Што беларускі робяць у эміграцыі? Вядома, садзяць бульбу!


Нават за мяжою, пасля вымушанай эміграцыі, беларускі не кідаюць традыцыяў і садзяць агароды – цяпер на гаўбцах здымных кватэраў. Кветак ім замала, таму на гаўбцах гадуюцца цыбуля, агуркі, баклажаны і нават бульба. «Белсат» паразмаўляў з дзвюма гаспадынямі такіх гародчыкаў.

Марыя Грыц: Гэты агарод ратуе маю псіхіку

Журналістка Марыя Грыц кажа, што ейны агарод – найперш традыцыя, напамін пра Беларусь, а таксама добры сродак перажыць цяжкі час.

Агарод Марыі Грыц. Фота прадстаўлена аўтаркай

– Ён у мяне памерам квадраты два, на некалькі радоў усё расце, кожнае сонечнае месца спрабую выкарыстаць. У выніку на ім, паводле апошніх падлікаў, расце 36 гатункаў раслінаў, – кажа Марыя.

Журналістка адзначае, што пачынала з кветак, а потым разгарнулася, у выніку справа дайшла да бульбы.

– У мяне з’явілася туга, якая бывае два разы на год: калі ўвесну хочацца садзіць, а ўвосень хочацца ў школу. І тады ў мяне з’явілася ідэя, што я буду рабіць не толькі для прыгажосці, а каб расліны можна было ўжываць. У мяне шмат кветак, яны ўсе могуць быць выкарыстаныя. Напрыклад, на гарбату. І шмат розных зёлак, я вельмі люблю з імі гатаваць. Я да сёння не магу прызвычаіцца, што трэба плаціць грошы за кроп альбо за пятрушку, я не магу гэтага перажыць. Таму яны і цыбуля ў мяне растуць на гаўбцы. Ёсць суніцы і клубніцы. Я, вядома, разумею, наколькі недарэчна садзіць у Польшчы клубніцы, калі тут іх можна вёдрамі набываць, але я гэта раблю для разнастайнасці, як казала мая бабуля. У мяне клубніцаў два гатункі. Нават гарбуз купіла, і каб пад яго вагой гаўбец не ляснуўся ўніз, набыла спецыяльную лёгкую глебу, – кажа Марыя Грыц.

Агарод Марыі Грыц. Фота прадстаўлена аўтаркай

Гаспадыня кажа, што для яе агарод – месца цішыні і спакою, ён яе супакойвае, займацца гэтым цікава.

– Нешта стваральнае адбываецца, калі свет трушчыцца натуральна на вачах, – бачыць, як пачынаюць квітнець памідоркі, як завязваецца перац. Гэта ратуе маю псіхіку, – прызнаецца Марыя.

Спадарыня кажа, што бульбы садзіць не планавала, але гэта як гульнявая залежнасць, калі спыніцца ўжо не можаш.

– Узімку я шукала людзей, у якіх ёсць зямля, хацела напрасіцца да іх бульбу саджаць. Бо ў Беларусі гэта была такая талака, калі збіраліся ўсе сваякі і саджалі бульбу, мне гэтага тут вельмі не хапае. Такіх людзей я не знайшла, пайшла ў будаўнічую краму і купіла велізарнае вядро, у яго і пасадзіла бульбу. І тут сяброўка з палка Каліноўскага патэліла, а я ёй кажу: я бульбу пасадзіла! Яна так смяялася, сказала, што такіх людзей немагчыма перамагчы. А яшчэ ў мяне растуць баклажаны і морква, чакаю на ўраджай, – падводзіць рысу Марыя Грыц.

Вольга Верамеенка: Тое самае я рабіла ў Беларусі – выходзіла ранкам у гарод і глядзела, як усё расце

Іншая наша суразмоўніца, Вольга Верамеенка, таксама пасадзіла агарод на гаўбцы арандаванай кватэры ў Беластоку.

Агарод Вольгі Верамеенкі. Фота прадстаўлена аўтаркай

– Мая любоў да раслінаў – з дзяцінства. Я і адукацыю адпаведную маю: аграном. У дзяцінстве вырошчвала кактусы на падваконні, потым кветкі вакол хаты, а пазней ужо бульбу і розную садавіну-гародніну. Калі прыйшлося з’язджаць з Беларусі, то больш за ўсё я шкадавала свае кветкі, дрэвы і немагчымасць вырошчваць гародніну. Мінулым годам мы жылі ў кватэры, дзе не было гаўбца, але былі шырокія падваконні, і я там гадавала толькі кветкі. Гэтым годам маем ужо гаўбец, то акрамя кветак я пасадзіла пятрушку, базілік, мяту, чабор, дзве памідоркі і шмат кветак, – кажа спадарыня Вольга.

У выніку справа і тут дайшла да бульбы.

– Пра бульбу яшчэ сумнявалася, але сяброўка, Марыя Грыц, купіла сямянку бульбы, і ёй было зашмат. То мы яе прарасцілі, я ўзяла сабе адну, а другую ўзяла сваю, з сутарэння, і пасадзіла ў вядро. Прыдумала гэштэг: #эміграцыяненагоданесадзіцьбульбу. Цяпер бульба ўжо вялікая, хутка квітнець будзе. Кожны ранак іду да сваіх раслінаў, каб паглядзець, як яны. Паліваю, выдаляю адцвілыя кветачкі, падрыхляю. Мне вельмі падабаецца назіраць, як яны растуць. Тое самае я рабіла ў Беларусі – выходзіла ранкам у гарод і аглядала ўсіх насельнікаў, – адзначае Вольга Верамеенка.

Агарод Вольгі Верамеенкі. Фота прадстаўлена аўтаркай

Вольга кажа, што гэта ёй важна, бо такая традыцыя продкаў – займацца земляробствам, вырошчваць бульбу. Хай сабе і ў вядры.

А што робіцца на вашых гаўбцах?

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў