Чортаў тузін справаў, «сенсацыйна раскрытых» Лукашэнкам


Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што без яго не абысціся ні ў расследаванні разні ў Бучы, ні ў «справе артапедаў», ні ў пытанні мыцця «абасраных кароваў». Але ў некаторых справах Лукашэнка выступае крыніцай «сенсацыяў» і «выкрыцця змоваў» – згадваем шэраг такіх выпадкаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка на нарадзе Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету. Менск, Беларусь. 10 снежня 2021 года.
Фота: president.gov.by

Хутчэй за ўсё, гэты спіс няпоўны: Аляксандр Лукашэнка нярэдка робіць «сенсацыйныя» і сумнеўныя заявы. Вось тыя 13, на якія звярнула ўвагу рэдакцыя «Белсату».

2023. Аперацыя ЦРУ і СБУ ў Мачулішчах

Са словаў Лукашэнкі, гэта не ўдзельнікі плану «Перамога» пашкодзілі двума дронамі расейскі «лятучы радар» у Мачулішчах, як сцвярджае «BYPOl». Аперацыю, кажа Лукашэнка, распрацоўвалі Служба бяспекі Украіны і амерыканскае ЦРУ, былі задзейнічаныя «самыя высокія тэхналогіі»:

«Быў падрыхтаваны тэрарыст. Ён расеец, з расейскім пашпартам, мае ўкраінскі пашпарт. Нарадзіўся ў Крывым Рогу, жыў у Крыме. […] Ён быў завербаваны спецслужбай Украіны ў 2014, нібыта, годзе. Айцішнік ці добра разбіраецца ў IT-тэхналогіях. Рыхтаваўся для здзяйснення тэрарыстычных актаў», – казаў Лукашэнка.

Аналітыка
«Гніда, поскудзь, мярзотнікі». Чаму Лукашэнку «бамбанула» ад дыверсіі ў Мачулішчах?
2023.03.07 19:04

2022. Адкуль рыхтаваўся напад на Беларусь (і Малдову)

«Не мы на іх напалі. Не мы! – казаў Лукашэнка 11 сакавіка 2022 года, за дзевяць месяцаў да таго, як прызнаў сябе суагрэсарам. – Прэвентыўна ЗСУ пачалі страляць, калі яшчэ мы з вамі за два дні былі ў вас удома. Мы гэта з вамі сядзелі ў верталёце. Дакладвалі пастаянна. Яны пачалі. А я вам зараз пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад. І калі б за шэсць гадзінаў да аперацыі не быў нанесены прэвентыўны ўдар па пазіцыях (чатыры пазіцыі, я зараз пакажу – карту прывёз), яны б атакавалі нашыя войскі – Беларусі і Расеі, што былі на вучэннях».

Гэта ён казаў Уладзіміру Пуціну – магчыма, і паказаў яму нешта, але беларусам так і не паказалі, адкуль рыхтаваўся напад. Затое Лукашэнка выпадкова паказаў Малдове, адкуль на яе рыхтавалі расейскі напад: 1 сакавіка 2022 года ён паказваў карту, згодна з якой расейскія войскі меліся атакаваць Малдову з боку Адэсы. Малдова здзівілася, прасіла патлумачыць – беларускі бок сказаў, стрэлка была памылковай.

Аляксандр Лукашэнка паказвае карту з планам нападу Расеі на Малдову. Менск, Беларусь. 1 сакавіка 2022 года. Скрыншот: Пул первого / Telegram

2021. Язык Азаронка

На сходзе з нагоды святкавання афіцыйнага Дня незалежнасці ў 2021 годзе Лукашэнка распавядаў: следчыя выявілі тэрарыстычныя ячэйкі, да стварэння іх датычныя Нямеччына, ЗША, Украіна, Польшча і Літва. І быў замах на дзяржаўнага прапагандыста Грыгорыя Азаронка, распавядаў ён:

«Мэта, цытую: знерухоміць, захапіць, кінуць у багажнік. Вывезці ў лес у самае глухое месца, адрэзаць язык. Узяць нажніцы, каб сам гэта зрабіў. Калі не зробіць сам – той, хто быў наняты за дзесяць тысяч долараў, грошы былі пералічаныя, мусіў ажыццявіць гэтую аперацыю, зняць на камеру і выкласці ў інтэрнэт».

Да Лукашэнкі пра такое не расказвалі. Пасля ж вырасла вялікая і вельмі дзіўная справа супраць Telegram-каналу «Отряды гражданской самообороны Беларуси», фігурантам прысудзілі вялізныя тэрміны. У справе быў і тэракт, што, як выявілася, рыхтаваў ГУБАЗіК.

2021. Дзяржаўны пераварот Зянковіча, Кастусёва і Фядуты

Юрася Зянковіча, Рыгора Кастусёва і Аляксандру Фядуту затрымаў Камітэт дзяржаўнай бяспекі вясной 2021 года. Лукашэнка пасля распавядаў, што схапілі групу, якая рыхтавала на яго замах, а потым выкрылі працу амерыканскіх спецслужбаў:

«У планах – захоп дзіцяці, аднаго, другога, як атрымаецца… «пасадзім у лёх»… дарэчы, у Гомельскай вобласці і лёх падрыхтавалі. Мы затрымалі групу. Яны нас прывялі, паказалі, як гэта ўсё планавалі. Я маўчаў. Потым мы выявілі працу відавочна замежных спецслужбаў – хутчэй за ўсё ЦРУ, ФБР, не ведаю, хто там з амерыканцаў працаваў. Мы выявілі іхнае жаданне з’явіцца ў Менск і заняцца арганізацыяй замаху на прэзідэнта і дзяцей».

«Змоўнікам» Кастусёву і Фядуту ў выніку прысудзілі па 10 гадоў пазбаўлення волі, «амерыканцу» Зянковічу – 11 гадоў, яшчэ дваім фігурантам справы – па 2,5 года.

Меркаванні
Сюжэт з замахам на правадыра
2021.04.19 18:44

2020. Нік і Майк супраць «крэпкага арэшка»

3 верасня 2020 года Лукашэнка сустракаўся з расейскім прэм’ерам Міхаілам Мішусціным, распавёў яму шмат дзіўных гісторыяў, у тым ліку сказаў, што «перахапілі размову» канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель аб фальсіфікацыі атручвання расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага – яго немцы нібыта арганізавалі, «каб адбіць ахвоту Пуціну сунуць нос у справы Беларусі». Потым на дзяржаўным TV паказалі фрагмент «перахопленай» размовы, які гучаў вельмі дзіўна:

2020. Вагнэраўцы ў лесе

29 ліпеня 2020 года дзяржаўныя медыі паведамілі пра затрыманне ў Беларусі 33 грамадзянаў Расеі – баевікоў «прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра», якіх западозрылі ў рыхтаванні тэрактаў «для дэстабілізацыі абставінаў у перыяд выбарчай кампаніі». Лукашэнка за тыдзень да таго распавядаў, што «прафесійныя вайскоўцы, бандыты, якія спецыяльна рыхтуюцца, пераважна ў рамках ПВК, па ўсім свеце і зарабляюць вялікія грошы на правакацыях у тых ці іншых дзяржавах». А потым аказалася, што Расея падтрымала не пратэсты, а Лукашэнку. І той ужо распавядаў:

«Я адправіў свайго сына, які працуе дарадцам у бяспецы, каб ён папрасіў прабачэння ў гэтых людзей і спытаў, куды яны хочуць з’ехаць. Яны сказалі: «Мы хочам у Расею». І, уласна, яны зʼехалі».

Адметна, што на наступны дзень па затрыманні 33 меркаваных баевікоў дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Беларусі Андрэй Раўкоў распавядаў, што «недзе на тэрыторыі Беларусі» застаюцца яшчэ да 200 баевікоў. Улады і дзяржаўныя медыі пра тую рэшту баевікоў проста забылі, а беларусы яшчэ доўга жартавалі пра вагнэраўцаў, якія блукаюць па беларускіх лясах.

2020. Справа Ціханоўскага

29 траўня 2020 года ў Горадні затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага, які збіраўся балатавацца ў прэзідэнты, збіраў подпісы за сваё вылучэнне. Да Ціханоўскага стала чапляцца жанчына (якая, як пазней выявілася, была прастытуткай з Менску), на шум прыйшлі міліцыянты і затрымалі не правакатарку, а самога Ціханоўскага. Цікава, што само здарэнне за некалькі гадзінаў да таго «прадказаў» Лукашэнка:

«Мужыкі там кіпіш паднялі, дзесьці хтосьці ходзіць, крычыць. Нядаўна мне прэс-сакратар данесла: міліцыянта абразіў (удзельнік пікету — заўв. president.gov.by.), калі яму зрабіў заўвагу. Яны прыязджаюць хвацкія, на джыпах усё — па 10-12 машынаў. У чужы горад прыехалі, выстраіліся і пайшлі па плошчах, вуліцах, — казаў Лукашэнка. — На гэтага пацанёнка (супрацоўніка міліцыі — заўв. president.gov.by.) наваліліся. Ён, напэўна, толькі ў гэтым годзе прыйшоў на працу, чыёсьці ж дзіця. Што ты на яго наязджаеш. І потым, рызыкоўныя людзі, я б на іхным месцы з міліцыяй акуратнейшым быў».

Праз месяц Лукашэнка прызнаўся, што сам «даў сігнал з Ціханоўскім». Яшчэ праз чатыры месяцы Лукашэнка пойдзе ў следчы ізалятар КДБ на сустрэчу са «злачынцамі», у ліку якіх і Ціханоўскі.

Аляксандр Лукашэнка праводзіць сустрэчу са «злачынцамі» ў следчым ізалятары. Сяргей Ціханоўскі – знізу злева ў кепцы. Менск, Беларусь. 10 кастрычніка 2020 года.
Фота: Пул первого / Telegram

І любыя іншыя пратэсты – усё змовы

Лукашэнку яшчэ пасля Аранжавай рэвалюцыі 2004 года ва Украіне пачала непакоіць тэма «каляровых рэвалюцыяў». І ў паслявыбарчых пратэстах 2006 года ён бачыў, што «пастанавілі паводле ўкраінскага сцэнара арганізаваць Майдан», і пратэстамі 2010 года «кіраваў Кіеў»… А калі не Украіна, дык Злучаныя Штаты ці «калектыўны Захад», часам Расея – усе спрабуюць «дэстабілізаваць абставіны», калі верыць Лукашэнку. І ў такіх «выкрыццях» Лукашэнкі ніколі беларусы не дзейнічаюць са сваёй волі. Перад выбарамі-2020 мы рабілі вялікую падбор гэткіх цытатаў.

Hавiны
Ад «галубятні» да майданутых. Як Лукашэнка і дзяржСМІ 15 гадоў палохаюць беларусаў Майданам
2020.06.03 20:26

Але гэта не ўсё.

2018. Забойства ў Магілёўскай вобласці

Лукашэнка «выкрывае» не толькі замежныя змовы. У 2018 годзе на сустрэчы ён пахваліўся кіраўніку Камітэту судовых экспертызаў, што на просьбу бацькі ахвяры асабіста пастанавіў, каб вярнуліся да крымінальнай справы аб забойстве ў Магілёўскай вобласці, што адбылося ў 2009 годзе. Прасіў бацьку ахвяры даслаць яму ўсе матэрыялы, распавядаў Лукашэнка:

«Ён мне даслаў. Я сеў і сам за дзень вывучыў іх. І даў каманду пракурору і старшыні КДБ любым коштам расследаваць гэтую крымінальную справу. Нягодніка знайшлі ў Расеі, прывезлі ў Менск, распачалі зноў крымінальную справу, пачалі расследаваць. Прытым я кантраляваў увесь гэты працэс. І аказалася, што ён – забойца. А яго фактычна апраўдалі».

Абвінавачванага ў забойстве Юрыя Іванова зноў судзілі, прызналі вінаватым, прысудзілі 21 год пазбаўлення волі.

2017. Справа «Белага легіёну»

У выступе перад працаўнікамі заводу «Кранаспан» вясною 2017 года Лукашэнка распавёў пра затрыманне нейкіх баевікоў:

«Мы ўжо некалькі дзясяткаў затрымалі, не тых, што ў аўтобусах, анархістаў з маскамі, якія трэнаваліся ў лагерах са зброяй. Дарэчы, адзін з лагераў быў у ваколіцах Бабруйску і Асіповічаў. Астатнія лагеры – ва Украіне. Па-мойму, у Літве ці ў Польшчы, не буду сцвярджаць, але недзе там. Грошы ішлі праз Польшчу і Літву да нас. Мы літаральна ў гэтыя гадзіны затрымалі пару дзясяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй».

Пра затрыманні «літаральна ў тыя гадзіны» пасля не станавілася вядома, але пасля прамовы Лукашэнкі пачаліся адвольныя затрыманні, што выліліся ў справу супраць актывістаў даўно распушчанага «Белага легіёну». Абвінавачанні ім былі неверагодныя, але справа хутка развалілася, фігурантаў вызвалілі.

2011. Тэракт у метро

11 красавіка 2011 года на платформе станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Менску выбухнула бомба – загінулі 15 асобаў, 387 атрымалі раненні. Праз дзень паводле падазрэння ў здзяйсненні тэракту былі арыштаваныя двое нарадзінцаў Віцебску – токар Дзмітрый Канавалаў і электраманцёр Уладзіслаў Кавалёў. 30 лістапада 2011 года Вярхоўны суд асудзіў Канавалава і Кавалёва на смяротнае пакаранне. Акрамя тэракту ў метро, Канавалава прызналі вінаватым у арганізацыі выбуху на Дзень Незалежнасці ў Менску ў 2008 годзе, выбухах у Віцебску ў верасні 2005 года, а таксама ў шэрагу актаў злоснага хуліганства ў пачатку 2000-х, калі ён быў яшчэ падлеткам. У сакавіку 2012 года Канавалава і Кавалёва расстралялі.

Лукашэнка хваліўся, што актыўна ўдзельнічаў у надзвычай хуткім расследаванні, а крытыкам завочна адказваў:

«Дык гэта дрэнна, што раскрылі гэтае злачынства так хутка? Ці добра? Дык якія могуць быць пытанні і сумневы?»

Hавiны
10 гадоў таму адбыўся выбух у метро. Ключавыя пытанні аб справе Канавалава і Кавалёва
2021.04.11 07:00

Канец 1990-х. «Саплівым хлопчыкам-прэзідэнтам з бандытызмам змагаўся»

Пра гэта Лукашэнка расказваў у 2013 годзе на прэс-канферэнцыі расейскім рэгіянальным медыям: калі толькі заняў прэзідэнцкае крэсла, «сутыкнуўся ўпершыню, быў яшчэ саплівым хлопчыкам-прэзідэнтам, з гэтым бандытызмам». Адзін з выпадкаў ён апісваў так: «Там спынілі машыну і кагосьці забілі, а аўтамабіль забралі». Палявалі на іншамаркі, распавядаў ён:

«Я мусіў прыняць радыкальнае рашэнне. Сабралі некалькі групаў, машын жа мала было такіх, узялі хвацкія аўтамабілі, узялі і зладзілі пасткі на гэтай трасе – ад вашай мяжы да Берасця. Усіх, хто супраціўляўся з бандытаў, расстрэльвалі на месцы. Тры групы такіх знішчылі. Чацвёртай не было. І да гэтага часу ціха і спакойна. Можа, гэта занадта, але я не знаходзіў іншага метаду адказаць на гэты разбой, як даць у пысу. У сарціры не мачылі, але ў пысу далі».

Аляксандр Лукашэнка ў Вярхоўным савеце Беларусі. Пачатак 1990-х.
Фота: president.gov.by

1993: «Скрынка цвікоў» Шушкевіча

Яшчэ да таго, як Лукашэнка заняў прэзідэнцкае крэсла, на пасадзе дэпутата ён займаўся «сенсацыйнымі расследаваннямі», быў на чале камісіі Вярхоўнага савету ў барацьбе з карупцыяй. Адно з іх было скіраванае супраць першых асобаў дзяржавы: старшыні Вярхоўнага савету Станіслава Шушкевіча і старшыні Савету міністраў Вячаслава Кебіча. Шушкевіча зняць удалося ў студзені 1994 года, і Лукашэнка тады казаў Шушкевічу:

«Станіслаў Станіслававіч, няўжо вы думаеце, што мы ставім пытанне аб вашым адкліканні на падставе двух кілаграмаў цвікоў, якія вы няправільна аформілі? Вы не адбыліся як вышэйшая службовая асоба».

У народзе так і запомнілі: Шушкевіча знялі «за скрыню цвікоў». Кебіч жа пратрымаўся на пасадзе да сярэдзіны лета 1994-га. І Кебіч, і Шушкевіч тым летам прайгралі Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах – першых і пакуль апошніх свабодных і дэмакратычных выбарах у гісторыі Беларусі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў