы: у Чылі даходзіць да +38 °C, а там цяпер мае быць зіма. У Паўднёвай Карэі праз хвалю спёкі ўжо значна падскочылі цэны на прадукты сельскай гаспадаркі. Саранча зноў і зноў атакуе Казахстан і Расею.

Планета не развальваецца і канец свету не надыходзіць, але змена клімату шмат дзе можа рабіць неспрыяльнымі ўмовы для звыклай сельскай гаспадаркі і весці да росту цэнаў – пэўным рэгіёнам давядзецца прыстасоўвацца да новых і раптоўна зменлівых умоваў.

Каментар
У выніку засухі ў траўні і пачатку чэрвеня Беларусь недаатрымае ўраджай
2023.06.09 21:29

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў