Лукашэнка сыдзе на другое месца? Што будзе са старшынём «Усебеларускага народнага сходу»


Ва ўказе аб «Аб кадравым рэестры Беларусі» з’явілася пасада старшыні «Усебеларускага народнага сходу» – і яна вышэй за прэм’ера, ніжэй толькі за прэзідэнта. Ці не сабраўся Лукашэнка на «ганаровую пенсію»? Абмеркавалі ў «Студыі „Белсат“» з Арцёмам Бруханам і Аляксандрам Класкоўскім.

«Усебеларускі народны сход»
Архіўнае фота. Шосты «Усебеларускі народны сход». Менск, Беларусь. 10 лютага 2021 года.
Фота: president.gov.by

Цяпер вертыкаль улады (прынамсі, паводле кадравага рэестру) выглядае так:

  1. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.
  2. Старшыня «Усебеларускага народнага сходу».
  3. Прэм’ер-міністр.
  4. Старшыня Савету Рэспублікі.
  5. Старшыня Палаты прадстаўнікоў.
  6. Старшыня Канстытуцыйнага суду.
  7. Старшыня Вярхоўнага суду.
  8. Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.
  9. Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі.
  10. Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю.
  11. Генеральны пракурор.
  12. Старшыня праўлення Нацыянальнага банку.
  13. Кіраўнік справаў прэзідэнта.

Усе акрамя прэзідэнта ў гэтым спісе ідуць пад нумарам 2 як «вышэйшыя дзяржаўныя пасады». Вертыкаль улады фармальна вызначае не кадравы рэестр, а Канстытуцыя, а ў ёй, напрыклад, у выпадку смерці прэзідэнта яго замяняе не старшыня УНС. Ды і фактычна ў вертыкаль уключаныя «шэрыя кардыналы». Але ўсё ж: старшыня «Усебеларускага народнага сходу» ідзе першым у спісе «другіх нумароў», а пасада пакуль вакантная.

Арцём Брухан і Аляксандр Класкоўскі
Арцём Брухан (у студыі) і Аляксандр Класкоўскі (па відэасувязі) у эфіры «Белсату». 7 лютага 2024 года. Скрыншот: Белсат News / Youtube

Палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі кажа ў «Студыі „Белсат“», што Аляксандр Лукашэнка, які пасля прайграных выбараў абвясціў сябе прэзідэнтам, бачыць сябе «і на першым, і на другім месцы».

«Якія ў яго варыянты? – разважае Класкоўскі. – Адзін варыянт – застацца прэзідэнтам і кагосьці іншага прызначыць на гэтую пасаду. Але цяпер па новай Канстытуцыі такія тэрмаядзерныя, я б сказаў, паўнамоцтвы дадзеныя гэтаму „Усебеларускаму народнаму сходу“, што ў любога чалавека, які нават здаваўся б самым лаяльным, праз нейкі час могуць свае амбіцыі прачнуцца. Невядома, як у крызіснай сітуацыі павядзе сябе такі прызначэнец. Так што гэта рызыкоўны варыянт

Іншы варыянт – гэта Лукашэнку самому сысці на пачэсную пасаду, стаць старшынём гэтага „Усебеларускага сходу“, а прэзідэнтам некага іншага прызначыць. Сапраўды, Лукашэнка вельмі пільны ў кадравых пытаннях. Але ж у яго перад вачыма горкі досвед былога кіраўніка Казахстану Нурсултана Назарбаева: таксама, здаецца, ён пераемніка сабе надзейнага падабраў, а той скарыстаўся момантам і адхіліў, адціснуў убок увесь назарбаеўскі клан, і сталіцу назад перайменавалі, і ўсялякія прывілеі забралі, і гэтак далей. Таму для Лукашэнкі гэты шлях таксама слізкі.

Я думаю, ён ужо трымае гэта ў галаве. Тым болей, што гэтая магчымасць у новай Канстытуцыі прапісаная менавіта для яго – там напісана „для першага прэзідэнта“ – магчымасць сумяшчаць вось гэтыя дзве пасады».

Арцём Брухан
Арцём Брухан у эфіры «Белсату». 7 лютага 2024 года. Скрыншот: Белсат News / Youtube

Намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан бачыць, што цяпер ідзе трансфармацыя палітычнай сістэмы Беларусі з упісваннем у яе УНС, і ў новай сістэме для Лукашэнкі сапраўды лагічна сумяшчаць дзве пасады прынамсі нейкі час.

«Ці таксама ён можа глядзець на прыклад Туркменістану, – адзначае Брухан. – У тым сэнсе, што ён можа на пасаду прэзідэнта скіраваць кагосьці, каму ён будзе давяраць на 100 %. Гэта ягоны сын – Віктар Лукашэнка. А сам можа заняць гэтую пасаду старшыні „Усебеларускага народнага сходу“. Гэта ў нейкай ступені можа не дапусціць таго сцэнару, які адбыўся ў Казахстане».

На самой справе, у Туркменістане ўлада перайшла ад бацькі да сына, магчыма, не адзін раз. У 2006 годзе пасля смерці дыктатара і «пажыццёвага прэзідэнта» Сапармурата Ніязава выканаўцам абавязкаў, а потым і прэзідэнтам стаў (з двума парушэннямі Канстытуцыі) міністр аховы здароўя Гурбангулы Бердымухамедаў. Раптоўны кар’ерны ўзлёт колішняга стаматолага стаў падставай для чутак аб тым, што новы дыктатар – непрызнаны сын старога дыктатара. Так гэта ці не, але ў 2022 годзе дыктатар перадаў уладу ўжо афіцыйна прызнанаму сыну Сердару Бердымухамедавуабвясціў датэрміновыя выбары, на якіх Сердар прадказальна «перамог».

«Я, канешне, не магу глядзець у будучыню, – працягвае Брухан. – Але цалкам лагічна, што гэта можа быць нейкае сумяшчэнне гэтых пасадаў у Лукашэнкі наступныя пяць гадоў пасля выбараў 2025 года, а потым ужо перадача. Ці ён можа рызыкнуць і пайсці ўжо зараз. Гэта залежыць ад здароўя, ад знешніх фактараў. Магчыма, ад таго ж ціску знешняга».

Hавiны
Недатыкальнасць, пажыццёвая ахова і 100%-ны заробак: Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон аб прэзідэнце
2024.01.03 20:58

Варыянт, калі пасада прэзідэнта проста будзе скасаваная, а застанецца толькі старшыня УНС, Класкоўскі лічыць неймаверным пры Лукашэнку: «сістэма аўтарытарная, павінен быць правадыр». Ды й сам Лукашэнка прызнае, што збудаваная ім сістэма дае першай асобе дзяржавы велізарныя паўнамоцтвы, таму і пачаў маніпуляцыю з УНС, каб была нейкая процівага чалавеку на пасадзе прэзідэнта.

Але Класкоўскі заўважае, што ранейшая сістэма была па-свойму дасканалая (з гледзішча аўтакрата), а цяпер УНС – «пятае кола ў возе», якое стварае рызыкі разбалансавання сістэмы ў крызіснай сітуацыі. Лукашэнка пасля выбараў-2020 наўрад ці стане рызыкаваць, лічыць аналітык.

Варыянт з перадачай улады сыну, як у Туркменістане або Азербайджане (у другім дыктатар Гэйдар Аліеў у 2003 годзе перадаў уладу сыну Ільхаму Аліеву) для Лукашэнкі ідэальны, лічыць Класкоўскі, бо сын – «свой чалавек, які не падвядзе». Ды старэйшы сын Віктар Лукашэнка на сёння «абсалютна не раскручаны, у ценю», а любімец, малодшы сын Мікалай Лукашэнка, занадта малады, каб быць прэзідэнтам (прынамсі, паводле дзейнай Канстытуцыі).

«Дадайце ягоную шалёную прагу ўлады, ягоную недаверлівасць… – кажа Класкоўскі пра Лукашэнку. – Я думаю, што ён да апошняй фізічнай магчымасці пастараецца трымаць усю паўнату ўлады ў сваіх руках, таму пойдзе на сумяшчэнне гэтых дзвюх пасадаў».

НАУ, расказаў Брухан, трымае сувязь з некаторымі чыноўнікамі ў Беларусі – і з тымі «на месцах», і ў цэнтральным апараце ўлады. Адчуваецца, што ў рэжыму ёсць «кадравы голад»: на вышэйшыя пасады Лукашэнку цяжка падабраць людзей, якім ён будзе давяраць на 100 %. Магчыма, прафесіяналы і ёсць, але ці ёсць да іх давер? На мясцовым жа ўзроўні проста не хапае спецыялістаў, бо не ўсе хочуць ісці ў чыноўнікі: шмат працы і шмат нагляду з боку сілавікоў.

Гісторыі
Бакіевы-Пятровы-Саліевы. Беларуская праграма абароны дыктатараў: змена асобы без змены полу
2023.11.11 14:07

Цягам 60 дзён пасля выбараў у Палату прадстаўнікоў, запланаваных на 25 лютага, мае адбыцца першы сход УНС пасля зменаў у Канстытуцыю. Класкоўскі не чакае ніякіх сюрпрызаў ад гэтага сходу – так, не верыць у чуткі, што «Масква скіне Лукашэнку», бо Уладзіміру Пуціну проста «не да таго». Ды і раней на выбары ў тую ж Палату прадстаўнікоў хоць бы для выгляду дапускалі апазіцыю, зараз жа выбары будуць «максімальна стэрыльнымі», таму і ад склікання УНС не варта чакаць сюрпрызаў.

На думку Класкоўскага, Лукашэнка ў 2022 годзе пайшоў на змену Канстытуцыі пад ціскам Масквы – Пуцін амаль адкрытым тэкстам казаў, што пасля пратэстаў 2020 года Лукашэнку трэба акуратна і паступова сыходзіць. Але Лукашэнка здушыў пратэсты, а Пуцін распачаў поўнамаштабную вайну ва Украіне – пытанне з зыходам адпала, але працэс з УНС быў запушчаны, цяпер ідзе па інерцыі.

Брухан адзначыў, што цяперашні ўзровень рэпрэсіяў, гвалту і кантролю над грамадствам такі, што можна казаць аб ператварэнні аўтарытарнай сістэмы ў таталітарную. Таму цяжка казаць, калі ў грамадстве адбудуцца змены, трэба чакаць «акна магчымасцяў». Лукашэнка кантралюе сітуацыю, і хоць той УНС як пятае кола, але «чаму не, хай будзе» – раптам пазней прыйдзецца ўсё ж сысці ў першай пасады пад ціскам Масквы.

Агляд
Як паміралі і дзе пахаваныя 20 вядомых дыктатараў ХХ стагоддзя
2023.05.20 09:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў