«Я гніў цалкам». Марпех з «Азоўсталі» расказаў пра расейскі палон, «канцлагер» і свае мары па вызваленні


Фота Міхайла Дзіянава двойчы абляцелі свет: першы раз – калі яго знялі з вонкавым фіксатарам рукі ў сутарэннях заводу-крэпасці «Азоўсталь», другі – калі ён вярнуўся з расейскага палону без часткі косткі рукі. Пра ўмовы ў палоне ён расказаў ТСН.

Вечарам 21 верасня стала вядома, што з расейскага палону вызвалілі 215 украінскіх вайскоўцаў, у тым ліку байцоў палка «Азоў» і абаронцаў «Азоўсталі». Іх абмянялі на «кума Пуціна» – былога алігарха Віктара Медведчука, а таксама расейскіх лётчыкаў і чачэнцаў. Сярод вызваленых быў паранены марскі пехацінец Міхайла Дзіянаў.

Нягледзячы на перажытае, Дзіянаў называе сябе «аптымістычным аптымістам». Ён расказвае, што быў на вайне з 2015 года, да Марыупалю быў гранатамётчыкам у прыазоўскіх стэпах. У 2022 годзе ўжо параненым трапіў на завод Ілліча, адтуль – на «Азоўсталь». Ваяваў літаральна адной левай. Але выканаў загад здацца расейцам.

Пасля ўзяцця ў палон яго з іншымі байцамі накіравалі ў Аленаўку. Дзіянаў кажа, там «жах быў, гэта канцлагер». Да вызвалення яго вывозілі з Аленаўкі толькі адзін раз, каб зняць апарат вонкавай фіксацыі рукі:

«Знялі апарат абцугамі, без наркозу, «ты ж марпех, давай, трывай», адзін трымаў мяне за плячо, а другі здымаў апарат, – расказвае Дзіянаў. – Трываў, куды б я падзеўся. Рука была моцна пашкоджаная, я гніў цалкам».

Цяпер у ягонай руцэ не хапае 4 см косткі, а на твары застаюцца сляды скотчу, што наляпілі ў Аленаўцы.

Артэз для рукі Дзіянаў зрабіў сам, не дазваляе лекарам нешта мяняць. Ён верыць, што руку яму абавязкова адновяць і што ён зноў будзе граць – да вайны ён быў музыкам, меў гурт у Тарнопалі, найбольш любіў граць на бас-гітары. Таксама ён марыць пра рыбалку і адкрыццё майстэрні па метале.

А ў бліжэйшы час хоча проста прайсціся па Кіеве і купіць якую-небудзь непатрэбную забаўку. Але так, «каб ніхто не чапаў», бо зоркай сябе не адчувае. Журналісты з’ездзілі з ім на Хрэшчатык – незаўважна прагуляццца не ўдалося, яго пазнавалі і дзякавалі яму за тое, што ваяваў і выжыў. Затое мара пра эклеры ўжо спраўдзілася.

Гісторыі
«Суадносіны жывой сілы былі 14 да 1». Украінскі жаўнер, вызвалены з палону, пра абарону «Азоўсталі»
2022.08.24 19:53

Сястра Міхайла Дзіянава расказвала, што яму трэба зрабіць аперацыю – костка зусім не зраслася, хоць паранены можа рухаць усімі пальцамі і нават крыху згінаць руку. Але да аперацыі Міхайлу яшчэ трэба набраць вагу: да палону ён важыў 86 кг, пасля –63 кг, бо ў палоне амаль не давалі есці.

Дзіянаву прапануюць дапамогу клінікі з Украіны і з іншых краінаў, розныя мецэнаты. Яго ж хвалюе іншае: у палоне ў Аленаўцы застаецца ягоны баявы пабрацім, якому ён абавязаны жыццём. Дзіянаў піша, што гатовы аддаць усе грошы да капейкі, абы пабраціма вызвалілі з «пекла».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў