Уся надзея на імунітэт? У Беларусі ўжо год не стае вакцыны ад адру


Чытачы belsat.eu паскардзіліся, што ўжо амаль год не могуць зрабіць прышчэпкі супраць адру, бо вакцыны няма ні ў дзяржаўных паліклініках, ні ў прыватных медцэнтрах. Дэфіцыт узнік на фоне росту колькасці захворванняў у Беларусі, а таксама – у 300 разоў – у Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

У траўні Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведамляла пра 15 пацверджаных выпадкаў адру:

«Першыя пацыенты завезлі хваробу з Масквы і іншых гарадоў Расеі. Найчасцей хварэлі дарослыя асобы 25–59 гадоў (79,9 %). Захворванне ва ўсіх было лёгкай і сярэдняй ступені цяжкасці. Стан здароўя ўсіх хворых здавальняючы».

Тады ў ведамстве запэўнівалі, што «сітуацыя ў краіне кантраляваная і кіраваная», аднак праз паўгода налічылі ўжо 59 выпадкаў адру. 20 лістапада Telegram-канал міністэрства цытаваў галоўнага санітарнага доктара Аляксандра Тарасенку:

«Сітуацыя з адром у Беларусі стабільная. Цяпер зарэгістравана ўсяго 59 выпадкаў. Рэгіструюцца яны ва ўсіх рэгіёнах, за выняткам Берасцейскай вобласці. У траціны выпадкаў захворванне звязанае з выездам за межы Беларусі. Апошнія выпадкі кажуць пра тое, што хварэюць дзеці, бацькі якіх адмовіліся ад вакцынацыі ў адпаведнасці з нацыянальным календаром прышчэпак».

Адмысловец адзначыў, што ў 40 % выпадкаў адзёр дае ўскладненні, і заклікаў бацькоў прышчапляць дзяцей і самім вакцынавацца.

«Сказалі, прышчэпак няма»

«У паліклініку мы звярнуліся ў студзені, нам сказалі, што прышчэпак няма», – кажа «Белсату» мянчук, які хацеў планава вакцынаваць дзіця. Медыкі ніяк не тлумачылі адсутнасці прэпарату і параілі толькі чакаць.

Улетку бацька шукаў прышчэпку ад адру ў іншых дзіцячых паліклініках і прыватных медычных цэнтрах: «Патэлефанаваў у тры паліклінікі, потым у інфекцыйны шпіталь на Якубоўскага. Званіў у прыватныя – нідзе не было».

І толькі днямі вакцыну завезлі ў паліклініку.

«У прыватныя цэнтры вакцына не паступае»

У прыватных медцэнтрах прышчэпкі ад адру «няма даўно», і калі з’явяцца – невядома, сказалі «Белсату» ў некалькіх установах.

«Няма цяпер у наяўнасці гэтай вакцыны. Гэта «Priorix», бельгійская. Калі з’явіцца, у нас няма інфармацыі. Яе даўно няма, недзе паўгода», – паведамілі ў адным цэнтры.

Людзі стаяць у чарзе ў цэнтральнай паліклініцы. Баранавічы, Беларусь. 11 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

У другой клініцы таксама сказалі, што ад адру не прышчапляюць, і растлумачылі, што дастаўка вакцыны залежыць ад чыноўнікаў Мінздароўя:

«Вакцына паступае ў Мінздароўя, яны яе правяраюць і потым размяркоўваюць. Наўпрост ад вытворцы мы не можам атрымоўваць. Цяпер у прыватныя цэнтры вакцына не паступае, толькі ў дзяржаўныя на месцы жыхарства або ў гарадскі цэнтр вакцынапрафілактыкі. У нас яна даўно была».

У Менскім гарадскім цэнтры вакцынапрафілактыкі, дзе прышчапляюць за грошы, паведамілі, што ад адру пакуль не вакцынуюць, і параілі звяртацца ў паліклінікі паводле месца жыхарства:

«Масава пачалі вакцынавацца, цяпер успышкі гэтыя пайшлі. Вакцынаў мала, але ў паліклінікі цяпер ідуць. Даўно іх не было, але цяпер паліклінікі атрымліваюць. Там прышчапляюць бясплатна».

«Вакцына ўжо размеркаваная ў рэгіёны»

У некалькіх дарослых і дзіцячых паліклініках Менску карэспандэнта «Белсату» запэўнілі, што вакцына ёсць, і яе дастаткова. Пры гэтым, напрыклад, у Гомлі прышчэпкі няма.

«Наколькі мне вядома, прышчэпкі ў горадзе няма наогул, і ці будзе яна, пытанне такое адкрытае. Сёлета яе не было, калі ўспышка адру была. Нават кантактных не прышчаплялі. І нават у абласным цэнтры эпідэміялогіі яе не было», – прызналіся ў адной з гомельскіх паліклінік.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Drazen Zigic / Freepik

У Міністэрстве аховы здароўя прызналі праблемы з закупкаю гадавой партыі вакцыны ад адру, і праз гэта давялося пільна рабіць дадатковую замову. Гэтую дадатковую партыю ўжо размеркавалі ў рэгіёны:

«Была пастаўка ў лістападзе, 15 лістапада вакцына была размеркаваная ў рэгіёны. Гэта была дадатковая пастаўка ў звязку з тым, што гадавая затрымлівалася, а гадавая чакаецца вось-вось, у снежні. Яна ўжо на складзе, засталося некалькі дакументальных афармленняў. Так, гэта бельгійская вакцына».

Прычыны затрымкі ў міністэрстве не назвалі, але зняпраўдзілі адсутнасць прышчэпкі з студзеня:

«У студзені яшчэ была вакцына, 100 %, не было такога, што зусім нідзе ў краіне не было яе тады».

Аб’ектыў
У Беларусі знайшлі адзёр
2023.04.14 22:35

«Малых пакінулі ў нейкай ступені без абароны»

Педыятр Мая Церакулава ў каментары «Белсату» адзначыла, што ад адру звычайна прышчапляюць камбінаванай вакцынаю, якая абараняе яшчэ ад коклюшу і паратыту.

«Ступень рызыкі, калі не вакцынавацца, залежыць ад моцы прыроджанага імунітэту. Тут усё індывідуальна – каму як пашчасціла. Зрэшты, статыстычна імавернасць інфікавання была невялікая, але яна была. Паўгода, мабыць, не крытычна. Калі б не прышчаплялі цягам пяці гадоў, было б значна горш», – сказала доктарка.

Першую дозу даюць адналеткам, другую – у 6-гадовым узросце. І калі бустарную прышчэпку можна спакойна адкласці і на год, і на два, то з першаю лепей не спазняцца:

«Лічыцца, што калі маці вакцынаваная або перахварэла на адзёр, то дзіцяці атрымоўвае імунітэт ад маці. Тэрмін гэтага імунітэту – у сярэднім каля года. І калі не даць першую вакцыну, то на другім годзе жыцця дзіця можа быць недастаткова абароненае. То бок мы малых пасля года да моманту прышчэпкі пакінулі ў нейкай ступені без абароны».

У свеце мінімальны за 15 гадоў узровень вакцынацыі

Адзёр надзвычай заразны. Імавернасць захворвання асобы без імунітэту да яго пры кантакце з носьбітам – амаль 100 %. Сімптомы з’яўляюцца звычайна праз 10–14 дзён пасля заражэння: возгры, перханне, пачырваненне вачэй, слёзацячэнне і галоўная прымета – сып.

Хвароба небяспечная ўскладненнямі і можа выклікаць смерць. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі здароўя, летась на адзёр захварэлі 9 мільёнаў асобаў, 136 тысячаў з іх памерлі. Абодва паказнікі рэзка выраслі ў параўнанні з 2021 годам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сып у хворага на адзёр.
Фота: auroramedicalcentre.com.au

У мінулым годзе 22 мільёны дзяцей ва ўсім свеце не атрымалі першай дозы вакцыны, яшчэ 11 мільёнаў – другую. «Глабальны паказнік ахопу першай дозаю склаў 83 % (мінімум за апошнія 15 гадоў), што значна меней за 95 %, неабходных для абароны насельніцтва ад успышак», – канстатавалі ў САЗ.

У Беларусі, паводле звестак Белстату на канец 2022 года, вакцынацыяй ад адру ахопленыя 98,3 % дзяцей (годам раней было 97,7 %).

Як у суседзяў?

У суседняй Расеі ў студзені – верасні сёлета колькасць захворванняў адром вырасла амаль у 300 разоў год да года. Летась за гэты час налічылі 28 выпадкаў, а цяпер – 8073.

Расейскія профільныя ведамствы на гэтую статыстыку адказалі, што «эпідэмічная сітуацыя ў краіне кантраляваная», а сёлета «назіраецца чарговы цыклічны пад’ём, традыцыйны для адру». Прычынаю ўспышкі назвалі непрышчэпленых людзей, якія прыехалі з краінаў блізкага замежжа. Пры гэтым з вясны ў Расеі захоўваецца дэфіцыт вакцынаў.

Ва Украіне, паводле звестак Цэнтру грамадскага здароўя, за дзесяць месяцаў года зафіксавалі 51 выпадак адру.

У суседніх з Беларуссю краінах Еўразвязу сітуацыя лепшая. Паводле інфармацыі Еўрапейскага цэнтру прафілактыкі і кантролю захворванняў, у Польшчы ў студзені – кастрычніку сёлета зарэгістравалі 15 выпадкаў адру, у Літве і Латвіі – адзін у кожнай гэтай краіне.

Hавiны
Пагроза адру ўва ўсім свеце працягвае расці. А што ў Беларусі?
2023.11.20 14:21

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў