Яны паверылі і вярнуліся. Топ-5 выбітных беларусаў, якіх па прыездзе рэпрэсавалі ў БССР


Нацыянальны ўздым 1917 года ў Беларусі спрычыніўся да абвяшчэння ў наступным годзе незалежнай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі. Але ўтрываць краіну беларусы не здолелі. А Савецкую Беларусь, што паўстала ў 1919–1920 гадах, шмат хто з дзеячаў за беларускую дзяржаву не прызнавалі. Аднак з усталяваннем міру ва Усходняй Еўропе і з пачаткам беларусізацыі ў БССР частка з іх пачала мяняць свае думкі адносна яе і пераязджаць туды з іншых краін. Нават не ўяўляючы, якія наступствы гэта будзе мець для іх.

«Белсат» сабраў гісторыі пяці выбітных беларусаў, якія паверылі савецкай прапагандзе і прыехалі ў Беларусь у 1920–1930-х гадах. Тым больш, што і сёння ёсць тыя, хто, паверыўшы прапагандзе і спецслужбам, вяртаюцца на радзіму, дзе ўжо неўзабаве трапляюць у вязніцы.

Бацька беларускай гісторыі

Вацлаў Ластоўскі. Крыніца: Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя / commons.wikimedia.org

Вацлаў Ластоўскі браў актыўны ўдзел у беларускім руху з 1900-х гадоў і лічыцца адным з пачынальнікаў нацыянальнага адраджэння, які адкрыў беларусам іх гісторыю, папулярызуючы спадчыну Вялікага княства Літоўскага і Кастуся Каліноўскага. Абавязаныя яму беларусы і некаторымі сучаснымі словамі. У 1918 годзе ён увайшоў у склад Рады БНР і браў удзел у паседжанні, на якім была абвешчаная яе незалежнасць. У снежні 1919 года, падчас раскол незалежніцкіх сілаў, ён узначаліў Раду міністраў БНР. На пасадзе прэм’ер-міністра ён заставаўся да 1922 года, а з ураду сышоў у 1923-м. Адышоўшы ад палітычнай дзейнасці, былы прэм’ер працягваў займацца асветніцтвам на тэрыторыі ковенскай Літвы. А ў 1927 годзе ён з дазволу ўраду БССР пераехаў у Менск. У Савецкай Беларусі Ластоўскі працягнуў навуковую дзейнасць, ладзіў этнаграфічныя экспедыцыі, падчас якіх у тыс ліку адшукаў крыж Еўфрасінні Полацкай. Але ўжо ў 1930 годзе яго арыштавалі ў справе выдуманага чэкістамі «Саюзу вызвалення Беларусі» (СВБ). У 1931 годзе яму прысудзілі пяць гадоў высылкі ў расейскі Саратаў. Але і на гэтым пераслед не спыніўся. 20 жніўня 1937 года палітык быў паўторна арыштаваны. 23 студзеня 1938 года яму прысудзілі расстрэл «як агенту польскай выведкі і ўдзельніку нацыянал-фашысцкай арганізацыі». У гэты ж дзень прысуд быў выкананы. А кнігі Власта былі надоўга забароненыя на Радзіме.

Бацька крытыкі заходнерусізму

Аляксандр Цвікевіч. Крыніца: pawet.net / commons.wikimedia.org

Аляксандр Цвікевіч з 1918 года актыўна займаўся дыпламатычнай працай дзеля міжнароднага прызнання беларускай дзяржаўнасці. Працаваў з місіямі ў Кіеве, Маскве і Берліне. У 1921 годзе заняў пасаду міністра замежных справаў ва ўрадзе Ластоўскага. А ў 1923-м ужо і сам стаў прэм’ер-міністрам. Палітык быў заўзятым прыхільнікам беларускай незалежнасці і непадзельнасці беларускага народу, чаму прысвяціў не адзін свой публіцыстычны твор. Непрыхільна ён ставіўся і да БССР, аднак пад уздзеяннем поспехаў беларусізацыі ў Савецкай Беларусі пачаў змяняць сваё стаўленне да яе. Спрыялі гэтаму і раскол у беларускіх нацыянальных сілах ды знікненне цікавасці суседніх краінаў да БНР. У выніку ў 1925 годзе на Другой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне, што прайшла пры ўдзеле ўладаў БССР, Менск быў абвешчаны «адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі», а ўрад БНР – «зліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасць». Ад імя ўраду адпаведныя рашэнні і падпісаў Цвікевіч. Неўзабаве Цвікевіч і сам пераехаў у БССР, хоць і прызнаваў, што «Менск сёння яшчэ далёкі ад таго, каб быць беларускiм». Менавіта ў Савецкай Беларусі выйшла яго грунтоўная праца, прысвечаная аналізу заходнерусізму. Але ў 1930 годзе Цвікевіч быў арыштаваны ў справе СВБ. Як і Ластоўскаму, яму прысудзілі пяць гадоў ссылкі ў расейскую глыбінку. І, як і Ластоўскага, паўторна арыштавалі ў 1937-м. Расстралялі Цвікевіча 30 снежня 1937 года ў Менску.

Бацька нацыянальнай прозы

Максім Гарэцкі. Крыніца: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва / commons.wikimedia.org

Максім Гарэцкі лічыцца адным з пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы і фактычным пачынальнікам твораў маральна-этычнай праблематыкі ў беларускай літаратуры. Таксама ён быў адным з першых у эпічным жанры, інтэлектуальна-філасофскай, лірычнай і дакументальнай прозы ў беларускай літаратуры. Менавіта ён напісаў першую «Гісторыю беларускае літаратуры» і агулам зрабіў моцны ўплыў на фармаванне нацыянальнай свядомасці. Гарэцкі пачаў публікавацца ў беларускім друку з 1912 года. А ўжо ў 1918-м разам з братам Гаўрылам выдаў у Смаленску свой першы расейска-беларускі слоўнік. У 1918–1919 гадах ён далучыўся ад савецкай плыні беларускага руху, працаваў ва ўрадавых газетах. Аднак, апынуўшыся ў 1919 годзе ў Вільні, вяртацца на падкантрольныя бальшавікам тэрыторыі не стаў. Замест гэтага Гарэцкі далучыўся да шэрагу беларускіх арганізацыяў, пачаў выкладаць у Віленскай беларускай гімназіі ды працаваць у шэрагу незалежных выданняў. Увайшоў у склад Народнай рады БНР. У студзені 1922 года яго арыштавалі ўлады Сярэдняй Літвы, абвінаваціўшы ў прыналежнасці да камуністычнай партыі, але пасля пратэстаў яго выслалі ў ковенскую Літву. Ластоўскі прапаноўваў яму стаць міністрам беларускіх справаў у літоўскім урадзе, але Гарэцкі адмовіўся. Пісьменнік з’ехаў у Латвію, дзе быў зноў арыштаваны, але неўзабаве яго вызвалілі пад заклад. Увосень 1923 года Гарэцкі пераехаў у Менск. Спачатку ягонае жыццё складалася станоўча: праца ў Інбелкульце, Горацкай сельгасакадэміі, навуковая і літаратурная дзейнасць. Але надышоў 1930 год і арышт у справе «Саюзу вызвалення Беларусі» з высылкай на пяць гадоў у расейскую Вятку. І паўторны арышт у 1937 годзе. 10 лютага 1938 года яго расстралялі ў Вязьме на Смаленшчыне, абвінаваціўшы ў варожасці да савецкай улады, контррэвалюцыйнай працы і выказванні тэрарыстычных намераў.

Бацька нацыянальнага правапісу

Браніслаў Тарашкевіч. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe / commons.wikimedia.org

Яшчэ адным выбітным беларускім дзеячам, які паверыў савецкай прапагандзе, стаў аўтар першай «Беларускай граматыкі для школ» Браніслаў Тарашкевіч, які выдаў яе ў 1918 годзе. Дзеяч актыўна далучыўся да беларускага нацыянальнага руху ў 1917 годзе. А ўжо ў 1919-м ён узначаліў Цэнтральную беларускую рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны. У 1920-м ён стаў чыноўнікам Сярэдняй Літвы, адказным за беларускую асвету, а яшчэ праз год узначаліў Віленскую беларускую гімназію. У 1922–1927 гадах Тарашкевіч быў дэпутатам польскага Сейму, у якім распрацаваў праект аўтаноміі для Беларусі, узначальваў фракцыі дэпутатаў-беларусаў. Палітык зблізіўся з левымі беларускімі арганізацыямі і нават стаў сябрам Кампартыі Заходняй Беларусі. У 1927 годзе яго арыштавалі і, абвінаваціўшы ў спробе дзяржаўнага перавароту, асудзілі да 12 гадоў зняволення. Але ў 1930 годзе вызвалілі датэрмінова. У 1931 годзе Тарашкевіча, які зноў далучыўся да пракамуністычнага руху, у чарговы раз арыштавалі. На гэты раз яму прысудзілі 8 гадоў катаржнай турмы. Аднак у 1933 годзе польскія ўлады ў выніку абмену выдалі беларускага дзеяча ў СССР. Жыць яму заставалася чатыры гады. НКВД арыштавала Тарашкевіча 6 траўня 1937 года ў справе чарговай выдуманай арганізацыі – «Беларускага нацыянальнага цэнтру». У наступным годзе яго расстралялі.

Бацька найноўшай беларускай драматургіі

Францішак Аляхновіч. Крыніца: be-tarask.wikipedia.org

Беларускі драматург і журналіст Францішак Аляхновіч быў менавіта тым, на каго польскія ўлады абмянялі Тарашкевіча. Аляхновіч, якога празвалі «бацькам найноўшай беларускай драматургіі», яшчэ ў 1910-х гадах актыўна ўдзельнічаў у беларускіх тэатральных пастаноўках, пісаў уласныя п’есы і ствараў тэатральныя трупы. У 1918 годзе ён стаў загадчыкам рэпертуару Беларускага дзяржаўнага тэатру, а пазней дырэктарам Беларускага савецкага тэатру ды Менскага гарадскога тэатру. З 1920 года Аляхновіч быў зноў у Вільні, дзе працягваў тэатральную дзейнасць, выкладаў у беларускай гімназіі і рэдагаваў газету «Беларускі звон». Але, як і шмат іншых беларускіх дзеячаў, вочы якіх «зварачаліся на ўсход», ён пачаў усё больш захапляцца БССР, у якой бачыў «свой П’емонт, які злучыць парэзаныя рыскім трактатам беларускія землі». У 1926 годзе Аляхновіч пераехаў у Менск. Але ўжо 1 студзеня 1927 года яго затрымалі за «шпіянаж на карысць буржуазнай Польшчы». І, нягледзячы на заступніцтва іншых беларускіх дзеячаў, яму прысудзілі 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах. Аднак яму пашчасціла: праз шэсць гадоў яго перадалі Польшчы, абмяняўшы на Тарашкевіча. Сваё жыццё і зняволенне ў СССР ён апісаў у кнізе «У капцюрох ГПУ», што пабачыла свет у 1934 годзе (па-беларуску – у 1937-м). Аповесць стала адным з першых у сусветнай літаратуры твораў, што апісвае жыццё ў ГУЛАГу з погляду арыштанта. Сам літаратар пражыў яшчэ дзесяць гадоў, пакуль не быў застрэлены невядомым у 1944 годзе ў сваёй кватэры ў Вільні.

Крыніца вокладкі: sovietpostcards.org

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў