Амбасада Польшчы ў Грузіі працягвае выдаваць гуманітарныя візы. Аднак ёсць нюансы


Нядаўна мы расказвалі пра сям’ю беларусаў, якія ўцяклі з Беларусі ў Грузію пасля вылікаў у КДБ за данаты ў «BYSOL». У Тбілісі яны падаліся на польскую гуманітарную візу, аднак атрымалі адмову, бо, маўляў, перабываюць у бяспечнай краіне. Пра прыпыненне выдачы беларусам польскіх гуманітарных візаў расказваў таксама старшыня Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк. Мы запыталі ў амбасады Польшчы ў Тбілісі, як цяпер выглядаюць справы з атрыманнем беларусамі ў Грузіі гуманітарных візаў. Распавядаем, што нам адказалі.

 

 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Тбілісі, Грузія.
Фота: pexels.com

Міністэрства замежных справаў і консулы Рэспублікі Польшчы не прыпынілі выдачы гуманітарных візаў для рэпрэсаваных грамадзянаў Беларусі, аднак дзеля атрымання менавіта гэтага тыпу візы мусяць быць споўненыя некалькі ўмоваў, гаворыцца ў адказе польскай амбасады ў Тбілісі.

Асобы, якія пры падачы дакументаў на візу спасылаюцца на страх пераследу, мусяць звяртацца да консула на месцы жыхарства або  перабывання. Да пакету дакументаў трэба прыкласці магчымую рэкамендацыю Беларускага дому, калі яна ёсць.

«Разам з тым інфармуем, што гуманітарныя візы, як правіла, выдаюцца ў выпадку адкрытай пагрозы жыццю, здароўю або свабодзе. У дачыненні беларускіх грамадзянаў, якія перабываюць у Грузіі, гэтыя ўмовы, як правіла, не дзейнічаюць, бо Грузія ёсць бяспечнай трэцяй краінай і беларускія грамадзяне могуць быць у Грузіі 365 дзён без дадатковых фармальнасцяў, а потым аднаўляць гэты тэрмін. Аднак кожны выпадак у справе гуманітарнай візы разглядаецца індывідуальна», – кажа прэс-сакратар амбасады.

Разбор
Ці адбярэ Польшча гуманітарную візу або гуманітарны ВНЖ, калі я паеду ў Беларусь?
2023.10.11 08:02

У адказе адзначаецца, што з моманту пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны колькасць візавых заявак, якія падаюць у консульскі аддзел і аддзел польскай дыяспары амбасады Польшчы ў Тбілісі, павялічылася ў разы.

«З гэтай прычыны, як правіла, ёсць магчымасць прымаць заявы на атрыманне візы толькі ад грамадзянаў Грузіі, замежнікаў з відам на жыхарства ў Грузіі і ўкраінскіх уцекачоў ад вайны, – кажа амбасада. Мы таксама стараемся прымаць візавыя заяўкі на ўсе віды нацыянальных і шэнгенскіх візаў (акрамя турыстычных) ад грамадзянаў Беларусі, якія перабываюць на тэрыторыі Грузіі не менш за 6 месяцаў. Такім чынам, у грамадзянаў Беларусі, якія пражываюць у Грузіі, не мусіць узнікнуць праблемаў з падачай дакументаў на атрыманне працоўных, сямейных, PBH-візаў і г. д. Гэтыя заяўкі прымаюцца на сталай аснове».

Каментар
«Часам гэта пытанне жыцця і смерці». Алесь Зарэмбюк пра спыненне выдачы польскіх гуманітарных візаў
2023.11.02 12:15

У той жа час кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк заяўляў, што з гэтага верасня ніхто са 188 асобаў, якія падаваліся на польскую гуманітарную візу з хадайніцтвам Беларускага дому, дагэтуль не атрымаў запрашэння ў консульства. Сітуацыя датычыць беларусаў як у Беларусі, так і ў іншых краінах. Паводле Зарэмбюка, МЗС Польшчы растлумачыў сітуацыю чаканнем новых распараджэнняў наконт гуманітарных візаў.

Hавiны
Польшча выдала беларусам амаль 90 тысяч візаў «Poland Business Harbor». Але з’язджаюць не ўсе
2023.11.03 17:07

Акрамя гуманітарных візаў, за апошнія тры гады, станам на 30 верасня 2023 года МЗС Польшчы выдала беларусам 88 529 візаў паводле праграмы «Poland Business Harbor». Аднак, паводле звестак, атрыманым выданнем «Rzeczpospolita» ў Галоўным упраўленні Памежнай аховы, з 2020 года ў Польшчу паводле візаў PBH пераехалі каля 13,5 тысячы асобаў: толькі кожны сёмы, хто яе атрымаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў