ЗСУ пацвердзілі, што ўпершыню збілі над Кіевам расейскі «Кінжал»


Камандуючы паветранымі сіламі Украіны Мікалай Алешчук 6 траўня пацвердзіў інфармацыю аб збітай над Кіевам расейскай гіпергукавой ракеце «Кінжал», якая лічыцца неперахапляльнай. Раней афіцыйны Кіеў адмаўляў гэтую інфармацыю.

«Віншуем украінскі народ з гістарычнай падзеяй! Так, мы збілі »непараўнаны« Кінжал! Гэта адбылося падчас начнога абстрэлу 4 траўня ў небе Кіеўскай вобласці. Ракета Х-47 была запушчана з МІГ-31К з тэрыторыі Расеі», – распавёў Мікалай Алешчук.

Ён патлумачыў замоўчванне гэтай інфармацыі тым, што ёй мог скарыстацца вораг.

Раней выданне «Defense Express», прааналізаваўшы фота абломкаў ракеты, выказала меркаванне, што ў ноч на 4 траўнянад Кіевам упершыню паспяхова збілі «гіпергукавой» Х-47 «Кінжал». Таксама выданне з уласных крыніц атрымала фота абломкаў збітай ракеты – у прыватнасці, насавога абцякальніка са слядамі паражэння.

Збітая над Кіевам ракета «Кінжал». Крыніца: defence-ua.com

У Паветраных сілах ЗСУ спачатку не каментавалі гэтае паведамленне, а пазней спікер Паветраных сілаў ЗСУ Юры Ігнат заявіў, што ў небе над Кіевам 4 траўня не было зафіксавана балістычных ракет. Цяпер інфармацыю пра збіццё пацвердзілі афіцыйна.

Раней інфармацыю пра збіццё ракеты пацвердзілі «Белсату» крыніцы з асяроддзя беларускіх вайскоўцаў. Мяркуецца, што ракету перахапілі з дапамогаю ЗРК Patriot. Аскепкі ўпалі на спартовы стадыён Кіева.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў