Еменскія хусіты патапілі брытанскі сухагруз і абяцаюць новыя атакі


У Адэнскім заліве ў выніку ракетнай атакі еменскіх хусітаў затануў сухагруз Rubymar, зарэгістраваны ў Вялікай Брытаніі. Гэта першы выпадак затаплення судна з таго часу як групоўка «Ансар Алах» пачала чыніць напады на марскія камунікацыі. Пра гэта паведамляе BBC.

Сухагруз Rubymar затануў у выніку ракетнай атакі хусітаў.
Фота: U.S. Central Command / X

Еменскія хусіты атакавалі Rubymar яшчэ 18 лютага. У карабель трапілі дзве ракеты, ён пачаў павольна тануць. Экіпаж быў эвакуяваны. 2 сакавіка стала вядома, што сухагруз цалкам пагрузіўся пад ваду.

Rubymar перавозіў аміячную салетру. Прэм’ер-міністр прызнанага міжнароднай супольнасцю ўрада Емена Ахмед Авад бін Мубарак назваў гібель сухагруза «беспрэцэдэнтнай экалагічнай катастрофай», а прадстаўнікі арганізацыі Greenpeace падкрэслілі, што ўгнаенні, якія трапілі ў ваду, могуць прычыніць сурʼёзную шкоду марскім экасістэмам.

Прадстаўнікі руху «Ансар Алах» абяцаюць працягнуць «тапіць усё больш брытанскіх караблёў», паведамляе Reuters.

Нагадаем, еменскія хусіты абвесцілі вайну Ізраілю і з лістапада 2023 году рэгулярна чыніць напады на камерцыйныя караблі ў Чырвоным моры. Праз Чырвонае мора праходзіць прыкладна 15 % сусветнага марскога гандлю, таму дзеянні хусітаў у рэгіёне пераўтварыліся ў сур’ёзную праблему для міжнароднай бяспекі.

У адказ на гэтыя дзеянні ЗША і Вялікая Брытанія са студзеня 2024 году пачалі наносіць ракетна-бомбавыя ўдары па вайсковых аб’ектах у Емене. Аднак аперацыя саюзнікаў не прымусіла хусітаў спыніцца.

Аналітыка
Чаго людзі баяцца ў краінах Вялікай сямёркі: Пуціна ці Кітаю, змены клімату ці штучнага інтэлекту?
2024.02.28 18:22

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў