На Запарожскай АЭС магчымы фукусімскі сцэнар


Напружаная сітуацыя вакол Запарожскай АЭС выклікае шмат пытанняў. Украінская выведка сцвярджае, што на станцыі застаюцца загружаныя выбухоўкаю цяжкавікі, а таксама гаворыць пра мінаванне ахаладжальніка. Ці можа адбыцца катастрофа? Якія могуць быць наступствы ад выбуху і ці можна казаць пра паўтарэнне Чарнобылю ў выніку тэракту?

Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з Дзмітрыем Гарчаковым, экспертам атамнага праекту экалагічнага аб’яднання «Bellona», і Аляксандрам Каваленкам, вайскова-палітычным аглядальнікам групы «Інфармацыйны супраціў».

Запарожская АЭС.
Фота: Енергоатом/Telegram

Што стане першапрычынаю выбуху?

На гэты момант, адзначае Дзмітрый Гарчакоў, больш важна тое, што існуе шэраг невядомых фактараў, якія не даюць магчымасці адназначна сказаць, які характар можа мець аварыя і якія ў яе могуць быць наступствы. У першую чаргу невядома, што стане першапрычынаю, тою падзеяй, якая можа выклікаць аварыю.

За апошнія тыдні як прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, гэтак і кіраўнік украінскай выведкі Кірыла Буданаў гавораць, што Расея разглядае сцэнар тэракту на Запарожскай АЭС. Але падрабязнасці не ўдакладняюцца. Паводле Буданава, ёсць звесткі пра мінаванне ахаладжальніка, а таксама пра машыны, начыненыя выбухоўкай у машынных залах станцыі. І калі разглядаць гэтыя фактары паасобку, то ўвядзенне кожнага з іх можа прывесці да розных наступстваў і справакаваць розны сцэнар.

Калі казаць пра стаў-ахаладжальнік, то гэта вялікая канструкцыя з перыметрам на некалькі кіламетраў, агульная плошча нават большая за плошчу самой станцыі. Паводле эксперта, перыметр замінавалі з мэтаю перадухіліць высаджванне дэсанту. Ясна ж, што расейскі бок баіцца гэтага, але гэтыя міны супрацьпяхотныя, хутчэй за ўсё, яны не прадугледжаныя для таго, каб падарваць стаў, кажа Дзмітрый Гарчакоў.

Здзейсніць падрыў дамбы ахаладжальніка таксама немагчыма, бо яна мае шырыню 200–400 метраў у розных месцах, гэта велізарная канструкцыя. Але ў ёй ёсць і ўразлівыя месцы – некалькі шлюзаў. І вось калі адзін з гэтых шлюзаў падарваць, то вада можа сысці.

Фукусімскі сцэнар

Далейшыя сцэнары могуць быць розныя: у найгоршым выпадку гэта прывядзе да парушэння сістэма ахаладжэння. Так, існуюць альтэрнатыўныя крыніцы, але калі яны не спрацуюць, то гэта можа запусціць фукусімскі сцэнар, адзначае эксперт: неспрацоўванне сістэмы ахаладжэння. Гэта значыць, што паліва ў рэактары паступова пачне награвацца. Гэта будзе адбывацца не хутка і не вельмі рэзка, бо рэактар даўно ўжо спынены. Каб паліва пачало разагравацца і плавіцца, павінна прайсці некалькі дзён, магчыма нават, тыдні. За гэты час, мяркуе Гарчакоў, можна зрабіць нейкія захады. Іншае пытанне, хто будзе на станцыі, што будзе ў гэты час рабіць персанал і якія магчымасці ў яго будуць.

Hавiны
Зяленскі заявіў, што Расея рыхтуе тэракт на Запарожскай АЭС
2023.06.22 13:46

Чым небяспечныя цяжкавікі з выбухоўкаю

А вось адносна цяжкавікоў, размешчаных у машынных залах, эксперт выказаў асцярогу, што гэтая сітуацыя можа быць больш сур’ёзнаю. Бо цяпер невядома, колькі ўсяго гэтых цяжкавікоў, у якіх залах яны застаюцца.

Праблема ў тым, што хоць самі машынныя залы не ёсць памяшканнямі з ядравым абсталяваннем, у іх размяшчаюцца турбіна і генератар, тым не менш побач з імі застаюцца рэактарныя аддзяленні, і вось у іх месціцца, напрыклад, ядравае паліва. Таму, калі ў гэтых цяжкавіках застаецца вялікая колькасць выбухоўкі і яна будзе падарваная, то, натуральна, можа быць разбураны як машынная зала, гэтак і рэактарнае аддзяленне.

У выніку можа быць парушаная герметычнасць бетоннай абалонкі (кантэйнменту), і гэта будзе найгоршы сцэнар. Пры ім сапраўды цалкам магчымая вельмі сур’ёзная ядравая аварыя з выкідам вялікай колькасці радыяцыі. А ўжо далей наступствы будуць залежаць ад умоваў надвор’я – і ў выніку гэтыя выкіды змогуць паляцець на дзясяткі, а можа, нават і на сотні кіламетраў. Гэты сцэнар малаверагодны, адзначае эксперт, але выключаць яго на 100 % нельга.

Прычым цалкам магчыма, што пры самым цяжкім сцэнары, калі вецер будзе дзьмуць на ўсход, выкіды могуць дасягнуць як тых тэрыторыяў, што Расея лічыць сваймі, гэтак і Курскай ці Растоўскай вобласцяў Расеі.

Гэта здарыцца раней ці пазней

Вынікі будуць зусім непрадказальныя: можа «дастацца» Украіне, Расеі і трэцім краінам, як, напрыклад, Турцыі, якая на іншым беразе Чорнага мора. Нездарма, адзначае Дзмітрый Гарчакоў, у Еўропе актыўна абмяркоўваюць, што ядравы інцыдэнт, прычым любога маштабу, можа тэарэтычна разглядацца як парушэнне пятага артыкулу NATO і трактавацца як напад, бо іх сапраўды гэта можа зачапіць.

На думку эксперта, Расея жудасна баіцца контрнаступу Украіны, відаць, што ЗСУ атакуюць на колькіх кірунках, і, на вялікі жаль, пры адступленні расейскіх сілаў з Энэргадару і Запарожскай АЭС нейкі інцыдэнт раней ці пазней можа здарыцца:

«Калі гэта будзе пад ціскам Збройных сілаў Украіны, я баюся, што ўсё адно, адступаючы, яны [расейцы] нешта там пашкодзяць. Я толькі спадзяюся, што не ў радыяцыйным плане. Але ўсё адно нейкія пашкоджанні будуць зробленыя».

Ці ёсць цяпер небяспека для расейцаў у раёне АЭС?

Каб зразумець, ці варта чакаць такіх сцэнароў найбліжэйшым часам, і зразумець сітуацыю з наступленнем украінскіх войскаў у раёне Энэргадару, «Белсат» паразмаўляў з вайсковым экспертам Аляксандрам Каваленкам. Ён адзначыў, што ў Запарожскай вобласці адбываецца дастаткова паспяховае прасоўванне сілаў абароны Украіны ў гэтак званай паласе забеспячэння. Гэта першая лінія абароны расейскіх войскаў.

Украінскія сілы занялі важныя пазіцыі ў раёне Пятыхатак, што дазваляе ім выцягваць асноўны рэсурс расейцаў з умацаванага раёну каля Васілеўкі і змяншаць абарончыя здольнасці праціўніка. Але пакуль што, адзначае эксперт, казаць пра магчымасць задзеяць асноўныя ўдарныя групы для прарыву другой лініі абароны не выпадае, пра гэта казаць яшчэ рана.

Тым не менш дзеянні расейскага камандавання ў раёне Энэргадару, а таксама на Запарожскай АЭС паказваюць, што ў іх няма аптымізму адносна магчымасці ўтрымаць гэты ўчастак. А ў звязку з гэтым яны сапраўды могуць рыхтаваць шляхі адыходу.

На думку суразмоўцы, пагроза тэракту на АЭС, пра які цяпер часта гавораць, усё ж існуе. Але здзяйсненне яго было б больш лагічным у тым выпадку, калі б расейцам трэба было затармазіць прасоўванне ўкраінскіх сілаў – напрыклад, калі б у радыусе 30 кіламетраў была пагроза, што ўкраінскія войскі прарвуць расейскую абарону. Але пра гэта, адзначае эксперт, казаць яшчэ рана.

Аб’ектыў
Уладзімір Зяленскі: Расея рыхтуе ядравы тэракт
2023.06.22 22:07

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў