Падслуханае. Дыялогі пра вайну


Мінуў год з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Ён быў поўным страху, болю, адчаю, але разам з тым і надзеі. Паслухалі, што пра гэты год кажуць беларусы ў Беларусі.

«У маім шпіталі насамрэч усе ціха ненавідзяць Расею»

Праект «Падслухана». Калаж: Белсат

Гарадскі парк. Беспрасветнае хмарнае неба навісла над горадам і вымушае мінакоў утаропліваць вочы ў асфальт. Бясснежнае надвор’е хутчэй нагадвае раннюю вясну, сухое лісце па подыху ветру час ад часу вальсуе ў паветры. Мужчына за 50 выгульвае спаніеля і строгім голасам спрабуе яго дрэсураваць. «Чарлі, сядзець! Сядзець, я каму кажу!» Па сцежках прагульваюцца жанчыны з вазкамі, на лавах сядзяць і размаўляюць людзі.

***

– Хутка 23 лютага, вас на працы віншуюць з гэтым днём?

– Так, па старой традыцыі жанчыны віншуюць. Але апошні раз гэты дзень вельмі запомніўся, бо на наступны пачалася вайна. Прайшла рыса: было жыццё «да» і «пасля». Я за гэты год не сустрэў ніводнага чалавека, які адкрыта і шчыра падтрымоўваў бы агрэсію Расеі. А ў маім шпіталі насамрэч усе ціха ненавідзяць Расею.

– І вы таксама?

– У мяне змянілася стаўленне не да людзей, але да расейскай культуры. Не слухаю і не гляджу цяпер нічога расейскага, не магу. Вядома, можна запытаць, у чым вінаватыя Пушкін, Талсты, якія жылі і займаліся творчасцю ў зусім іншы час. Але падсвядома ёсць разуменне, што яны носьбіты «русского мира», той краіны, якая цяпер забівае ні ў чым не вінаватых людзей. Забойцы выраслі на гэтых творах.

– А вы верылі наогул, што вайна пачнецца?

– У такое верылася цяжка. Але мы працягвалі працу, нейкай дэпрэсіі, якая ўплывае на твой працоўны стан, дактары сабе дазволіць не могуць. Тым больш я працую з дзецьмі. Проста сачыў за навінамі. Памятаю, калі расейцы захапілі ЧАЭС і Запарожскую АЭС, да мяне пачалі звяртацца па парады, ці варта прымаць ёд. Я тады заўважыў, што ў аптэках нават спіртовых настоек ёду не было – людзі расхапілі. А цяпер вайна ідзе фонам, ніхто нічога ўжо не абмяркоўвае, усе прывыклі. Я асабіста спадзяюся, што Беларусь усё ж не ўлезе ў гэтую вайну.

– А вы ваеннаабавязаны?

– Так, я старлей, афіцэр медычнай службы. Таму мяне абавязкова мабілізуюць пры нагодзе, але маёй зброяй будзе не аўтамат, а скальпель.

– Не думалі з’ехаць?

– Ёсць яшчэ тут справы. Ды і Беларусь не заслугоўвае таго, каб адсюль вось так усе паўцякалі. Але ўсё некалі павінна скончыцца, і вайна скончыцца.

***

– Заўважылі, што з крамаў пазнікалі ўкраінскія тавары?

– О так, я раней набываў украінскі алей для салатаў, халву, рашэнаўскія слодычы, сокі мне падабаліся. Але ў мяне ўсё больш выспявае неразуменне да нашых заходніх суседзяў – вось зачыняюць яны межы, немагчыма ўжо два гады атрымаць візу, каму яны ад гэтага робяць горш? Пакутуюць простыя людзі.

***

– Такое зацішша ў нас цяпер. І так яшчэ можа быць доўга… Ведаеш, калі б ты мне 23 лютага мінулага года сказаў, што расейцы будуць бамбіць Харкаў, я б з табой пасварыўся, сказаў, што ты дурань. Хаця вайна ўжо ідзе 10 гадоў насамрэч. А тое і ўсе 500, з моманту перашага нападу Масковіі на ВКЛ. Але ўсё ў нас будзе добра. Трэба спадзявацца. Нічога расейцы з намі не змогуць зрабіць. Ужо столькі гадоў нас спрабуюць знішчыць, а мы ёсць.

«Вайна стала звычкай, як і сітуацыя пасля падзеяў 2020 года ў Беларусі, калі цябе ўжо нічога не здзіўляе і асабліва не кранае»

Праект «Падслухана». Калаж: Белсат

Кавярня. Прыглушанае святло расцякаецца паміж столікаў, над якімі танцуюць, пагрукваючы па талерках, нажы і відэльцы ў руках позніх наведнікаў. Паветра рассякае лёгкая музыка, гук кава-машыны і ціхія размовы.

***

– Я, шчыра кажучы, з вялікаю трывогай чакаю 24 лютага. Гадавіна вайны. Было зацішша, але што далей будзе?

– А сэнс загадзя панікаваць? Гэта толькі знішчаць сябе і сваю псіхіку.

– Калі пачалася вайна, у мяне быў такі жудасны стрэс, пэўна, нават большы, чым падчас падзеяў 2020 года, і ад яго было пасля цяжка адысці. Было вельмі страшна.

– Першыя тыдні вайны я проста заліпала ў тэлефоне, у навінах, нічога наогул не магла рабіць.

– Я таксама. Пасля, калі вайна стала зацягвацца, мяне пачало паступова адпускаць. Яна стала звычкай, як і сітуацыя пасля 2020 года ў Беларусі, калі цябе ўжо нічога не здзіўляе і асабліва не кранае. Нешта страшнае адбываецца – ты проста прымаеш гэта да ведама, бо прывык жыць у такой страшнай рэчаіснасці. Пасля лета я наогул стараюся менш у гэта паглыбляцца.

– Твой жа муж афіцэр запасу. Не думалі з’язджаць?

– Калі хадзілі пастаянныя чуткі пра мабілізацыю ў Беларусі і закрыццё межаў, мы, вядома, хваляваліся. Гэтыя чуткі столькі разоў зняпраўджваліся. Але інстынкт самазахавання спрацоўвае, і першае, пра што ты думаеш, – валіць, пакуль гэта ўсё не здарылася. Кожны раз, калі з’яўляецца інфармацыя пра мабілізацыю, уступленне беларускіх войскаў у вайну, ты пастаянна стрэсуеш і думаеш: што рабіць, з’язджаць ці заставацца? Аднойчы муж так стрэсануў, што сказаў: мы з’язджаем, я ўжо даведаўся кошты арэнды кватэраў у іншай краіне. На той момант я была спакойнай і сказала: едзь, але без мяне і дзяцей. Муж супакоіўся і перадумаў.

***

Праект «Падслухана». Калаж: Белсат

– Калі вайна толькі пачалася, было столькі размоваў пра гэта. Калегі-настаўнікі збольшага абураліся, выказваліся супраць агрэсіі Расеі. Хтосьці абмяркоўваў, хтосьці маўчаў, баючыся лішняе слова сказаць. Але цяпер усе размовы сціхлі.

– Але вайна ўсё роўна адчуваецца. На адныя кошты ў крамах зірні.

– Так, вельмі падаражалі харчы, гэта нейкія касмічныя кошты. На тыдзень на мінімальны набор харчоў, хлеб-малако, сям’і з 4 чалавек трэба мінімум 100 руб. На сабе асабліва адчула, што знікае касметыка. Я не змагла набыць сабе любімы крэм, якім карысталася. Мне сказалі, што такога больш не будзе. Я пайшла шукаць іншы – а выбар вельмі бедны.

***

– Мне часам бывае так няёмка посціць у сацсетках штосьці з асабістага жыцця з-за вайны. З іншага боку, жыць увесь час чужой бядой вельмі самазнішчальна. Каб абараніць сваю псіхіку, рана ці позна ты пачынаеш жыць звычайным жыццём.

– А я наогул стала больш асцярожнай у інтэрнэце. Калі чытаю ў сацсетках сваіх сяброў, кожны раз ацэньваю пост, ці няма там якога закліку, забароненай карцінкі, спасылкі. Гэта што, нармальна пазбаўляцца жыцця, сядзець за кратамі за лайк ці каментар? Раз я засталася ў Беларусі, дзе такое магчыма, значыць, мушу быць больш асцярожнай. Калі я хачу лайкаць і каментаваць што заўгодна, то мне трэба з’язджаць. А я не хачу. Гэта мая зямля, мая краіна, чаму я павінна адсюль з’язджаць?

– Зараз межы закрываюцца, то можа ўжо і не зможаш.

– Палякі і літоўцы дбаюць пра інтарэсы сваіх народаў. Чаму яны мусяць дбаць пра беларусаў, калі беларусы самі пра сябе не дбаюць?

«Беларусь саспела да грамадзянскай вайны»

Праект «Падслухана». Калаж: Белсат

Набярэжная. Над ракой перакрыкваюцца птушкі, марознае паветра прадзіраецца ў кожную шчылінку і прымушае хаваць рукі глыбей у кішэні. Уздоўж ракі няспешна ходзяць людзі. Некаторыя прыпыняюцца і назіраюць за хвалямі ракі, чыю моц не здолеў скаваць лёд.

***

– Да нас на працу прыйшлі спісы «экстрэмістаў», сваіх пасадаў пазбавіліся ўсе, хто падпісаўся не за таго кандыдата. Нікога не шкадуюць. А калі ты губляеш працу, то на дзяржаўную ўжо наўрад ці ўладкуешся. Вось хочаш ты ўладкавацца, напрыклад, у музей, дзесьці месяц-паўтара чакаеш, пакуль цябе ўзгадняць, папярэдняя дзяржаўная праца павінна даць табе характарыстыку.

– Нейкі маразм.

– Чысткі не спыняюцца да гэтай пары. Баюся, што ў нас усё ідзе да вайны. Я хацеў выехаць на стажыроўку, але цяпер не ўпэўнены. Калі пачнецца вайна, усе мае тут. І я хачу быць тут.

– Чаму ты думаеш, што ў нас можа быць вайна?

– Беларусь саспела да грамадзянскай вайны. Ёсць раскол у грамадстве, які толькі паглыбляецца. Людзі на розных палюсах ненавідзяць адзін аднаго. А ўлада не гатовая рабіць крокі да прымірэння і працягвае трымаць градус.

***

– Вось і Байдэн у Кіеў прыляцеў. Уся Еўропа рыхтуецца да эскалацыі, механізм вайны запушчаны, а Беларусь пры гэтым мне нагадвае заўзятара на трыбунах. Калі ўсё будзе адбывацца так, як цяпер, то ўсё працягнецца яшчэ год-два максімум. І наша сітуацыя неяк развяжацца.

– То бок мы дажывем да развязкі?

– Калі нас не заб’е ў гэтым працэсе.

– А цябе неяк змяніла вайна?

– Я гляджу на ўсё як гісторык. На гістфаку ты вучыш усё ў тэорыі, а калі ў цябе на вачах адбываюцца такія падзеі, ты пачынаеш разумець і спасцігаць гісторыю. І адчуваць абсалютную бездапаможнасць перад гістарычным працэсам. У той жа час у нас працягваюцца арышты, пераслед. Ты ўвесь час адчуваеш сябе нібыта голенькім: сёння ў цябе, здаецца, усё добра, а заўтра – ты ў пекле.

Саша Гоман belsat eu

Стужка навінаў