Ці бяспечна беларусам наведваць Сербію і Вугоршчыну?


Стасункі з Захадам не ладзяцца, але ў Еўропе ёсць краіны, што ставяцца да афіцыйнага Менску лаяльна. Пра гэта пахваліліся ў Міністэрстве замежных справаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У першую чаргу, вядома, на розум прыходзяць нашы адносіны з Вугоршчынай, дзе відавочным чынам склалася яснае разуменне інтарэсаў дзвюх краін. У нас захоўваюцца на Захадзе, калі так можна сказаць, вялікі Захад, нармальныя працоўныя адносіны з Сербіяй», – заявіў намеснік міністра замежных справаў Беларусі Юрый Амбразевіч.

Ведаюць пра гэта і ў Еўразвязе. Паводле дэпутата Еўрапарламенту Пятраса Аўштравічуса, падчас прыняцця санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі прадстаўнікі некалькіх краінаў адмыслова замаруджваюць узгадненне пастановы:

«Вугоршчына стала, я б сказаў, лідарам у гэтай групе. І нават вось візіт міністра замежных справаў, нядаўні візіт у Менск паказаў, што яны не толькі прытрымліваюцца думкі, але і не баяцца дэманстратыўна і публічна выказваць сваю пазіцыю».

У падтрыманні стасункаў з рэжымам Лукашэнкі ёсць свой інтарэс, упэўнены Павел Латушка:

«Сербы не ўспрымаюць беларускай незалежнасці, яны хутчэй лічаць нас дадаткам да Расеі. Мы ведаем таксама, што гістарычна Сербія заўсёды падтрымлівала расейскі свет. Таксама бізнес-інтарэсы, якія даволі моцныя. Сербскія інтарэсы ў Беларусі».

Жанчына робіць сэлфі падчас мітынгу, арганізаванага сербскімі правымі арганізацыямі ў падтрымку расейскага ўварвання ва Украіну. Бялград, Сербія. 24 сакавіка 2022 года.
Фота: Vladimir Zivojinovic / AFP / East News

З гэтае ж прычыны беларусам, якія сталі палітычнымі мігрантамі, раяць пазбягаць падарожжаў у Вугоршчыну ды Сербію. Бо існуе рызыка выдачы на замову спецслужбаў.

«Асабіста мне прыйшлося адмовіцца ад паездкі ў Будапэшт для сустрэчы з дэпутатамі ад апазіцыі вугорскага парламенту і праводзіць яе ў іншай краіне, іншым камунікацыйным шляхам. Таму што нейкая ступень небяспекі ўсё ж прысутнічае», – кажа Павел Латушка.

Сербія і Вугоршчына – гэта далёка не ўсе краіны, што маюць стасункі з рэжымам Лукашэнкі.

«Гэтую групу можна пашырыць за кошт Ватыкана, напрыклад, ці за кошт Босніі і Герцагавіны, якая таксама прыняла амбасадара Беларусі, прызначанага ўжо пасля 2020 года. Можна ўзгадаць яшчэ і Мальтыйскі ордэн, з якім падтрымліваліся пасля 2020 года афіцыйныя адносіны», – распавядае старэйшы даследнік Цэнтру новых ідэяў Павел Мацукевіч.

І такіх краінаў, спадзяюцца ў МЗС Беларусі, можа з часам стаць яшчэ болей. Перспектывы партнёрства бачаць нават з суседняю Польшчаю, як толькі палітычныя эліты страцяць свае кіроўныя пазіцыі.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»