Яйкі з Беларусі, відаць, не трапілі ў расейскія гандлёвыя сеткі


Імпартныя яйкі не трапілі ў гандлёвыя сеткі Расеі, іх амаль усе накіравалі на перапрацоўванне. Пра гэта паведамляюць «Известия».

Яйкі рынку «Olimpia» раніцай у нядзелю. Варшава, Польшча. 15 студзеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Такая прадукцыя часта выкарыстоўваецца на вытворчасці або для вырабу кандытарскіх і іншых тавараў.

«Імпарт, безумоўна, дае дадатковую прапанову тавару, але, паводле нашых дадзеных, яна пераважна накіроўваецца на перапрацоўванне. Акрамя таго, харчовая бяспека ад гэтага не паляпшаецца, галіна не набывае інвестыцыйнай прывабнасці, дый цэны на яйкі ў замежных пастаўляльнікаў з улікам лагістыкі і аналізу дынамікі сусветных цэнаў не ніжэйшыя за расейскія нават пры нулявой мыце», – распавёў «Известиям» намеснік старшыні праўлення кампаніі «Руспродсоюз» Дзмітрый Лявонаў.

Нагадаем, у канцы 2023 года Расея зазнала дэфіцыт курыных яек. Цэны пайшлі ўгару, а на кірмашах, дзе вытворцы прадаюць курыныя яйкі з мінімальнай нацэнкаю, утварыліся вялізныя чэргі.

Разбор
«Нам хопіць, не хвалюйцеся». Улады паабяцалі не пакінуць беларусаў без яек на фоне ажыятажу ў Расеі
2023.12.14 18:09

25 снежня падчас саміту ЕАЭС у Санкт-Пецярбургу Аляксандр Лукашэнка пахваліўся, што Беларусь цалкам забяспечвае сябе прадуктамі, у тым ліку курынымі яйкамі. «Пастаўце нам трошкі, не скнарнічайце», – пажартаваў у адказ Уладзімір Пуцін. Неўзабаве Лукашэнка публічна даручыў падзяліцца курынымі яйкамі з Расеяй.

У пачатку 2024 года стала вядома, што пастаўкі курыных яек з Беларусі ў Расею з 1 да 9 студзеня выраслі амаль удвая ў параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў