«Чакаць можна чаго заўгодна». У ЗСУ выказаліся наконт пагрозы з боку Беларусі


Спікер Паветраных сілаў ЗСУ Юры Ігнат у эфіры нацыянальнага тэлемарафону заявіў, што Украіна ўзмацняе абарону на беларускім кірунку.

У спікера Паветраных сілаў ЗСУ запыталі, ці ёсць гарантыі, што з боку Беларусі цяпер не будзе расейскіх атакаў на Украіну. У адказ Юрый Ігнат адзначыў, што на беларускай тэрыторыі Расея трымае зенітна-ракетныя комплексы, «Іскандэры» і авіяцыю, хоць і ў меншай колькасці ў параўнанні з пачаткам вайны.

«Чакаць можна чаго заўгодна. Мы не маем ілюзіяў, што нечага там не адбудзецца», – падкрэсліў ён.

Паводле Ігната, на паўночных межах цяпер разгорнутая групоўка ўкраінскіх войскаў, узмацняецца СПА і загароды розных тыпаў, у тым ліку мінныя.

«Гэта ўсё лінія фронту. І з гэтай лініі фронту можа прыляцець. Таму ніякіх ілюзіяў не пакідаем, а ўзмацняем гэтыя кірункі», – кажа вайсковец.

Аналітыка
Ілюзія ракетнай атакі з тэрыторыі Беларусі: хітры план Расеі ці выпадковасць?
2023.08.07 19:36

Спікера Паветраных сілаў ЗСУ таксама папрасілі паведаміць, як Украіна рэагуе на чарговую праверку баявой гатовасці Узброеных сілаў Беларусі, у якой задзеяная авіяцыя.

«Усе паветраныя цэлі, якія ёсць у Беларусі, адсочваюцца. Мы маем інфармацыю з уласных крыніцаў. Ёсць інфармацыя ў нашых партнёраў», – адзначыў ён.

Пры гэтым Ігнат даў зразумець, што не ўспрымае цяперашнюю праверку боегатовасці ў Беларусі як нешта асаблівае. «Ну, праводзяць яны нейкія сабе вучэнні. Гэта неад’емная частка існавання любога войска», – заўважыў ён.

Нагадаем, рэжым Аляксандра Лукашэнкі выступае хаўруснікам пуцінскай агрэсіі супраць Украіны. У лютым – сакавіку 2022 года з Беларусі разгортваўся наземны наступ расейскіх войскаў на Кіеў, а аж да верасня мінулага года Расея выкарыстоўвала беларускую тэрыторыю і паветраную прастору для бамбавання Украіны. У нашай краіне дасюль размяшчаюцца расейскія вайскоўцы і найміты ПВК Вагнэра.

Аналітыка
Як і чаму афіцыйны Кіеў карэктуе сваю палітыку ў дачыненні Беларусі
2023.06.02 07:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў