Валер Кавалеўскі: Роля беларускай дыяспары будзе вызначальная для поспеху пашпарта Новай Беларусі


Ужо да канца сакавіка 2024 года будуць надрукаваныя першыя асобнікі пашпарта Новай Беларусі і распачнецца кампанія для яго фармальнага прызнання, апавёў у эфіры «Студыі «Белсат» Валер Кавалеўскі, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах, намеснік Святланы Ціханоўскай.

Валер Кавалеўскі
Прадстаўнік у замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі выступае перад прадстаўнікамі медыяў пасля паседжання Аб’яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Друкаваць першыя асобнікі пашпартоў Новай Беларусі будуць у Вільні – прыкладна праз месяц там мусяць з’явіцца матэрыялы для вырабу дакументу, паведаміў Валер Кавалеўскі. На сам друк пойдзе каля трох тыдняў. Вялікая ўвага будзе нададзеная элементам бяспекі, якіх будзе вельмі шмат. І толькі пасля вырабу першага накладу пашпартоў пачнуцца прадметныя перамовы з урадамі іншых краінаў наконт прызнання дакументу.

Адначасова будзе стварацца орган выдачы, які таксама павінен адпавядаць высокім стандартам, кажа прадстаўнік АПК:

«Тут вельмі шмат звязана з пытаннямі бяспекі, прававой адказнасці, захавання звестак і гэтак далей. Трэба зрабіць яшчэ вельмі грунтоўную працу, каб упэўніцца, што ўвесь гэты праект, кожны яго пункт адпавядае стандартам,што краіны. І калі яны будуць аналізаваць усю гэтую нашую аперацыю, будуць у гэтым упэўнівацца».

Замоўленых матэрыялаў, паводле намесніка Святланы Ціханоўскай, павінна хапіць на прыкладна 30 тысячаў пашпартоў. Аднак адразу пасля друку выдаваць іх яшчэ не будуць – для гэтага патрэбнае прызнанне іншых краінаў.

«Толькі калі ў нас будуць першыя прызнанні, мы зможам пачаць прымаць заяўкі ад людзей, апрацоўваць і верыфікаваць, – адзначае Валер Кавалеўскі. – І тут для нас вельмі важна, каб беларуская супольнасць за мяжою далучаліся да гэтага працэсу. Гэтыя дзеянні мы яшчэ будзем дадаткова распрацоўваць і звязвацца з беларусамі ў розных краінах свету».

Паводле прадстаўніка АПК, у Еўрапейскай камісіі сёння няма ніводнага чыноўніка, які не ведае пра беларускі пашпартны праект.

«Пра яго ведае і Урзуля фон дэр Ляен – прэзідэнтка Еўракамісіі, і Шарль Мішэль – прэзідэнт Еўрапейскай Рады, і Жузэп Бурэль, і іншыя чыноўнікі, якія маюць дачыненне да такіх рашэнняў. То бок праца над прызнаннем ужо ідзе, хоць не было фармальнага запыту аб прызнанні, – зазначае спадар Валер. – Але цяпер для нас важна інфармаваць, распавядаць пра сутнасць гэтага праекту, збіраць зваротную рэакцыю, шукаць адказы на розныя новыя пытанні, дзе гэтых адказаў не было раней. Я думаю, праца, зроблена за гэты год, уяўляе сабою неблагі падмурак, каб працаваць над фармальным прызнаннем гэтага дакументу».

Аналітыка
Пашпарт Новай Беларусі: чаму першыя ў чарзе – беларусы з легалізацыяй, і што рабіць тым, хто яе не мае?
2024.02.01 09:38

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету заклікае беларусаў, якія «жывуць у розных краінах і ёсць легальнымі рэзідэнтамі, падаткаплатнікамі», таксама звяртацца да мясцовых урадаў праз сродкі масавай інфармацыі, сваіх прадстаўнікоў у парламенце, экспертную супольнасць, «каб яны казалі пра важнасць праекту пашпарта Новай Беларусі, што дзеянні рэжыму Лукашэнкі супраць беларускай дыяспары абмяжоўваюць нашыя правы і свабоды, што нам крытычна важна мець гэты дакумент, які пацвярджае прыналежнасць беларусаў да адной супольнасці».

Пашпарт Новай Беларусі – гэта ўмацаванне нашай суб’ектнасці як нацыі, дзе б мы ні былі, перакананы Валер Кавалеўскі:

«Беларускі народ існуе тады, калі ёсць агульныя сімвалы, мова, але ёсць і такія практычныя інструменты, як беларускі пашпарт. Таму роля беларускай супольнасці за мяжой у розных краінах будзе цэнтральнай і вызначальнай для поспеху гэтага праекту».

Hавiны
Аб’яднаны пераходны кабінет: усе абвесткі пра збор заявак на пашпарт Новай Беларусі – фэйкі
2024.02.01 14:05

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў