Беларусь жыве? Як паміраюць рэгіёны і што хвалюе беларусаў


Вайна ва Украіне пасунула шмат якія тэмы і праблемы на дальні план. У ценю аказаліся і беларускія рэгіёны – з іх праблемамі і патрэбамі. Каб выправіць сітуацыю, даследчыкі Цэнтру новых ідэяў Антон Раднянкоў і Міхаіл Мацкевіч правялі даследаванне, каб зразумець, што сёння хвалюе беларусаў.

Помнік Леніну ў цэнтры Крупак.
Фота: Белсат

Крыху пра метадалогію: як ладзілася даследаванне

На першым этапе даследчыкі правялі шэраг інтэрвʼю з экспертамі ў сферы рэгіянальнага развіцця, каб выявіць праблемы, з якімі сутыкаюцца жыхары беларускіх рэгіёнаў. Атрыманыя звесткі былі затым адпрацаваныя ў фокус-групе з актывістамі з розных рэгіёнаў краіны. У выніку гэтай працы быў складзены канчатковы спіс пытанняў для масавага анкетавання, якое было праведзенае ў партнёрстве з ініцыятывай «Народнае апытанне» ў снежні 2022 года. Апытанне ладзілася сярод пратэснай аўдыторыі праз Viber-бот. Пасля апрацоўвання было атрымана 1775 адказаў, якія і выкарыстоўваліся для аналізу (25 % апытаных – з Менску, астатнія – з розных рэгіёнаў Беларусі).

Падчас прэзентацыі вынікаў сваёй працы эксперты адзначылі: аўдыторыя даследавання больш палітызаваная і ёсць актыўнай часткай насельніцтва, яна не можа рэпрэзентаваць усяго грамадства агулам. Тым не менш, праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў краіне, падобныя для ўсіх, незалежна ад іхных палітычных поглядаў.

Агульная сітуацыя ў рэгіёнах: правал дзяржаўнай палітыкі і дэмаграфічны крызіс

На фоне правалу рэгіянальнай палітыкі апошнія дзесяцігоддзі адбываюцца заўважныя дэмаграфічныя змены. Ва ўсіх абласных цэнтрах (за выключэннем Магілёва) адбыўся рост насельніцтва, і гэта пры памяншэнні агульнай колькасці жыхароў Беларусі амаль на 650 тыс. чалавек. Беларусы імкнуцца жыць у гарадах, дзе вышэйшая якасць жыцця, прасцей знайсці працу.

Кошты на прадукты харчавання, тавары і паслугі падаюцца высокімі для большасці апытаных беларусаў. Скрын з прэзентацыі вынікаў даследавання «Што хвалюе беларусаў? Якія праблемы і цяжкасці зараз перажываюць рэгіёны». Крыніца: https://newbelarus.vision/

У той жа час станоўчая дэмаграфічная дынаміка адсутнічае ва ўсіх без выключэння вобласцях. Нават Менская вобласць зменшылася ў колькасці людзей, і гэта нягледзячы на ўрбанізацыю Менскага раёну – беларусы шукаюць лепшай долі ў сталіцы альбо едуць далей.

Якія праблемы хвалююць беларусаў

Эксперты кажуць пра рост разрыву паміж Менскам і рэгіёнамі, што выразна выяўляецца ў праблемах, якія адзначаюць беларусы ў залежнасці ад месца жыхарства. Так, галоўная рэгіянальная складанасць – адсутнасць добрай працы – не ўвайшла нават у дзясятку праблемаў жыхароў Менску. Нізкія заробкі – на восьмым месцы праблемаў менчукоў, а эміграцыя і пагроза мабілізацыі наадварот моцна турбуюць Менск, але нашмат менш водгуку знаходзяць за яго межамі.

Эканамічны заняпад вядзе да зніжэння эканамічных стандартаў. Скрын з прэзентацыі вынікаў даследавання «Што хвалюе беларусаў? Якія праблемы і цяжкасці зараз перажываюць рэгіёны». Крыніца: https://newbelarus.vision/
Атрымаць якаснае медычнае абслугоўванне ў рэгіёнах дастаткова складана, і гэта хвалюе беларусаў. Скрын з прэзентацыі вынікаў даследавання «Што хвалюе беларусаў? Якія праблемы і цяжкасці зараз перажываюць рэгіёны». Крыніца: https://newbelarus.vision/

Вастрыня эканамічных цяжкасцяў у рэгіёнах была прыкметная і ў ранейшым апытанні, якое праводзілі даследчыкі ў 2021 годзе, але тройка асноўных праблемаў тады была аднолькавая для ўсіх. Цяпер гэты падзел відавочны: у менчукоў пераважаюць палітычныя выклікі – такія, як адсутнасць даверу да міліцыі і ўладаў, у той час як у рэгіёнах дамінуюць сацыяльна-эканамічныя праблемы.

Палітыка: ад дзяржавы чакаюць толькі праблемаў

У параўнанні з 2021 годам палітычная сітуацыя ў Беларусі не стала спакайнейшай, рэпрэсіі не спыняюцца, вайна дадала хваляванняў у жыцці беларусаў. Як сведчыць апытанне, давер да мясцовых уладаў застаецца на нізкім узроўні.

Розніца паміж сталіцай і рэгіёнамі нязначная, падобнае стаўленне грамадзянаў да гэтага пытання было і раней, да падзеяў 2020 года. Так, у даследаванні SYMPA ў 2018 годзе менавіта мясцовыя органы ўлады занялі першае месца ў рэйтынгу недаверу насельніцтва пры параўнанні з галіновымі ведамствамі і міністэрствамі, парламентам, царквой, прэзідэнтам, войскам, грамадскімі арганізацыямі.

Адрозненні ў даверы да міліцыі больш заўважныя: 71 % менчукоў супраць 31 % жыхароў вёсак і аграгарадкоў адзначылі гэтую праблему як тую, што хвалюе, а таксама 45 % у раённых гарадах і 48 % у абласных цэнтрах. Прычынай такой рознасці ў ацэнках эксперты называюць тое, што рэпрэсіі ў першую чаргу былі адчувальныя ў сталіцы і ў меншай ступені – у малых гарадах і сельскай мясцовасці.

Рэспандэнты таксама адзначылі нізкія магчымасці абараніць свае інтарэсы ў тым ці іншым дзяржаўным органе. Міліцыя, суд, ваенкамат успрымаюцца рэспандэнтамі як органы, дзе практычна немагчыма абараніць свае правы.

Пагроза мабілізацыі турбуе толькі Менск і абласныя цэнтры, але за навінамі аб вайне сочыць большасць апытаных. То бок тэма вайны і магчымага ўдзелу беларусаў у ёй прыцягвае ўвагу беларусаў, але не называецца прыярытэтнай праблемай.

Рэгіёны пакутуюць ад адсутнасці добрай працы

Праблема адсутнасці добрай працы хвалюе малую частку жыхароў сталіцы (13 %) і вельмі актуальная для ўсёй астатняй Беларусі, – у рэгіёнах гэты паказчык 53 %, у абласных цэнтрах 43 %. 8 з 10 апытаных з райцэнтраў упэўнены, што ў іхным горадзе няма добрых вакансіяў. У Менску такой думкі прытрымліваецца палова. Як вынік: па-за межамі сталіцы кожны чацвёрты апытаны ездзіць на працу ў іншы горад. Менск і бліжэйшыя гарады ўсё больш прыцягваюць працоўныя масы, умацоўваючы цэнтралізацыю.

Крызіс на рынку працы таксама выяўляецца ў нізкіх заробках на існых вакансіях. Больш за ўсё гэта турбуе рэспандэнтаў з абласных цэнтраў, але таксама ўваходзіць у тройку асноўных праблемаў рэгіёнаў.

Гісторыі
Падслуханае. Дыялогі пра вайну
2023.02.25 10:00

У такой сітуацыі рост коштаў на прадукты, тавары і паслугі ўспрымаецца яшчэ больш балюча. Высокія кошты адзначыла большасць апытаных, гэта аднолькава моцна хвалюе і жыхароў сталіцы, і рэгіёнаў.

Уведзеныя санкцыі прыкметна скарацілі асартымент на паліцах. Цяпер тавары сталі не проста даражэйшымі, яшчэ і выбар паменшаў. Большасць апытаных (каля 65 %) лічыць, што выбар тавараў і паслуг, якія яны могуць цяпер набыць у сваім населеным пункце, недастатковы. Таксама каля 85 % мяркуюць, што асартымент даступных тавараў і паслуг стаў горш. Найперш так лічаць рэспандэнты з Менску (амаль 95 %), у рэгіёнах так думаюць 84 % апытаных.

Праблема з асартыментам не фіксавалася ў апытанні ў канцы 2021 года. Цяпер відавочны эфект санкцый, у тым ліку тых, што былі ўведзеныя пасля пачатку вайны ва Украіне.

Жыццё: пагаршэнне медычнага абслугоўвання, немагчымаць выехаць з Беларусі

Найбольш вострай сацыяльнай праблемай для рэгіёнаў застаецца падзенне якасці медычных паслуг. Чым меншы населены пункт, тым цяжэй там заставацца здаровым. Атрымаць якаснае медычнае абслугоўванне ў рэгіёнах вельмі складана. Ужо на ўзроўні абласных цэнтраў колькасць рэспандэнтаў, якіх хвалюе гэтая праблема, памяншаецца ў два разы.

Адмысловая праблема з месцамі для адпачынку: у рэгіёнах няма дзе бавіць вольны час. Гэта адзначыў кожны чацвёрты апытаны. Больш за ўсё не хапае: забаўляльных імпрэзаў, даступных кафэ або рэстаранаў, спартовых абʼектаў, канцэртаў замежных выканаўцаў, тэатраў. Шмат хто кажа пра тое, што тыя ці іншыя пляцоўкі былі закрытыя пасля 2020 года.

Топ-пяць праблем, якія хвалююць беларусаў. Скрын з прэзентацыі вынікаў даследавання «Што хвалюе беларусаў? Якія праблемы і цяжкасці зараз перажываюць рэгіёны». Крыніца: https://newbelarus.vision/

Яшчэ больш складана беларусам выехаць за межы краіны. Віза ёсць толькі ў кожнага дзясятага, і яе атрыманне ўспрымаецца як складаная задача. Турыстамі летась змаглі стаць толькі 17 % менчукоў і 11 % жыхароў рэгіёнаў. Сем з дзесяці чалавек нікуды не выязджалі з Беларусі ў 2022 годзе (72 % апытаных).

Пры гэтым пераважная большасць (82 %) апытаных хацела б выязджаць у іншыя краіны часцей. Беларусы хацелі б захаваць такую магчымасць, нягледзячы на ўзмацненне ізаляцыі краіны. Так, на пытанне «Наколькі вам патрэбна віза, зыходзячы з вашага ладу жыцця і планаў?» варыянт адказу «віза неабходная» выбрала 35 % апытаных, а 54 % адзначылі, што «добра было б мець візу, але неабходнасці няма».

Эмацыйны стан: трывога, дэпрэсія і адсутнасць планаў

Такі кантэкст стварае цяжкі эмацыйны стан грамадства. Даследчыкі адзначаюць: сярод апытаных пераважаюць пачуцці трывогі, абурэння, часта раздражнення і гневу. Увага пратэсных беларусаў прыкутая да навінаў пра вайну і магчымую мабілізацыю, арышты і зводкі з жыцця палітвязняў. Навіны пра санкцыі ці дэмакратычныя сілы выклікаюць усё менш цікавасці.

Скрын з прэзентацыі вынікаў даследавання “Што хвалюе беларусаў? Якія праблемы і цяжкасці зараз перажываюць рэгіёны”. Крыніца: https://newbelarus.vision/

Апытаныя прызнаюцца, што тое, што адбываецца, – экстраардынарна, да гэтага складана прывыкнуць. Планаванне будучыні скарацілася да некалькіх тыдняў. Большасць апытаных не плануе свайго жыцця нават на некалькі месяцаў, а тым больш на год. Такіх 21 % і 9 % адпаведна. Акрамя таго, каля чвэрці ўсіх рэспандэнтаў не будуе планаў зусім.

Больш за 85 % упэўненыя, што грамадства застаецца ў стане дэпрэсіі і прыгнечанасці.

СП belsat.eu

Стужка навінаў