Лукашэнка перапісаў кадравы рэестр


Сам – нязменны, але перастаўляць чыноўнікаў з пасады на пасаду – ці не адное з улюбёных заняткаў. Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў, а прававы партал – апублікаваў кадравы рэестр Беларусі. Пасля сябе дыктатар размясціў у вертыкалі старшыню так званага Усебеларускага народнага сходу, пасада якога застаецца вакантнаю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Так званы Прэзідэнт – асобна – пад нумарам адзін. Пад нумарам два – спіс вышэйшых дзяржаўных пасадаў, які пачынае старшыня Усебеларускага народнага сходу. За ім – прэм’ер-міністр. Так выглядае ТОП-3 пасадаў, згодна з указам Лукашэнкі № 46 «Аб кадравым рэестры Беларусі». Раней прэмʼер быў другі, а цяпер трэці пасля Лукашэнкі, які можа заняць і фатэль старшыні УНС.

«Пасля зменаў у Канстытуцыю, УНС фактычна набыў статус Канстытуцыйнага органу і з вельмі шырокімі паўнамоцтвамі. Таму гэта цяпер уніфікавана пад новую канстытуцыю, фактычна. Але мы бачым, што гэты орган (Усебеларускі народны сход) нават набывае больш паўнамоцтваў канстытуцыйных, але ўсё адно стаіць пасля прэзідэнта», – кажа намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан.

Згодна са зменамі ў Канстытуцыю, УНС і сапраўды далі больш паўнамоцтваў, чымся Ураду, за які адказвае прэмʼер. Але ўсцяж менш, чым мае прэзідэнт.

«Магчыма, ён будзе імкнуцца захаваць адну пасаду. Магчыма, іншую. А магчыма, будзе на абедзвюх адначасова, – разважае каардынатар кампаніі «Кадравы рэзерв Новай Беларусі» Юрась Губарэвіч.

Далей у спісе – кіраўнікі Савету Рэспублікі, Палаты прадстаўнікоў, Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, Адміністрацыі Лукашэнкі, сілавых структур і ўпраўлення справамі Лукашэнкі. Потым – рэестры кіраўніка дзяржавы, Савету міністраў, усёй вертыкалі дзяржаўных органаў, прадпрыемстваў з дзяржаўнай доляю акцыяў, універсітэтаў і найважнейшых для рэжыму СМІ. Раней гэта былі асобныя рэестры. Цяпер – зʼяднаныя ў адно.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

«Цікавы факт, што раней да кампетэнцыі галавы дзяржавы адносіўся даволі шырокі пералік асобаў, то цяпер гэты спіс – звужаны. Магчыма, гэта адпавядае палажэнням Канстытуцыі. Але таксама гэта можа быць спробаю перастрахоўкі, каб, калі на месца Лукашэнкі прыйдзе іншы чалавек (…), ён не меў такіх шырокіх паўнамоцтваў, якія сёння мае Лукашэнка», – кажа Юрась Губарэвіч.

У Беларусі цяпер адбываецца змена палітычнай сістэмы. У межах гэтага працэсу і паўстаў кадравы рэестр.

«То бок УНС, “недавыбары” ў парламент, прызначэнне ў мясцовыя органы ўлады. Потым будзе сазваны гэты УНС. То бок гэта такая палітычная трансфармацыя сістэмы. Яна адбываецца на нашых вачах».

Але Лукашэнка застаецца верны сваім традыцыям. Не трымае кіраўнікоў доўга на іхных пасадах, каб не ўмацоўваўся аўтарытэт. Перад выбарамі ўзмацняе палітычна слабейшыя рэгіянальныя органы ўлады больш рашучымі людзьмі. Напярэдадні ён пытаўся ў кіраўніка сваёй адміністрацыі:

«У кадравых пытаннях якая ў нас абстаноўка? У нас некалькі вакансіяў».

У здаровай дзяржаўнай сістэме кожнаму кіраўніку мае быць падрыхтаваная замена яшчэ да ягонага звальнення. Юрась Губарэвіч кажа, што пасля падзеяў 2020-га года кадравы голад зʼявіўся не толькі на эканамічным рынку працы, але і на палітычным:

«Гаворачы пра сённяшні кадравы голад, Лукашэнка кажа хутчэй за ўсё не пра нейкія вакантныя незанятыя месцы, як пра тое, што лаўкі запасных асабліва і няма. Браць няма з каго. І адзінае, што можна рабіць, – гэта перамяшчаць па вертыкалі ці па гарызанталі сваіх чыноўнікаў».

Але перш чым дойдзе да атрымання службоўцам новай пасады, кожны кандыдат ці кандыдатка мае прадставіць дзяржаве дэкларацыю аб даходах і маёмасці – сваіх і ўсіх чальцоў сямʼі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»