Кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве распавёў пра праблемы ў атрыманні гуманітарных візаў


Польшча пакуль прыпыніла выдачу гуманітарных візаў беларусам. Кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк кажа, што гэтак адбываецца з прычыны чакання міністэрствам замежных справаў новых працэдураў адносна выдачы такіх візаў, называючы гэтую сітуацыю прыкрай. Пра гэта ён распавёў у жывым эфіры «Белсат».

Цалкам размову глядзіце тут:

«Лагічнае тлумачэнне ў тым, што мы чакаем новую працэдуру, чым гэта выклікана – нам ніхто не сказаў. Мы ў выніку таксама чакаем, як і чакаюць больш за 180 рэпрэсаваных беларусаў. І добра калі гэтыя беларусы, напрыклад, у Грузіі, у Турцыі. Але калі гэтыя беларусы знаходзяцца ў Менску, у Горадні альбо Гомлі – гэта ўжо не зусім добра», – кажа Зарэмбюк.

Паводле Алеся Зарэмбюка, гэтая праблема ўзнікла не толькі ў Беларускага дому, але і ў астатніх арганізацыях, якія дапамагаюць беларусам з атрыманнем візаў. Ён упэўнены, што з гэтае прычыны арганізацыя больш востра адчувае маральны абавязак па дапамозе тым, хто зараз у бядзе і зрабіць усё магчымае, каб гэтыя людзі не трапілі за краты.

«Няма нейкіх тэрмінаў. Мы рэкамендуем усім тым, хто сапраўды можа заўтра быць арыштаваны, з’язджаць адразу. Адзінае што, калі гэта раней можна было зрабіць праз тэрыторыю Расеі і далей, то зараз гэтая сітуацыя ўскладнілася. Але мы ведаем пра сітуацыі, калі людзі нават вымушаныя з’язжаць з тэрыторыі Расеі праз слаба кантраляваную тэрыторыю расейска-ўкраінскай мяжы, вось. І многія чакаюць у такіх краінах, як Турцыя і Грузія, там ужо лепш, бо там пакуль яшчэ нікога не дэпартавалі».

Таму кіраўнік Беларускага дому настойліва рэкамендуе дбаць пра ўласную бяспеку, пакуль не будзе магчымасці атрымаць візу.

«Задача ж беларускіх дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасці зрабіць усё, каб у кіпцюры так званага сучаснага ГПУ, у кіпцюры лукашызму трапіла як мага меней сумленных, адкрытых, сапраўдных грамадзянаў нашай краіны», – кажа Зарэмбюк.

Здымак вокладкі: Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў