Беларусы нясуць кветкі да амбасады Ізраілю. Лукашэнка не каментаваў вайны


Пасля нападу тэрарыстаў «Хамас» на Ізраіль, у выніку якога сотні чалавек былі забітыя, параненыя ці выкрадзеныя, пад амбасадай Ізраілю ў Менску сталі з’яўляцца кветкі. Рэакцыя дзейных уладаў у Беларусі тым часам вельмі стрыманая.

Агульная колькасць пацярпелых невядомая: атака, што пачалася 7 кастрычніка, працягнулася і 8-га, да нападу «Хамасу» далучыліся тэрарысты ліванскай групоўкі «Хізбула». Загінулі сотні людзей – паводле неафіцыйных звестак, загінуць маглі 600 ізраільцянаў і 400 нападнікаў-палестынцаў, яшчэ 750 ізраільцянаў лічацца зніклымі без звестак – некаторыя з іх дакладна ўзятыя ў палон.

Сярод пацярпелых ад нападу ёсць два грамадзяніны Беларусі, жанчына і ейны сын. Вядома, што хтосьці з іх пры смерці.

Вайскова-палітычны кабінет Ізраілю ўхваліў гэтак званы пункт «40 алеф», што азначае пераход у стан вайны. Прэм’ер-міністр Ізраілю заявіў, што краіна «пачынае доўгую і цяжкую вайну».

Hавiны
Ізраіль афіцыйна перайшоў у стан вайны
2023.10.08 17:43

Амбасада Беларусі ў Ізраілі пакінула нумар тэлефона для экстранай сувязі: +972 50 521 48 19.

Пад амбасадай Ізраілю ў Менску, што на Партызанскім праспекце 6а, 8 кастрычніка сталі з’яўляцца знічы і кветкі са стужкамі ў колерах ізраільскага сцяга – допісы са здымкамі медыі заўважылі ў сацыяльных сетках.

Тым часам у Расеі пад амбасадай Ізраілю затрымалі жанчыну, якая выйшла з плакатам з перакрэсленым словам «terrorism».

Афіцыйная рэакцыя з боку дзейных уладаў Беларусі стрыманая

«Хамас», што прызнаюць тэрарыстамі ў Еўразвязе, Злучаных Штатах і шэрагу іншых краінаў, не лічыцца тэрарыстычнай арганізацыяй у Беларусі і Расеі, а дзяржаўныя медыі Беларусі перадрукоўваюць і пераказваюць навіны аб нападзе з расейскіх дзяржаўных медыяў. Ананімныя Telegram-каналы, звязаныя з сілавікамі, прапагандай і ўладамі Беларусі, проста кпяць з Ізраілю.

Міністэрства замежных справаў Беларусі 7 кастрычніка выдала афіцыйную заяву «ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі ў Ізраілі», «выказала сур’ёзную занепакоенасць», назвала агрэсію непрымальнай, а ахвяры сярод мірнага насельніцтва недапушчальнымі, заклікала абодва бакі да тэрміновай дээскалацыі і перамоваў, зусім не згадаўшы, што за другі бок у канфлікце, хто і як яго «абвастрыў». Падобным чынам піша пра сітуацыю МЗС Расеі.

Аляксандр Лукашэнка на момант публікацыі не выказваўся пра напад на Ізраіль. У дзень нападу ён тэлефанаваў Уладзіміру Пуціну і віншаваў таго з днём народзінаў. Ці згадвалі яны ў размове пра Ізраіль, не паведамлялася.

Тым часам абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская 7 кастрычніка асудзіла атаку «Хамасу» на Ізраіль, выказала падтрыманне народу Ізраілю, спачуванні сем’ям загінулых, прасіла беларусаў у Ізраілі берагчы сябе і слухаць указанні Службы тылу. Таксама салідарнасць з народам Ізраілю выказаў спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў.

Hавiны
Ад асуджэнняў да віншаванняў: як розныя краіны адрэагавалі на напад ХАМАС на Ізраіль
2023.10.07 20:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў