Ціханоўская і чальцы Кабінету заклікаюць беларусаў задаваць ім пытанні


8 студзеня Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету адкажуць на пытанні беларусаў у 60-хвілінным онлайн-стрыме.

Сустрэча з прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў складзе Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Валерыя Кавалеўскага, Аліны Коўшык, Валерыя Сахашчыка і Аляксандра Азарава ў Беларускім моладзевым хабе. Варшава, Польшча. 23 студзеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

У аб’яднаным стрыме возьмуць удзел Святлана Ціханоўская, Валерый Кавалеўскі, Павел Латушка, Вольга Гарбунова, Аліна Коўшык і Валерый Сахашчык. Трансляцыя адбудзецца 8 студзеня а 19:00 менскага часу на Youtube-каналах Святланы Ціханоўскай і Абʼяднанага пераходнага кабінету.

Пытанні можна задаваць да 14:00 8 студзеня ў тэлеграм-бот @belcabinet_bot, а таксама размяшчаць у каментарах пад запланаваным стрымам на Youtube-канале АПК.

Пра стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінету было абвешчана 9 жніўня 2022 года. Галоўныя агучаныя мэты створанага Пераходнага кабінету:

  • Абараняць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, рэпрэзентаваць яе нацыянальныя інтарэсы, ажыццявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасць і правапарадак.
  • Распрацаваць і зрэалізаваць захады для спынення незаконнага ўтрымання ўлады, забяспечыць транзіт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзення сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць пастановы, неабходныя для дасягнення дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў