Рэжым не ў захапленні. Што дае беларусам (а чаго не дае) створаны ў Вільні Пераходны кабінет


На заканчэнне канферэнцыі «Новая Беларусь», што прайшла ў Вільні 8 і 9 жніўня, Святлана Ціханоўская абвясціла пра стварэнне своеасаблівага альтэрнатыўнага ўраду ў выгнанні – Пераходнага кабінету. Але наколькі новая структура здолее ўдыхнуць жыццё ў беларускі рух і ці будзе ад яго ўвогуле карысць? Карэспандэнты «Белсату» звярнуліся па каментары да экспертаў.

Владимир Корж, Ярослав Бекиш, Алина Ковшик, Антон Родненков, Виктория Федорова, Михаил Рубин, Елена Живоглод, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Удзельнікі другога дня канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь». На здымку (злева направа) – Уладзімір Корж, Яраслаў Бекіш, Аліна Коўшык, Антон Раднянкоў, Вікторыя Фёдарава, Міхаіл Рубін, Алена Жываглод.
Фота: Белсат

Галоўныя агучаныя мэты створанага Пераходнага кабінету:

  • Абараняць незалежнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, рэпрэзентаваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі, ажыццявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасць і правапарадак.
  • Распрацаваць і зрэалізаваць захады для спынення незаконнага ўтрымання ўлады, забяспечыць транзіт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзення сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэнні, неабходныя для дасягнення дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

У склад Кабінету ўвайшлі чатыры асобы, якія прадстаўляюць чатыры розныя структуры. Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у міжнародных справах, былы дыпламат Валер Кавалеўскі стаў цяпер прадстаўніком Кабінету ў замежных справах. Яшчэ адзін былы дыпламат і былы міністр культуры, а цяпер кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка будзе адказваць у Кабінеце за транзіт улады. Прадстаўніком Кабінету ў аднаўленні правапарадку стаў былы палкоўнік міліцыі, а цяпер кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў. А вось за абарону і нацыянальную бяспеку будзе адказваць камандзір палка «Пагоня», былы кіраўнік Берасцейскай дэсантнай брыгады падпалкоўнік Валер Сахашчык.

Hавiны
Ціханоўская створыць аб’яднаны пераходны кабінет, прызначыла чатырох часовых чальцоў
2022.08.09 17:15

Сфармаваная і пэўная вертыкаль улады. У выпадку адсутнасці Святланы Ціханоўскай ейнымі намеснікамі будуць Павел Латушка і Валер Кавалеўскі. У будучыні ў Кабінеце маюць з’явіцца прадстаўнікі ў сацыяльнай палітыцы, эканоміцы і фінансах, пытаннях нацыянальнага адраджэння. Іхныя кандыдатуры будзе зацвярджаць Каардынацыйная рада.

Першыя ж «ключавыя» фігуры прызначыла асабіста Святлана Ціханоўская – «тэрмінам на 6 месяцаў, для наступнага ўзгаднення іх будучым прадстаўнічым органам».

«Мы не можам чакаць, калі каманда будзе сабраная цалкам – пачынаем працу ўжо цяпер», – сказала Святлана Ціханоўская

Неўзабаве маюць з’явіцца дакументы пра мэты, рэгламент і структуры Пераходнага кабінету. А таксама пра яго найбліжэйшыя наступныя крокі.

Светлана Тихановская, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Святлана Ціханоўская выступае на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні.
Фота: Белсат

Пры гэтым Святлана Ціханоўская прызнае, што адзін факт стварэння Кабінету «не развяжа ўсіх праблемаў нашага народу».

«Для гэтага трэба шмат і ўпарта працаваць», – кажа яна.

«Прыдумаць нейкую цудадзейную стратэгію»

У каментары «Белсату» палітолаг Валер Карбалевіч адзначыў, што віленская канферэнцыя ад пачатку не магла неяк паўплываць на сітуацыю ўнутры Беларусі або «прыдумаць нейкую цудадзейную стратэгію», якая хутка яе зменіць. Тым не менш, паводле яго, падзея адказала на пэўныя запыты беларускай палітызаванай публікі.

Па-першае, гэта прэтэнзіі да эфектыўнасці і аб’ёмаў працы Офісу Святланы Ціханоўскай. Па-другое, патрабаванне грамадскасці да апазіцыі спыніць сваркі і аб’яднацца. Па-трэцяе, гэта запыт на большую радыкалізацыю.

«Поўнасцю гэтыя канфлікты не пераадоленыя. Скажам, каманда Цапкалы не ўвайшла ў гэтую агульную кааліцыю. Але пэўны крок зроблены, ім прапанова была зробленая. Яны адмовіліся. Так што пэўны адказ на запыт грамадства да яднання зроблены», – заявіў палітолаг.

Hавiны
Вераніка Цапкала хоча кантраляваць медыі, бо пра яе з мужам мала пішуць
2022.08.08 18:53

У сваю чаргу, палітолаг Андрэй Казакевіч лічыць канферэнцыю важным этапам у дыскусіях пра неабходнасць павышэння эфектыўнасці працы дэмакратычных сілаў у новых палітычных умовах, выкліканых вайной Расеі ва Украіне, узмацненнем аўтарытарызму ў Беларусі пры адназначным падтрыманні з боку РФ і пагаршэннем магчымасцяў для дзейнасці ўнутры краіны незалежных ініцыятываў.

«Усё гэта прыводзіць да таго, што патрэбная пэўная рэструктурызацыя. Дыскусіі пра гэта вяліся вельмі даўно. Праблемаў розных назапасілася шмат», – мяркуе палітолаг.

Якія крытэры эфектыўнасці?

На думку Андрэя Казакевіча, стварэнне Кабінету дае магчымасці для далейшай кансалідацыі дэмакратычных сілаў.

«Калі гэтая група людзей зможа выпрацаваць правілы працы паміж сабой і гэта не прывядзе да нейкіх новых канфліктаў, то могуць рэалізоўвацца ўжо новыя задачы ці прынамсі можа быць павышаная эфектыўнасць працы дэмакратычных сілаў», – адзначыў ён.

Паводле палітолага, асноўным крытэрам працы Кабінету будзе тое, наколькі вядомыя будуць ягоныя ініцыятывы для беларускага грамадства. А таксама тое, наколькі тая павестка, што агучваюць дэмакратычныя сілы, будзе папулярная і прымальная для беларускага грамадства.

Сергей Подсосонный, Дмитрий Щигельский, Павел Латушко, Александр Азаров, Александр Добровольский, Вадим Прокопьев, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Удзельнікі канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні. На здымку (злева направа) – Сяргей Падсасонны, Дзмітрый Шчыгельскі, Павел Латушка, Аляксандр Азараў, Аляксандр Дабравольскі, Вадзім Пракоп’еў.
Фота: Белсат

На сённяшні дзень у склад Кабінету ўвайшлі толькі чатыры чалавекі: два дыпламаты і два сілавікі. Астатнія сферы пакінутыя пакуль на будучыню. Але, на думку Андрэя Казакевіча, гэта перадусім вынік таго, што «такім чынам кааліцыя склалася».

Тым не менш, ён прызнае, што замежнапалітычны кірунак застаецца вельмі важным і ў пэўнай ступені вельмі плённым для дэмакратычных сілаў, і перш за ўсё для офісу Святланы Ціханоўскай.

Рэпартаж
Цяжкія дыскусіі, мініраванне будынку, новая надзея. Другі дзень канферэнцыі «Новая Беларусь»
2022.08.09 22:57

«Перш за ўсё таму, што гэта ўрад, які застаецца за межамі краіны. І камунікацыя з урадамі іншых краінаў вельмі важная для выстаўлення беларускага пытання, для пошуку рэсурсаў, для падтрымання рознага кшталту ініцыятываў. Таму, вядома, натуральна, што гэты кірунак і далей будзе вельмі важным», – заявіў Андрэй Каказакевіч.

А вось з сілавым блокам, на ягоную думку, больш складаная сітуацыя і «не ўсё так адназначна».

«Можа быць фокус на падтрыманні беларускіх вайсковых фармаванняў ці беларусаў у прынцыпе ва Украіне. А можа быць пошук нейкай інфармацыі пра беларускую сістэму ўлады, кампраматы, маніторынг парушэнняў санкцыяў. Фокус можа быць скіраваны на выкрыццё нейкіх злоўжыванняў, карупцыі ў Беларусі. Што будзе ў выніку дамінаваць, пакуль цяжка сказаць», – мяркуе палітолаг.

У сваю чаргу, Валер Карбалевіч не думае, што стварэнне Кабінету дасць дадатковыя дывідэнды ў стасунках з іншымі краінамі.

«Хутчэй наадварот, я б сказаў, гэтая мілітарысцкая рыторыка насцярожвае еўрапейскіх палітыкаў. Яна ім не вельмі падабаецца», – сказаў палітолаг.

Не чакае ён і паляпшэння стасункаў з уладамі Украіны. Як і мае «вялікія сумневы» адносна перспектываў стварэння беларускага войска.

Рэжым будзе вельмі турбаваць сілавы блок

У любым разе, суразмоўцы прызнаюць: сам факт стварэння яшчэ адной беларускай структуры істотна на беларускае грамадства не паўплывае.

«Гэта ўсё-такі не тая падзея, якая цяпер можа моцна натхняць беларусаў. Бо дамінуе апатыя. Дамінуе меркаванне, што аўтарытарныя сітуацыя ў Беларусі зацягваецца. Ніякіх механізмаў яе змяніць няма. Асабліва цяпер, калі Расея вельмі зацікаўленая ў захаванні такой кепскай сітуацыі ў Беларусі. Таму рэакцыя грамадства ўжо будзе на канкрэтныя дзеянні. Будзе змяняцца або ў бок падтрымання, або ў бок негатыву ў залежнасці ад таго, якія будуць прымацца рашэнні, якія будуць ініцыятывы рэалізоўвацца. Проста заяваў будзе мала», – падкрэсліў Андрэй Казакевіч.

Hавiны
«Сістэму можа перамагчы толькі сістэма». Дэмсілы распавялі пра стратэгіі для пераадолення крызісу
2022.08.08 17:59

Пры гэтым, мяркуе палітолаг, улады Беларусі «цяпер не ў захапленні ад таго, што нешта такое ствараецца».

«Прынамсі, гэта паказвае, што структуры могуць аб’ядноўвацца, што яны не трымаюцца ў нейкім неразвязальным канфлікце. Што пэўны патэнцыял, у тым ліку палітычны, за гэтымі арганізацыямі ёсць. І гэта не вельмі добрая навіна. Магчыма, яны не ўспрымаюць яе ўжо так крытычна. Але тым не менш. Напэўна, іх будзе вельмі турбаваць сілавы блок, бо беларуская ўлада прызвычаілася, што гэтае пытанне – іхная суцэльная манаполія. І туды ніхто не мусіць умешвацца. Тым больш што гэта будзе адназначна распазнавацца як сур’ёзная пагроза бяспецы, прынамсі на асобных кірунках. І нават дастаткова рэальная», – адзначыў Андрэй Казакевіч.

Таму, заявіў ён, варта чакаць ад рэжыму нейкіх контрдзеянняў, хоць «сапраўдная рэакцыя на стварэнне гэтага органу будзе ў тым выпадку, калі ён дакажа сваю эфектыўнасць і будзе рэалізоўваць ініцыятывы, што будуць мяняць сітуацыю ў Беларусі ці за яе межамі»:

«Калі гэтыя ініцыятывы будуць вядомымі грамадству, папулярнымі. У такім выпадку можна будзе чакаць дадатковых захадаў для супрацьдзеяння дзейнасці гэтай арганізацыі».

А Валер Карбалевіч чакае, што рэжым паспрабуе «выкарыстаць мілітарысцкую рыторыку дзеля абвінавачання апазіцыі ў тэрарызме, падрыве, у спробе вайны супраць Беларусі». На гэтай падставе, мяркуе палітолаг, узмоцняцца і палітычныя рэпрэсіі.

Александр Азаров, Павел Латушко, Светлана Тихановская, Валерий Ковалевский, Валерий Сахащик, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Другі дзень канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь». На здымку (злева направа) – Аляксандр Азараў, Павел Латушка, Святлана Ціханоўская, Валер Кавалеўскі і Валер Сахашчык.
Фота: Белсат

Валер Карбалевіч лічыць, што для таго, каб перамены адбыліся ў самой Беларусі, «патрэбны збег абставінаў – такі, які здарыўся ў 2020 годзе».

«І на яго мала ўплываюць нейкія дзеянні, нейкія заявы, тым больш ад апазіцыі ў эміграцыі. Але ўрад можа ствараць нейкія дакументы, новую Канстытуцыю прапанаваць, праграму эканамічных рэформаў, праграму нейкіх перабудоваў у іншых сферах (прававой, судовай і гэтак далей). То бок, план рэформаў гэты ўрад можа рабіць, каб прасцей было потым у новай дэмакратычнай Беларусі, калі ўжо ёсць гатовыя дакументы, гатовыя напрацоўкі. Праца на перспектыву», – сказаў палітолаг.

А вось наконт рэальнага ўплыву кабінету на перамены ў Беларусі ён настроены «вельмі скептычна».

Hавiны
На канферэнцыі «Новая Беларусь» абмеркавалі эканамічныя рэформы. Што трэба мяняць у першую чаргу?
2022.08.08 22:02

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў