news
Аналітыка
Пашпарт Новай Беларусі: чаму першыя ў чарзе – беларусы з легалізацыяй, і што рабіць тым, хто яе не мае?
Гутарым з Валерам Кавалеўскім і беларусамі з краінаў, дзе цяжка легалізавацца.
01.02.202409:38

Пашпарт Новай Беларусі будзе найперш выдавацца тым, хто ўжо мае легалізацыю ў краінах пражывання, абвясціў Аб’яднаны пераходны кабінет. І хоць да пачатку выдачы дакументу яшчэ далёка, гэтая навіна выклікала хвалю абмеркаванняў ды абурэнняў – пераважна ў беларусаў, якія жывуць у краінах, дзе з легалізацыяй узнікаюць складанасці. Што рабіць тым, хто з’ехаў ва Украіну, Грузію, краіны Балканскага паўвострава? Абмеркавалі з беларусамі з гэтых дзяржаваў ды з прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінету, намеснікам Святланы Ціханоўскай Валерам Кавалеўскім.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святкаванне Дня Волі ў Вільні, Літва. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Грузія

У Грузіі пасля выхаду консульскага ўказу Лукашэнкі № 278 са складанасцямі сутыкнуліся сотні беларусаў, кажа праваабаронца Раман Кісляк. У некалькі разоў павялічылася колькасць тых, хто падаецца на статус уцекача. Шмат беларусаў спрабуюць рабіць візы, каб з’ехаць у Польшчу ці іншыя краіны ЕЗ. Аднак з адкрыццём візаў у Грузіі цяпер не ўсё проста: у гуманітарных амбасада Польшчы ў Тбілісі ўсё часцей адмаўляе, спасылаецца на тое, што Грузія – бяспечная краіна. Для шэнгенскай візы патрэбны дазвол на жыхарства, які таксама даюць не ўсім – пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Грузія пачала адмаўляць беларусам у ВНЖ без тлумачэння прычынаў.

Гісторыі
«Жывяце ў бяспечнай краіне». Сям’і беларусаў, што ўцякла ў Грузію, адмовілі ў польскай гуманітарнай візе
2023.11.11 07:00

Таксама ёсць выпадкі адмовы ў прытулку, пра станоўчыя рашэнні пры гэтым праваабаронцам невядома.

«Наколькі я ведаю, наконт тых, хто падаваўся на прытулак у 2023 годзе, рашэнняў яшчэ не было, ні станоўчых, ні адмоўных – заявы на разглядзе. У той жа час ёсць некалькі выпадкаў, калі людзям адмовілі яшчэ ў 2022 годзе – гэтыя справы цяпер на пераглядзе ў судах, канчатковых адмоваў яшчэ не было», – распавядае спадар Раман.

Нягледзячы на не самую пазітыўную статыстыку, праваабаронца ўсё ж раіць беларусам, якія абіраюць месцам жыхарства Грузію, вырашаць пытанне легалізацыі праз атрыманне дазволу на жыхарства ці падачу прашэння аб прытулку, бо гэта лепш, чым проста жыць ад візарану да візарану.

«Мы, праваабаронцы, не вырашаем за людзей, дзе ім жыць, мы не можам сказаць, што ўсім трэба пераязджаць у Польшчу. У чалавека павінна быць свабода выбару. І мы працуем і дапамагаем усім – і тым, хто з’язджае, і хто застаецца. І дарэчы, ёсць беларусы, якія з Польшчы пераязджаюць у Грузію, бо тут ім больш падабаецца», – рэзюмуе Раман Кісляк.

Гісторыі
«У Беларусі вы не паўстанеце перад рэальнай небяспекаю». Грузія адмовіла ў прытулку сям’і з немаўлём
2023.05.05 07:00

Украіна

Ва Украіне сітуацыя з легалізацыяй для беларусаў усцяж складаная, распавядае Анісія Казлюк, праваабаронца «Free Belarus Centre». Ці не адзіны шлях для тых, у каго пашпарты скончыліся, згубленыя ці іх не было, бо людзі выязджалі з Беларусі нелегальна, – прасіць аб прытулку. Аднак гэтая працэдура працуе кепска.

«Я б сказала – на мяжы з немагчымым, – зазначае Анісія. – Атрымаць прытулак могуць добраахвотнікі, а звычайныя беларусы часта сутыкаюцца з тым, што ў іх адмаўляюцца прымаць дакументы. Гэта тлумачаць нібыта нормамі ўкраінскага заканадаўства, паводле якіх трэба было падаць дакументы на працягу некалькіх дзён пасля ўезду ў краіну, што парушае міжнародныя нормы. А калі дакументы ўсё ж атрымалася падаць, працэдура разгляду вельмі зацягнутая – ёсць людзі, у якіх яна цягнецца ўжо тры гады».

Для атрымання часовага дазволу на жыхарства ва Украіне ёсць некалькі шляхоў: праз шлюб, працу, валанцёрства, навучанне ці калі заяўнік – вайсковы інструктар.

«Беларусы падаюцца пераважна праз валанцёрства, бо ва Украіне шмат валанцёрскіх арганізацыяў, якія не супраць прымаць беларусаў, – распавядае праваабаронца. – Аднак час ад часу з’яўляюцца паведамленні, што ў беларусаў ці не прымаюць дакументы, ці зацягваюць разгляд, ці адмаўляюць у ВНЖ».

На навіну пра тое, што пашпарты Новай Беларусі найперш будуць выдаваць тым, у каго ёсць легалізацыя, беларусы Украіны адрэагавалі абурэннем, кажа Анісія Казлюк:

«Я разумею, чаму Кабінет робіць менавіта так, бо легалізацыя – гэта знак таго, што асоба чалавека ўстаноўленая і правераная краінай, у якой ён жыве. Гэта паказнік даверу. Таксама я разумею людзей, якія злуюцца, што спачатку будуць вырашаныя праблемы тых, у каго іх менш».

Hавiны
Валер Кавалеўскі адказаў еўрадэпутату наконт непрызнання пашпарта новай Беларусі
2024.01.03 16:17

Сербія

Пра сітуацыю ў Сербіі мы размаўлялі з беларусам Міхаілам. Раней мужчына распавядаў нам, як пераехаў у гэтую краіну з сям’ёй і што там у яго нарадзілася дачка, якая не можа атрымаць ніякіх дакументаў. У самога Міхаіла ў кастрычніку 2024 года заканчваецца дазвол на жыхарства, і новы яму могуць не даць. У Сербіі глядзяць на сітуацыю ва ўсёй сям’і, і калі ў некага ёсць праблемы з легалізацыяй, адмаўляюць усім.

«Мне ледзь гэты выдалі. Таму я быў бы рады, калі б да кастрычніка паспелі з пашпартам Новай Беларусі і калі б Сербія яго прызнала, што, я думаю, будзе складаней, чым у ЕЗ, – кажа беларус. – Я кансультаваўся тут з адвакатамі, яны абяцалі дапамагчы. Магчыма, буду спрабаваць атрымаць статус уцекача, хоць тут гэта складана, а акрамя таго, няма ніякай дапамогі ад дзяржавы. Можна жыць толькі ў лагеры і першыя паўгода нельга працаваць. І ўмовы ў гэтых лагерах не самыя лепшыя. Я тут не адзін з праблемай легалізацыі, у адной беларускі сітуацыя крытычная – у яе ўжо ў студзені скончыўся пашпарт. Таксама праблемы ў тых, хто мае дзяцей, якім пашпарты Беларусь выдае толькі на пяць гадоў».

Гісторыі
Беларусы на Балканах: Просім прызнаваць нашыя пратэрмінаваныя пашпарты да змянення сітуацыі на радзіме
2023.12.01 08:05

Беларусы Сербіі, у тым ліку Міхаіл, склалі петыцыю з просьбай да камісарыяту па справах уцекачоў выдаць інструкцыю, якая б аблягчала беларусам атрыманне прытулку.

«Мы прасілі ўключыць Беларусь, як і Украіну, у спіс краінаў, дзе людзям пагражае небяспека. Але звычайна гэта краіны, дзе ідуць баявыя дзеянні. Цяпер на гэты аргумент часта спасылаюцца, калі справа датычыць беларусаў, – у вас жа няма вайны. Таму і статус уцекача тут атрымаць няпроста, – тлумачыць Міхаіл. – Акрамя таго, не атрымалася даць хаду петыцыі, бо мы зразумелі, што заканадаўства можна змяняць толькі праз парламент, то бок, і звяртацца трэба туды».

«Нягледзячы на ўсе гэтыя складанасці, у Сербіі прасцей, чым у іншых краінах, атрымаць грамадзянства – падавацца можна ўжо праз тры гады пражывання з ВНЖ, на што і разлічваюць многія беларусы», – зазначае Міхаіл.

Аб’ектыў
Ці бяспечна беларусам наведваць Сербію і Вугоршчыну?
2023.07.03 22:01

Чарнагорыя

Раней мы распавядалі пра праблемы з легалізацыяй у беларусаў у Чарнагорыі – там таксама была створаная петыцыя з просьбай прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты. Наталля Пінчук, адна з аўтарак петыцыі, распавяла, што былі сабраныя амаль 290 подпісаў, а петыцыя была накіраваная ва ўсе дзяржаўныя органы краіны: МУС, Дырэкцыю ў справах уцекачоў, омбудсману па абароне правоў чалавека, у аддзяленне ААН па Чарнагорыі, прэм’ер-міністру і прэзідэнту, у парламент, а акрамя таго – у Раду Еўропы па правах чалавека. Адказ пакуль прыйшоў толькі з ААН – актывістку запрасілі на асабістую сустрэчу.

Наталля лічыць, што выдача пашпартоў Новай Беларусі найперш тым, хто мае легалізацыю, – у корані няправільнае рашэнне.

«Шмат беларусаў з’язджалі без візаў увогуле, у экстранным парадку. Яны маглі паехаць толькі ў бязвізавыя краіны: Грузію, Чарнагорыю, Сербію, Албанію, – кажа жанчына. – У Чарнагорыі не ўсе здолелі легалізавацца, таму што для ВНЖ патрэбныя грошы, бо падставы для выдачы – ці набыццё нерухомасці, ці адкрыццё бізнесу, ці праца з пэўным узроўнем заробку, ці навучанне, платнае для замежнікаў».

Яшчэ адна ўмова для атрымання ВНЖ у Чарнагорыі – даведка аб адсутнасці судзімасці.

«Многія з тых, хто прыехаў, маюць як мінімум адміністратыўныя справы, а нават і крымінальныя, – кажа Наталля. – Акрамя таго, на кожны дакумент трэба атрымаць апастыль, што цяпер немагчыма. Таму тут шмат беларусаў, якія пасяліліся каля мяжы з Албаніяй і проста раз на месяц робяць візаран у чаканні нейкіх зрухаў да лепшага. Таму я лічу, што выдаваць найперш пашпарты тым, хто мае легалізацыю, – няправільна».

«Пашпарт найперш павінныя атрымаць асобы ў крытычнай сітуацыі»

Часовы дазвол на жыхарства Наталля таксама не лічыць выйсцем з усіх сітуацыяў, бо яго трэба працягваць кожны год, пакуль праз пяць гадоў не атрымаеш ПМЖ. А гэта значыць – зноў ісці ў паліцыю з усім пакетам дакументаў і дзейсным пашпартам, у той час як ёсць нямала беларусаў, у якіх пашпарт неўзабаве скончыцца.

Калаж мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Аліса Ганчар / Белсат

«Нават у беларусаў, якія цяпер маюць легалізацыю, праз год ёсць рызыка стаць нелегаламі, – падкрэслівае беларуска. – Таму пашпарт Новай Беларусі найперш павінны атрымаць людзі ў крытычнай сітуацыі, у каго скончыўся ці хутка скончыцца тэрмін дзеяння дакументаў».

У краіны Еўразвязу таксама не ўсе змогуць пераехаць, зазначае Наталля, бо, напрыклад, польская амбасада адмаўляе ў гуманітарных візах, маўляў, Чарнагорыя – бяспечная краіна. Няпроста ў Чарнагорыі атрымаць і міжнародную абарону – пакуль што яе даюць толькі ўкраінцам.

«Калі я вывучала пытанне легалізацыі, то знайшла інфармацыю, што летась ААН праводзіла пасяджанне аб аднаўленні «нансэнаўскага» пашпарту, бо каля 26 мільёнаў чалавек у свеце сёння жывуць з праблемамі з легалізацыяй, – кажа жанчына. – У мяне ўзнікла пытанне, чаму б нашым дэмакратычным сілам не звярнуцца ў ААН з заявай аб патрэбе беларусаў у такіх пашпартах, бо 200–500 тысяч нашых грамадзянаў рызыкуюць праз пэўны час застацца без дакументаў? Магчыма, гэта было б прасцей, чым прасоўваць пашпарт Новай Беларусі і чакаць яго прызнання».

Наталля нават думала самастойна стварыць петыцыю-зварот у ААН і распавесці ў ёй аб праблеме беларусаў. Подпісы жанчына збірала б ва ўсіх краінах, дзе цяпер жывуць беларусы. Актывістка заклікае АПК звяртаць больш увагі на праблемы беларусаў ва ўсім свеце, а не толькі ў краінах, дзе можна без праблем атрымаць легалізацыю.

«Пакуль складваецца адчуванне, што імкнуцца вырашыць праблемы беларусаў у Літве ды Польшчы, але ж мы раскіданыя па ўсім свеце. Чаму лічыцца, што беларусы пераважна пераехалі ў Літву ды Польшчу, а ў астатніх краінах яны нібыта турысты?» – задаецца пытаннямі Наталля.

Дык калі ўжо чакаць тыя пашпарты?

Выслухаўшы аповеды аб праблемах з легалізацыяй у розных краінах, мы звярнуліся з пытаннямі пра пашпарт Новай Беларусі да прадстаўніка па міжнародных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету, намесніка Святланы Ціханоўскай Валера Кавалеўскага.

Як можа выглядаць пашпарт Новай Беларусі. Крыніца: Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі / Telegram

Наконт тэрмінаў пачатку выдачы пашпартоў Новай Беларусі ўсё яшчэ захоўваецца высокая ступень няпэўнасці, кажа спадар Валер. Чакаецца, што да канца сакавіка гэтага года будуць гатовыя ўзоры дакументу, з якімі можна будзе звяртацца да нацыянальных урадаў з просьбай аб прызнанні. Кабінет выказвае спадзяванні, што да восені ўжо будуць нейкія вынікі.

«Так, прагрэс у нас па розных прычынах не такі хуткі, як нам хацелася б, але ён ёсць, – зазначае прадстаўнік Кабінету. – Але ў любым выпадку само па сабе з’яўленне пашпарту не будзе заканчэннем працы – яна пяройдзе на новы этап. Ужо цяпер мы падыходзім да стварэння органу выдачы пашпартоў, а таксама рыхтуем абгрунтаванні для замежных урадаў, бо ад таго, як яны яго ўспрымуць, будзе залежаць далейшы лёс праекту».

Разбор
Пашпарт Новай Беларусі: дзейсны дакумент ці прыгожы сувенір з Пагоняй?
2024.01.26 17:56

Чаму першыя ў чарзе па пашпарт – беларусы з легалізацыяй?

Аб’яднаны пераходны кабінет тлумачыць гэта неабходнасцю атрымаць давер з боку ўрадаў краінаў, з якімі будуць весціся перамовы аб прызнанні пашпартоў.

«Любая пашпартная служба любой дзяржавы не сутыкаецца з такой праблемай, як прызнанне, – зазначае Валер Кавалеўскі. – Калі дакумент адпавядае тэхнічным крытэрам, у ім правільна прапісаныя шрыфты, ёсць элементы бяспекі, яго проста прымаюць, інфармуюць усе краіны пра прыняцце – і ўсё, пайшлі далей. А ў нас стаіць задача дамагчыся міжнароднага прызнання. Мы не можам надрукаваць пашпарт і сказаць – вось наш дакумент, аўтаматычна прызнавайце яго. Мы вымушаныя ўлічваць розныя меркаванні і погляды на яго, засцярогі. Усё гэта мы абмяркоўваем з нашымі партнёрамі».

Засцярогі партнёраў, паводле Валера Кавалеўскага, датычаць этапу верыфікацыі, крытэраў выдачы пашпартоў, захавання асабістых звестак, а таксама магчымых злоўжыванняў.

«І гэта легітымныя пытанні ад структураў, якія глядзяць на нас не як на звычайную дзяржаву, а як на ўнікальны прыклад, – тлумачыць прадстаўнік Кабінету. – Таму ў гэтай сітуацыі мы павінныя паводзіць сябе адказна. Нам, канешне, вельмі хацелася б выдаваць гэты пашпарт усім ахвочым, хто хацеў бы яго мець, але мы не можам гэта рабіць без уліку вонкавых фактараў, якія маюць вырашальнае значэнне для лёсу гэтага праекту».

Легалізацыя, паводле намесніка Ціханоўскай, дазволіць упэўніцца, што чалавек знаходзіцца за мяжой на законных падставах і не парушае нацыянальнае заканадаўства краіны, у якой жыве. Вельмі важна паказаць, што пашпарты не будуць выдавацца «направа і налева без уліку розных фактараў, у тым ліку фактараў рызыкі», кажа Валер Кавалеўскі:

«Нашая сітуацыя незвычайная і складаная ў тым сэнсе, што ў нас ёсць вельмі сур’ёзныя рызыкі для беларусаў за мяжой. Мы ўсе – аб’екты для рэпрэсіўнай дзейнасці рэжыму Лукашэнкі, і консульскі ўказ гэта пацвярджае. Таму мы павінныя праявіць адказнасць і рабіць вытрыманыя, кансерватыўныя, не абавязкова хуткія крокі. Бо самае галоўнае ў гэтым – не тэхнічныя моманты, а давер да пашпарту і органу выдачы з боку іншых краінаў, якія будуць прымаць рашэнне аб прызнанні».

ВІДЭА
Што трэба зрабіць, каб пачалі прызнаваць пашпарты Ціханоўскай? Інтэрв’ю з палітолагам
2023.11.10 13:21

Якіх злоўжыванняў баяцца партнёры АПК?

Каб пашпарт не патрапіў у кепскія рукі, кажа Валер Кавалеўскі:

«Умоўна кажучы, ці будзем выдаваць пашпарт амапаўцам, ці можна будзе гандляваць гэтымі дакументамі. Мы не можам сабе дазволіць, каб у кагосьці быў хоць цень сумневу наконт таго, што гэты праект адпавядае ўсім міжнародным стандартам выдачы такіх дакументаў. Мы павінныя зрабіць усё, каб гэта была зразумелая, празрыстая, пераканаўчая гісторыя, каб верылі нашаму органу выдачы, разумелі працэдуры і бачылі, што мы адказна ставімся да гэтай задачы».

Што рабіць беларусам без легалізацыі і ў краінах за межамі Еўразвязу?

Адсутнасць легальнага статусу ў краіне пражывання можа стварыць складанасці для верыфікацыі.

«Калі чалавек знаходзіцца на тэрыторыі ЕЗ без права на пражыванне і працу, то як мы можам ведаць, хто ён, і верыфікаваць яго? – пытаецца прадстаўнік Кабінету. – Мы не хацелі б спрычыніцца да сітуацыі, калі людзі парушаюць мясцовыя законы і знаходзяцца ў краіне нелегальна ці як турысты. Справа ў тым, што як турыст ты сёння тут, а заўтра вернешся ў Беларусь, што значыць, што ў цябе няма праблемы з абменам дакументу. Ну а яшчэ, калі чалавек паедзе ў Беларусь з пашпартам Новай Беларусі, гэта можа стварыць рызыку для яго і стаць падставай для затрымання».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларусы зладзілі акцыю салідарнасці ў падтрымку палітзняволенага філосафа Уладзіміра Мацкевіча. Батумі, Грузія. 13 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Пытанне выдачы пашпартоў беларусам, якія жывуць без легалізацыі ў краінах па-за межамі Еўразвязу, будзе вырашацца асобна, кажа Валер Кавалеўскі:

«Так, напрыклад, у беларусаў у Грузіі пасля консульскага ўказу стварылася досыць складаная сітуацыя. Грузія ў пэўным сэнсе была зручнай краінай для тэрміновай рэлакацыі, але аказалася, што ў гэтым варыянце ёсць свае хібы. Там цяжка атрымаць ВНЖ, ці пашпарт замежніка, ці статус уцекача. Каб вырашыць гэта, мы спрабуем наладзіць з грузінскімі ўладамі кантакт і разам шукаць варыянты вырашэння праблемы».

Ці зможа беларус мець два пашпарты – цяперашні нацыянальны і Новай Беларусі?

Такая сітуацыя цалкам магчымая, кажа Валер Кавалеўскі.

«Шмат у каго цяпер такія сітуацыі, калі беларускі пашпарт грамадзяніна яшчэ дзейсны, але ўжо няма візавых старонак – такім людзям таксама вельмі прыдасца пашпарт Новай Беларусі, – тлумачыць прадстаўнік Кабінету. – І думаю, такія кейсы будуць найпрасцейшымі з пункту гледжання выдачы, бо ў гэтых людзей ужо ёсць дзейсны дакумент і іх не трэба доўга дадаткова верыфікаваць».

Якім крытэрам трэба будзе адпавядаць, каб атрымаць новы пашпарт?

Мы пацікавіліся ў Валера Кавалеўскага, якія ўмовы, акрамя легалізацыі, павінныя быць выкананыя, каб атрымаць пашпарт Новай Беларусі. Ці зможа, напрыклад, атрымаць дакумент асоба, у якой у Беларусі сваякі працуюць у сілавых органах? Ці беларус, які не ўдзельнічаў у пратэстах і ўжо шмат гадоў жыве за мяжой і нават тэарэтычна можа з’ездзіць у Беларусь па новы пашпарт, але не хоча ці лічыць гэта складаным (напрыклад, ён жыве ў ЗША).

Паводле спадара Кавалеўскага, крытэры для выдачы пашпартоў яшчэ не распрацаваныя і будуць абмяркоўвацца і дапрацоўвацца.

«Але яны павінны быць аб’ектыўнымі і не разглядаць біяграфічныя звесткі тых ці іншых людзей, – падкрэслівае прадстаўнік Кабінету. – Адным з такіх крытэраў будзе наяўнасць легалізацыі – гэта можа быць статус уцекача ці прасіцеля такога статусу, часовы ці пастаянны дазвол на жыхарства (ВНЖ, ПМЖ), замежнае грамадзянства. Канешне, у крытэрах не будзе ацэнкі таго, хто які ўнёсак зрабіў у пратэстны рух 2020 года і пасля. Мы не павінны рабіць атрыманне пашпарту індывідуальнай гісторыяй для кожнага кейсу. Будуць, канешне, складаныя гісторыі, мы гэтага чакаем. Але калі гэта беларускія грамадзяне, якія жывуць стала за мяжой, у якіх ёсць пацвярджэнне легалізацыі, то я чакаю, што такія людзі будуць мець права падавацца на атрыманне пашпарту Новай Беларусі».

Хто будзе верыфікаваць кандыдатаў на пашпарт Новай Беларусі?

І гэтыя працэдуры пакуль яшчэ не распрацаваныя. У абмеркаваннях пашпарту ў сацсетках некаторыя беларусы выказвалі меркаванне, што правяранні маглі б весці «Кіберпартызаны», аднак Валер Кавалеўскі кажа, што гэта малаверагодна:

«Верыфікацыя будзе функцыяй органу выдачы. І гэта павінна будзе рабіцца на прафесійнай падставе. Нашыя замежныя партнёры павінны быць упэўненыя, што верыфікацыя вядзецца ў адпаведнасці са стандартамі, што яе ажыццяўляе не грамадская ці нейкая ценявая ініцыятыва, а зразумелая легальная структура».

Каментар
«Жэнеўскі пашпарт»: як яго атрымаць, што ён дае, ці замяняе пашпарт грамадзяніна
2023.09.27 08:00

Ці будуць пашпарты Новай Беларусі выдаваць дзецям?

Сітуацыі з дзецьмі будуць разглядацца індывідуальна, бо яны – адна з самых уразлівых катэгорыяў беларусаў за мяжой.

«Ёсць розныя сітуацыі: чыста беларускія сем’і ці тыя, дзе адзін з бацькоў – замежнік, і тады ў дзіцяці ёсць дадатковыя магчымасці легалізацыі, – кажа Валер Кавалеўскі. – Агулам жа, мы будзем разглядаць розныя кейсы і катэгорыі людзей, якім патрэбны пашпарт».

Аб’ектыў
Жыццё на чужыне: у свеце налічылі больш за трыста мільёнаў мігрантаў
2023.12.18 20:46

Ганна Ганчар belsat.eu