Заплаці падаткі... Каму, калі і за што трэба падаваць падатковую дэкларацыю ў 2024 годзе


Да 31 сакавіка шмат каму з беларусаў трэба даць справаздачу пра даходы і заплаціць падаткі. Каму і якія звесткі трэба падаваць у падатковую і як гэта зрабіць правільна?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pravo.by

Хто мусіць падаць дэкларацыю?

Усе грамадзяне Беларусі, а таксама асобы з ВНЖ, якія былі ў краіне ў 2023 годзе больш за 183 дні і атрымалі абазначаныя ў адпаведных артыкулах Падатковага кодэксу даходы, абавязаны не пазней за 31 сакавіка 2024 года падаць у адпаведнае тэрытарыяльнае падраздзяленне МПЗ падатковую дэкларацыю аб падаходным падатку.

Важная навіна: падаваць дэкларацыю трэба не толькі тым, хто быў у Беларусі ў 2023 годзе больш за 183 дні. Калі фізічная асоба ў 2023-м не пражыла ні ў адной краіне свету 183 дні, у тым ліку Беларусі, то, згодна з заканадаўствам, яна прызнаецца падатковым рэзідэнтам нашай краіны, калі ёсць грамадзянінам Беларусі. Гэта датычыць тых, хто перабывае ў той ці іншай краіне некалькі месяцаў, працуе дыстанцыйна па ўсім свеце. Як тлумачаць у МПЗ, гэтыя асобы, застаючыся грамадзянамі Беларусі, таксама мусяць падаць падатковыя дэкларацыі і даць справаздачу пра свае даходы, атрыманыя з-за мяжы.

Выплаціць падаходны падатак неабходна не пазней за 3 чэрвеня 2024 года.

Якія прыбыткі трэба дэклараваць?

Іх шмат. Пералічым асноўныя:

  • прыбытак ад продажу нерухомасці (другой і наступных, калі ад продажу першай нерухомасці не мінула пяці гадоў);
  • прыбытак ад продажу транспартавых сродкаў (другога і больш легкавога аўтамабіля, матацыкла, аўтобуса ці грузавога аўтамабіля) на працягу года;
  • прыбыткі, атрыманыя з-за мяжы або за мяжою (заробкі, даход ад прадпрымальніцкай дзейнасці, продажу маёмасці, акцыяў, доляў у статутных фондах, арэнды, адсоткі па дэпазітах, дывідэнды, страхоўкі, выйгрышы ў замежных казіно, у тым ліку онлайн-казіно);
  • прыбытак ад манетызацыі каналаў на розных інтэрнэт-платформах (YouTube, Instagram, Telegram, TikTok і іншых);
  • спонсарскую дапамогу, памер якой перавышае Br 18 660;
  • падарункі ад фізічных асобаў у грашовай або натуральнай форме ў суме больш за Br 9338 ад усіх крыніцаў за год.

Выключэнне складаюць даходы, атрыманыя фізічнай асобай ад блізкіх сваякоў. Такія даходы не прызнаюцца аб’ектам падаткаабкладання падаходным падаткам незалежна ад атрыманага памеру. Да асобаў блізкага сваяцтва адносяцца бацькі (у тым ліку прыёмныя), дзеці (у тым ліку прыёмныя), родныя браты і сёстры, дзед, бабка, унукі, прадзед, прабабка, праўнукі, муж і жонка. Таксама сюды ўваходзяць блізкія сваякі сужэнца, у тым ліку памерлых.

Цяпер Міністэрства падаткаў і збораў узмацніла ўвагу да заробкаў беларусаў у інтэрнэце. Дэкларацыю мусфць падаваць нават тыя, хто выйграў у онлайн-казіно, а таксама фрылансеры. Звярнулі ўвагу падаткавікі і на беларускіх блогераў.

Падаткавікі ўжо выяўляюць парушальнікаў у сферы майнінгу і абароту крыптавалютаў, а таксама прывялі прыклады парушэнняў, якія здзяйсняюць блогеры. Напрыклад, адзін з беларусаў, які працуе як ІП, указаў свае даходы ў Расеі і вымушаны быў даплаціць каля Br 200 тысячаў падатку. Яшчэ адзін блогер, які працаваў як фізічная асоба, не падаў дэкларацыі аб даходах. Яму давялося заплаціць Br 53 тысячы падатку і пені.

Які памер штрафу за не падачу дэкларацыі?

Калі вы не падалі дэкларацыі ў падатковы орган ва ўстаноўлены тэрмін, спаганяецца штраф да 10 базавых велічыняў (Br 400).

Калі падалі, але суму падаходнага падатку не выплацілі або не выплацілі ў поўным абʼёме – 15 % нявыплачанай сумы падатку, але не менш як 0,5 базавай велічыні (Br 20). Але калі нявыплата або няпоўная выплата сумы падатку ўчыненая наўмысна, то налічваецца штраф 40 % нявыплачанай сумы падатку, але не менш як 10 базавых велічыняў (Br 400).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аляксандр Побат / 1prof.by

Акрамя штрафаў, ёсць яшчэ і пені: за кожны каляндарны дзень пратэрмінавання налічваюць пеню, памер якой вызначаецца ў адсотках ад нявыкананага падатковага абавязку з улікам адсоткавай стаўкі, роўнай 1/360 стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банку (сёння – 9,5 %) на дзень невыканання падатковага абавязку.

Як правільна падаць дэкларацыю?

Падатковая дэкларацыя аб падаходным падатку падаецца ва ўстаноўленай форме, якую можна знайсці на сайце МПЗ. Зрабіць гэта можна некалькімі спосабамі.

Можна падаць дэкларацыю ў папяровым выглядзе асабіста ў аддзяленні МПЗ. Ці адправіць падатковую дэкларацыю за 2023 год поштаю ці праз прадстаўніка. А можна скарыстацца спецыялізаванай онлайн-платформаю. Даць справаздачу аб даходах можна праз асабісты кабінет, даступная таксама мабільная праграма«MNS Mobile».

Які памер падатку?

Памер падаходнага падатку складае 13 %.

Калі падатак не трэба плаціць?

Калі нерухомасць ці іншую маёмасць вы атрымалі ў спадчыну, то гэтыя даходы вызваляюцца ад падаходнага падатку.

Калі вы на працягу апошніх пяці гадоў атрымалі даход ад продажу аднаго наймення абʼекту нерухомасці, напрыклад, у 2019 годзе – адной кватэры, а ў 2023-м – аднаго жылога дому, то вызваляецеся ад падавання дэкларацыі і аплаты падаходнага падатку.

Таксама не прызнаюцца абʼектам падаткаабкладання, незалежна ад атрыманага памеру, падарункі, якія вам рабілі блізкія сваякі. Да такіх адносяцца бацькі і дзеці (у тым ліку прыёмныя), родныя браты і сёстры, дзядулі і бабулі, унукі, прадзед, прабабка, праўнукі, муж і жонка.

Не спаганяюць падатак з падарункаў, атрыманых ад сваякоў (блізкіх сваякоў мужа, у тым ліку памерлага або абʼяўленага такім), а таксама ад апекуна, апекуна і падапечнага.

Атрымаць маёмасныя падатковыя вылікі ў 2024 годзе могуць таксама тыя, хто набыў або пабудаваў жытло. Але толькі тыя, хто стаяў на ўліку асобаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Калі вы пацвердзіце дакументальна выдаткі на куплю той ці іншай маёмасці, то таксама можаце зменшыць суму падатку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by

Стандартны падатковы вылік атрымліваюць тыя, у каго ёсць дзеці да 18 гадоў, навучэнцы і студэнты дзённага аддзялення ці іншыя ўтрыманцы, асобныя катэгорыі фізічных асобаў.

Сацыяльны падатковы вылік прадугледжаны і тым, хто плаціць за навучанне (сваё, дзяцей, іншых блізкіх сваякоў), ёсць таксама маёмасныя і прафесійныя падатковыя вылікі.

Важна ведаць, што пры падачы падатковай дэкларацыі выключна дзеля атрымання падатковых вылікаў тэрмін падання не абмежаваны 31 сакавіка 2024 года.

Даведка. У 2023 годзе беларусы падалі 40 тысяч дэкларацыяў. Каля 2,5 тысячы грамадзян нясвоечасова падалі дэкларацыі. Пасля правяранняў парушальнікі даплацілі іх, частка з іх атрымала штрафы.

Падатковыя ільготы хутка адменяць максімальна

У лютым кіраўнік ураду Раман Галоўчанка заявіў, што шмат якія падатковыя ільготы ў краіне мусяць быць адмененыя найбліжэйшым часам. Як адзначыў прэмʼер, трэба перагледзець ільготны пералік на прадмет эфектыўнасці, пры гэтым адмяняць прэферэнцыі максімальна.

Галоўчанка нагадаў падаткавікам, што шляхам адмены фінансавых паслабленняў можна больш эфектыўна папаўняць рэспубліканскі бюджэт.

Пры гэтым з 1 студзеня 2024 года шэраг падатковых ільготаў для ІП і прадпрыемстваў, якія працуюць на тэрыторыі сельскай мясцовасці, вярнулі. Такія бізнесоўцы могуць атрымліваць зніжку  50 % падатку на прыбытак ад рэалізацыі прадуктаў ці паслуг і падаходнага падатку з фізічных асобаў.

Таксама ільготы прадугледжаныя і юрыдычным асобам. Яны змогуць не плаціць падаткаў на нерухомую маёмасць, зямельны або з арэнды за зямельныя ўчасткі ў дзяржаўнай уласнасці.

Таксама прадугледжваюць увядзенне спецтарыфу на электрычнасць для гандлёвых абʼектаў і будынкаў грамадскага харчавання ў сельскай мясцовасці.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў