На тэрыторыі Румыніі знайшлі абломкі расейскага дрона


Міністр абароны Румыніі Анджэл Тылвэр пацвердзіў, што часткі расейскага беспілотніка ўпалі на тэрыторыі краіны пасля таго, як дрон нацэліўся на ўкраінскі порт. Аб гэтым ён сказаў у каментары CNN.

Фота выбуху, імаверна, расейскага беспілотніка на тэрыторыі румынскай вёскі Плаўру на мяжы з Украінай. Крыніца: Oleg Nikolenko / Facebook

Абломкі расейскага беспілотніка знайшлі ў ваколіцах вёскі Плаўру на румынскім беразе Дунаю. Яны не ўяўляюць небяспекі.

«Я пацвярджаю, што ў гэтай мясціне выявілі фрагменты, якія могуць быць часткамі дрона», – заявіў міністр абароны Румыніі.

Паводле словаў Анджэла Тылвэра, у краіне будуць узмоцненыя захады бяспекі:

«Відаць, што за даволі кароткі прамежак часу была серыя нападаў, якія Расея здзейсніла на ўкраінскія парты і склады, таму я лічу важным узмацніць захады бяспекі. У нас будзе больш назіральных пунктаў, больш патрулёў, і пры гэтым нашае абсталяванне, якое тэхнічна можа ахапіць тэрыторыю, працягвае працаваць і заставацца ў стане павышанай увагі».

Раней Міністэрства абароны Румыніі зняпраўджвала інфармацыю, што часткі расейскага беспілотніка ўпалі на румынскай тэрыторыі. А прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёганіс сцвярджаў, што «ні адна частка беспілотніка ці іншыя часткі любой прылады» не дасягнулі межаў краіны.

Нагадаем: у ноч на 4 верасня Расея атакавала партовую інфраструктуру ў Ізмаільскім раёне Адэскай вобласці. Тады Міністэрства замежных справаў Украіны сцвярджала, што расейскія дроны ўпалі і здэтанавалі на тэрыторыі Румыніі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў