Украіна бярэ рэванш на моры


Украіна бярэ рэванш на моры: за два дні падбітыя два расейскія караблі – дэсантнае судна і танкер. Украінскія ўлады заяўляюць, што пад пагрозаю таксама – шэраг чарнаморскіх партоў Расеі. Ёсць паведамленні і наконт прарыву першай лініі расейскай абароны на поўдні Украіны. Таксама ўкраінцы нанеслі свайго кшталту ідэалагічны ўдар – славутую статую Радзіму-маці ў Кіеве замест савецкага герба аздобіў трызуб.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Другая запар атака ўкраінскіх марскіх дронаў на расейскі карабель – у Керчанскай пратоцы падбілі танкер «Сіг». Некалі ён перавозіў паліва ў Сірыю для расейскай арміі і таму трапіў пад амерыканскія санкцыі. Цяпер, падобна, сур’ёзна пашкоджаны. А напярэдадні ў Новарасійскім порце марскі беспілотнік ударыў па дэсантным караблі «Оленегорский горняк».

«Гэта аргумент для тых, хто лічыць, што можна проста так выкінуць збожжавую ўгоду на сметнік. Мы бачым, што Расею пераконваюць у тым, што Чорнае мора мае быць вадаёмам, дзе трымаюцца нормаў міжнароднага марскога права», – кажа ўкраінскі палітолаг Яўген Магда.

Раней Масква абвясціла ўсе караблі, што ідуць у парты Украіны, вайсковымі мішэнямі. Расейская армія пачала нішчыць украінскую партовую інфраструктуру. Але цяпер установа «Дзяржгідраграфія», адказная за навігацыю ва ўкраінскіх водах, абвясціла шэраг расейскіх партоў зонаю ваеннае пагрозы.

«Расея пастанавіла шантажаваць не Украіну, Расея пастанавіла шантажаваць увесь свет. Калі ніхто, акрамя Украіны, не можа забяспечыць свабоду суднаходства ў Чорным моры, то нам даводзіцца самім гэта рабіць», – кажа ўкраінскі вайсковы эксперт Паўло Лакійчук.

Аперацыі супраць караблёў учынілі, імаверна, СБУ і ваенна-марскія сілы Украіны. Ёсць пэўныя поспехі і на зямлі. Украінскае камандаванне заяўляе: на поўдні ЗСУ месцамі прарвалі першую лінію абароны акупантаў. Але ўкраінскія вайскоўцы сутыкаюцца з цяжкасцямі праз расейскія ўмацаванні і мінныя палі.

«У сучаснай вайне мінныя палі – гэта сотні метраў і нават кіламетры. І разміноўваць іх пад агнём непрыяцеля не так проста. Не выходзіць так, што вы пусцілі наперад машыны разміноўвання, а потым самі пайшлі», – тлумачыць Паўло Лакійчук.

Украінскія ўлады нанеслі ўдар і, так бы мовіць, на ідэалагічным фронце: на славутым кіеўскім мануменце Радзіма-маці на месца савецкага герба сёння мацавалі трызуб.

«Дэсаветызацыя і дэкамунізацыя – тут і Беларусі прыдасца наш досвед – дапамагае вярнуцца да нацыянальных каранёў, нацыянальнай культуры, ідэнтычнасці і мовы. Бо савецкая ідэалагічная палітыка была імперскай паводле сваёй сутнасці», – кажа Яўген Магда.

Думкі ва ўкраінскім грамадстве што да своечасовасці замены герба на статуі падзяліліся. Лепей было б аддаць выдаткаваныя грошы на патрэбы арміі, мяркуе частка ўкраінцаў. Улады ж падкрэсліваюць, што ўсе працы аплацілі мецэнаты, а не дзяржаўны бюджэт.

Валянцін Васіленка, «Белсат»