Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 4 кастрычніка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 4 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Краматорск, Данецкая вобласць, Украіна, 4 кастрычніка 2022 года.
Фота: ZOHRA BENSEMRA / Reuters / Forum

Апошнія содні вайны ва Украіне адзначыліся наступамі ЗСУ на розных участках фронту, пры гэтым войскі РФ ужо традыцыйна на ступалі на асобных кірунках на Данеччыне.

Так, Збройныя сілы Украіны працягнулі наступаць па ўсёй лініі фронту ў Харкаўскай вобласці, у выніку чаго ў асобных месцах, імаверна, дасягнулі мяжы з суседняй Луганскай вобласцю. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што ЗСУ імкнуцца выйсці на лінію гарадоў Сватава – Крэмінная.

Між тым былы міністр абароны так званай ДНР Ігар Гіркі мяркуе, што перадавыя атрады ўкраінцаў ужо перарэзалі трасу, якая звязвае гэтыя гарады, і цяпер ЗСУ могуць зайсці ў тыл расейскай групоўцы ў Сватаве. Пры гэтым Гіркін піша, што акупацыйныя ўлады загадалі мясцовым «правесці самаэвакуацыю цягам 72 гадзінаў».

ISW паведамляе, што на поўначы Данецкай вобласці ЗСУ працягваюць наступаць на ўсход ад Ліману, і цяпер, імаверна, лінія фронту праходзіць каля гораду Крэмінная Луганскай вобласці. Таксама адзначаецца, што ўкраінскія сілы маглі замацавацца і ў ваколіцах Лісічанску.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» паведамляе, што 3 кастрычніка ўкраінцы атакавалі і ў ваколіцах Бахмуту, намагаючыся адкінуць назад расейскія войскі. Таксама прарасейская крыніца гаворыць пра поспехі войскаў РФ у ваколіцах Данецку: паводле яго, расейцы захапілі сяло Первамайскае.

Між тым Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны піша пра няўдалыя атакі расейцаў на гэтым участку фронту.

Разбурэнні ў мікрараёне Салтаўка ў Харкаве, Украіна, 22 верасня 2022 г.
Фота: UMIT BEKTAS / Reuters / Forum

3 кастрычніка актывізаваліся баявыя дзеянні і ў Запарожскай вобласці, дзе ЗСУ правялі выведку боем на асобных кірунках. Але пра поўнамаштабны наступ украінскіх войскаў у Запарожжы пакуль гаворка не ідзе.

Найвялікшых поспехаў цягам апошніх содняў Збройныя сілы Украіны дасягнулі на паўночным участку фронту ў суседняй Херсонскай вобласці. Украінскае камандаванне ўжо традыцыйна са спазненнем паведамляе пра поспехі сваіх войскаў, таму цяперашні стан на фронце даводзіцца адсочваць у паведамленнях ваенных экспертаў, аналітыкаў і сродкаў масавай інфармацыі.

Агенцтва «УНІАН» паведамляе, што ўкраінскія войскі вызвалілі Давыдаў Брод, Аляксандраўку, Стараселле, Новапятроўку. «Рыбарь» дадае да спісу вызваленых населеных пунктаў ДудчаныТрыфанаўку, Новую Камянку, Вольгіна і Архангельскае. Поспехі ЗСУ на гэтым участку фронту нясуць небяспеку для пазіцыяў войскаў РФ у Берыславе, Новай Кахоўцы і Херсоне.

ВІДЭА
Полк Каліноўскага – адзіная арганізаваная сіла, якая можа нешта вырашыць. Інтэрв’ю з Зянонам Пазняком
2022.10.04 13:55

Генштаб ЗСУ адзначае, што агулам за мінулыя содні праціўнік страціў каля 370 вайскоўцаў, такім чынам агульныя беззваротныя страты арміі РФ з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне дасягнулі 60 800 чалавек.

У Расеі з пачатку мабілізацыі прызвалі больш за 200 тысяч чалавек, якія цяпер праходзяць навучанне на 80 палігонах і ў 6 навучальных цэнтрах. Раней расейскія ўлады заяўлялі, што ў межах частковай мабілізацыі да канца году прызавуць 300 тысячаў асобаў. Пры гэтым з моманту абвяшчэння мабілізацыі РФ пакінулі каля 700 тысяч чалавек.

Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што мабілізацыі ў Беларусі не будзе, але мабілізацыйныя захады цяпер робяцца.

Аляксандр Лукашэнка 4 кастрычніка на нарадзе ў пытаннях ваеннай бяспекі прызнаў, што пад ягоным кіраўніцтвам Беларусь бярэ ўдзел у вайне ва Украіне. Паводле яго, удзел палягае ў нераспаўсюдзе канфлікту на тэрыторыю Беларусі, у недапушчэнні нанясення ўдару па Беларусі, а таксама ў лекаванні і забеспячэнні харчаваннем расейскіх войскаў.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў