У сваім змаганні з беларускім нацыянальным рухам улады Беларусі фактычна дайшлі да забароны ўсяго бел-чырвона-белага. Але досвед як нашай краіны, гэтак і суседняй Украіны паказвае, што забараніць нацыянальныя сімвалы не так і проста, калі ўвогуле магчыма.
Са сцягамі паняволеных народаў савецкая ўлада фактычна змагалася большую частку свайго існавання. За спробы ж вывесіць нацыянальную сімволіку людзей каралі паводле крымінальных артыкулаў. Адзін з такіх выпадкаў адбыўся ў мястэчку Чарткоў на Заходняй Украіне.
У заснежаную ноч на 22 студзеня 1973 года ў Чартківе невядомыя вывесілі чатыры сіне-жоўтыя сцягі і развесілі пракламацыі да 55-й гадавіны незалежнасці Украінскай Народнай Рэспублікі. Акцыя шакавала мясцовыя ўлады і чэкістаў. Хто стаяў за ёю, было няясна.
Але неўзабаве ўдалося выявіць падпольшчыкаў. Арышты пачаліся 19 лютага. Як выявілася, за вывешваннем сцягоў і расклейваннем улётак стаялі 10 хлопцаў з сяла Расохач каля Чартківу, вядомыя сёння як Расохацкая група. Найстарэйшаму быў 31 год, наймаладзейшаму – 16. У затрыманых знайшлі і зброю: два пісталеты, карабін і абрэз.
«Кагэбісты не маглі зразумець, як такое магло быць. Казалі, што лепш бы мы дзесяць чалавек забілі, чым такое зрабілі», – распавёў на сустрэчы 2 лютага ў Тэрнопалі лідар групы Уладзімір Мармус.
Паводле спадара Уладзіміра, улады не маглі зразумець, як выхаванцы савецкай школы, якія пра незалежную Украіну «чулі толькі ў фельетонах», маглі ўчыніць такую акцыю. Пасля здарэння ў раёне змянілі кіраўніцтва сілавых ведамстваў і нават дырэктараў школаў.
«Божы перст трапіў на нас, што мы павінны былі гэта зрабіць», – адзначыў Уладзімір Мармус.
Затрыманых пасля прызналі вінаватымі ў стварэнні антысавецкай арганізацыі ды ў антысавецкай агітацыі і прапагандзе. За гэта Уладзіміра Мармуса засудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі і 5 гадоў ссылкі, ягонага брата Міколу Мармуса і Сцяпана Сапеляка – на 5 гадоў калоніі ды 3 гады ссылкі, Пятра Віннічуку – на 4 гады калоніі ды 3 гады ссылкі, Міколу Слабадзяна, Васіля Латоцкага і Андрэя Краўца – на 3 гады калоніі ды 2 гады ссылкі. Няпоўнагадовага Пятра Віціва і Міколу Лысага не судзілі.
Пры гэтым, як згадаў у размове з карэспандэнтам «Белсату» Мікола Мармус, чэкісты і ў прыватнасці маёр Касьянаў, які вёў іхную справу, хоць і «далі немалы тэрмін, хваляваліся, як яно будзе, бо думалі, што краіны можа раптам не стаць».
У лагеры новых палітычных вязняў віталі старыя ўдзельнікі ўкраінскага вызвольнага руху.
«Вось будзе нашая замена. Някепска мы змагаліся, што дажылі да таго, што ёсць для нас замена», – згадвае словы антысавецкіх партызанаў Мікола Мармус.
Таксама выявілася, што падобныя падпольныя групы былі і ў іншых рэгіёнах Украіны – на Львоўшчыне, Івана-Франкоўшчыне і гэтак далей. Сустрэлі асуджаныя і вязняў з іншых савецкіх рэспублік, у тым ліку і з Беларусі.
У зняволенні чальцы Расохацкай групы правялі сумарна каля 50 гадоў. А неўзабаве – 18 верасня 1991 года, праз 18 гадоў пасля акцыі ў Чарткове – вывешаны імі сіне-жоўты сцяг атрымаў статус дзяржаўнага ва Украіне.
«Мы з жонкаю паехалі ў Чарткіў з вялікаю радасцю паглядзець на тыя месцы, дзе мы вывешвалі сцягі. Са сваім сцягам прайшлі па тых чатырох месцах, дзе вывешвалі сцягі, але і не толькі па іх – па ўсім мястэчку хадзілі. Такі быў узняты настрой», – адзначыў Мікола Мармус, які за вывешаны сцяг быў асуджаны сумарна на 8 гадоў.
На думку Уладзіміра Мармуса, Савецкі Саюз, які казаўся такім моцным, выявіўся калосам на гліняных нагах і «разваліўся за некалькі дзён».
«Сёння мы маем незалежнасць, а гэтыя сцягі вісяць», – падкрэсліў ён.
Але, адзначае ягоны брат Мікола, Расея і да сёння баіцца ўкраінскага сцяга.
«Дзякуючы такім людзям удалося пранесці ідэю незалежнасці. Яны нагадвалі нам, што мы не тыя шалёныя з чырвонымі сцягамі. Такія людзі здолелі пранесці агеньчык незалежнасці Украіны і не далі ўпасці ў цемру», – перакананы гісторык Мікола Лазаровіч.
І хоць, паводле навукоўца, былі і больш радыкальныя групы, «кожны знаходзіў свае шляхі».
Здымак вокладкі: ЕА / Белсат
МГ belsat.eu