Калі на мяжы патрабуюць адмовіцца ад карты паляка, ці законна гэта? Ці можна пярэчыць?


Уладальнікаў карты паляка прымушаюць пры праходжанні беларускай мяжы адмовіцца ад дакументу і адпраўляюць на размову з супрацоўнікамі КДБ, расказалі праваабаронцы «Вясны». «Белсат» спытаў у юрыста і ў Памежнага камітэту, што гэта значыць.

Узор Карты паляка
Узор карты паляка. Выява: gov.pl

Што кажуць у памежным камітэце

Даведка
Карта паляка – пасведчанне, якое ў Польшчы даюць замежнікам польскага паходжання. Дае права на доўгатэрміновую нацыянальную візу, права на працу ў Польшчы, бясплатную адукацыю, зніжкі на транспарт і іншае.

На гарачай лініі Памежнага камітэту Беларусі «Белсату» сказалі, што беларусы з картай паляка абавязаныя паказваць гэтую картку на патрабаванне памежніка. Маўляў, «таму што супрацоўнік» – юрыдычных падставаў не назвалі, але сказалі выконваць усе загады памежніка, бо «абавязаныя паказаць-расказаць».

Працаўніца гарачай лініі запэўніла, што карткі не адбяруць і патрабаваць напісаць адмову ад карткі не могуць, а пры пераходзе мяжы карта паляка не выконвае ніякай ролі.  Калі будуць патрабаваць адмовіцца ад карткі, параіла спытаць, хто гэтага патрабуе (памежнікі ці не памежнікі), і звяртацца ў адпаведную структуру.

Што кажа юрыст

Праваабаронца «Human Rights Impact», юрыст Раман Кісляк кажа «Белсату», што ўлады цалкам маглі даць загад застрашваць уладальнікаў карты паляка і цалкам могуць неўзабаве афіцыйна гэта рэгламентаваць, зрабіць карту паляка незаконнай, бо такая «логіка развіцця рэпрэсіяў». Ён кажа, што дзеянні гэткага кшталту былі і раней: згадвае, як у Берасці яшчэ ў «траваедныя гады» супрацоўнікі КДБ угаворвалі людзей адмовіцца ад выезду на сваёй машыне за мяжу часцей, чым раз на 10 дзён, хоць ніякага нарматыўнага акту не было.

Ды калі да 2021 года можна было рэкамендаваць грамадзянам адстойваць свае правы, то цяпер нельга выключаць, што за адмову выканаць патрабаванне сілавікоў могуць пакараць арыштам – Беларусь ужо «не ёсць прававой дзяржавай». Людзей могуць затрымаць за тое, што яны «лаяліся матам» і «не падпарадкоўваліся законным патрабаванням» – артыкул знойдуць, такая практыка ёсць.

«Я б рэкамендаваў думаць мякчэй, больш гнутка, неяк хаваць дакумент, – кажа Кісляк. – Я разумею, што пра гэта, відаць, ёсць пазнака ў візе і беларускія памежнікі навучыліся гэта ідэнтыфікаваць. Але трэба неяк абыходзіць гэта».

Патрабаванне адмовіцца ад карты паляка незаконнае настолькі ж, наколькі незаконны «добраахвотна-прымусовы» збор грошай, шырока распаўсюджаны ў Беларусі, кажа юрыст. Можна спрабаваць гэта абскарджваць, але трэба ўзважваць рызыкі рэпрэсіяў.

Разбор
Польшча спрасціла выдачу беларусам падарожнага дакументу. Што гэта такое і каму ён патрэбны
2023.07.06 19:32

Аліна Скрабунова, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў