Ахвярамі берасцейскіх «спортыкаў» сталі шэсць чалавек


Пяцёра 20-гадовых маладзёнаў запалохвалі наркакур’ераў па загадзе сваіх куратараў. Каб правучыць нядобрасумленных «закладчыкаў», яны пускалі ў ход біты, палкі, балончыкі з пярцовым газам і пнеўматычны пісталет. Затрыманыя як нападнікі, так і некаторыя з ахвяраў.

Здымак мае ілюстратыўны характар. Фота: newsgomel.by
Ілюстрацыйны здымак. Крыніца: newsgomel.by

Паводле інфармацыі Упраўлення Следчага камітэту Берасцейскай вобласці, так званыя спортыкі займаліся пакараннем наркакур’ераў, якія спрабавалі ашукваць гаспадароў наркашопаў. Спортыкамі ў сферы наркабізнесу называюць маладых людзей, што паказальна здзекуюцца са сваіх ахвяр, ужываючы самыя розныя садысцкія метады. У якасці доказаў зробленай справы ўсё здымаецца на камеру. Таму чым больш брутальным было «пакаранне» – тым лепш.

Так дзейнічалі і берасцейскія маладзёны: каб застрашыць сваіх ахвяраў, яны падпальвалі іх вопратку, палілі або аблівалі зялёнкай валасы. І ўсё гэта для справаздачы здымалася на камеру мабільнага тэлефона.

Усяго ахвярамі гэтай групы сталі шасцёра чалавек з Воршы, Ваўкавыску і Берасця ва ўзросце ад 17 да 40 гадоў. А таксама сябра аднаго з наркакур’ераў, які выпадкова апынуўся ў няправільным месцы ў няправільны час.

Усе фігуранты справы знаходзяцца пад вартай. Іх дзеянні кваліфікуюцца па артыкулах Крымінальнага Кодэксу РБ (ч. 4 арт. 328 «Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў»; ч. 1 арт. 154 «Катаванні»; ч. 2 арт. 149 «Наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання»). Пры гэтым і некаторыя ахвяры спортыкаў таксама сталі абвінавачанымі паводле «наркатычнага» 328 артыкула Крымінальнага кодэксу. Адзін з іх ужо атрымаў 12 гадоў пазбаўлення волі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў