Памежная служба Украіны: РФ вывела практычна ўсе войскі з тэрыторыі Беларусі


Расейская Федэрацыя практычна вывела з Беларусі ўсе свае падраздзяленні, а новыя войскі туды пакуль не адпраўлялі. Такую заяву зрабіў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.

Расейскія вайскоўцы на вучэннях у Беларусі. 
Фота: modmilby / Telegram

«На дадзены момант РФ вывела ў рамках ратацыі практычна ўсе свае падраздзяленні, якія завяршылі падрыхтоўку», – сказаў спікер Дзяржаўнай памежнай службы.

Ён адзначыў, што, паводле звестак украінскіх службаў, новыя падраздзяленні расейскіх войскаў апошнім часам у Беларусь не прыбывалі.

Андрэй Дземчанка нагадаў, што РФ выкарыстоўвае Беларусь як пляцоўку для навучання мабілізаваных расейскіх вайскоўцаў. Паводле ягонай інфармацыі, у апошнія месяцы ў Беларусі ўвесь час знаходзілася 10-11 тысяч расейскіх вайскоўцаў.

Да таго, паводле ягоных словаў, Расея не валодае групоўкай войскаў, якая магла б цяпер учыніць уварванне ва Украіну з тэрыторыі Беларусі.

Таксама спікер адзначыў, што колькасць вагнэраўцаў у Беларусі змяншаецца і яны не ўцягнутыя ў нейкія актыўныя дзеянні, у прыватнасці, дэстабілізацыю сітуацыі як на мяжы з Украінай, так і з краінамі Еўразвязу.

Паводле маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн» больш за палову лагера вагнэраўцаў пад Асіповічамі прыбралі. Дэмантаж намётаў пачаўся яшчэ 28 ліпеня. Разабраныя ўжо больш за 160 адзінак (з 292) – больш за палову. Цяпер лагер ПВК Вагнэра налічвае каля 130 намётаў – 45% ад першапачатковай колькасці.У чэрвені заяўлялася, што лагер будаваўся з разліку на 8 000. чалавек.

Маніторынгавая група прыходзіць да высновы, што дэмантуюць «лішнія» намёты, якія аказаліся не патрэбныя, бо першапачаткова прыехала менш наймітаў, чым чакалася. Акрамя таго, частка наймітаў цалкам могуць перасяліць у казармы.

Hавiны
«Беларускі Гаюн»: У лагеры ПВК Вагнэра пад Асіповічамі дэмантавалі больш за палову намётаў
2023.09.08 14:36

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў