Заснавальніка «Беларускай дыяспары Аджарыі» не пусцілі ў Грузію. Адмовілі, нават калі ён папрасіў прытулку


Беларус Яўген Гацак, які ўжо два гады жыве ў грузінскім горадзе Батумі, вяртаўся сёлета 25 красавіка з Турцыі. На памежным пераходзе «Сарпі» грузінскі бок адмовіў яму ва ўездзе. Маладзёна не ўпусцілі ў краіну, нават калі ён папрасіў аб палітычным прытулку. Яўген не першы беларус, якому цягам апошняга года Грузія забараняе ўезд.

Яўген Гацак.
Фота: Беларуская дыяспара Аджарыі

«Далі паперу з пазнакай «іншыя прычыны» і вярнулі на тэрыторыю Турцыі»

Яўген Гацак прыехаў у Грузію разам з сям’ёй у 2021 годзе, каб уратавацца ад палітычнага пераследу ў Беларусі, дзе ён быў назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах.

У прыморскім горадзе Батумі ён разам з іншымі актыўнымі беларусамі заснаваў некамерцыйную арганізацыю «Беларуская дыяспара Аджарыі». Цягам двух гадоў сябры арганізацыі навязвалі кантакты з грузінамі, спрабавалі лабіяваць інтарэсы беларусаў, актыўна адгукаліся на палітычны парадак дня, праводзілі беларускія святы і акцыі. Адным з самых гучных было пікетаванне Службы дзяржаўнай бяспекі Грузіі пасля таго, як тая падпісала пагадненне з беларускім КДБ.

Пасля ўварвання Расеі ва Украіну ў лютым 2022 года «Беларуская дыяспара Аджарыі» актыўна ўключылася ў дапамогу ўкраінцам, удзельнічала ў супольных акцыях.

Яўген таксама ўдзельнічаў у акцыях, але пры гэтым асабліва нідзе не «свяціўся», не быў галоўным арганізатарам. Працаваў у ІТ-фірме, жыў звычайным жыццём.

25 красавіка 2023 года Яўген вяртаўся ў Батумі з Турцыі. На памежным пераходзе «Сарпі» грузінскі бок адмовіў яму ва ўездзе. На рукі далі паперу, дзе ў графе «прычыны адмовы» было пазначана «іншыя прычыны» і больш ніякага ўдакладнення.

На наступны дзень, 26 красавіка, Яўген зноў прыйшоў на мяжу і папрасіў аб палітычным прытулку. Як распавёў кіраўнік «Беларускай дыяспары Аджарыі» Аляксей Балашоў, Яўгена пратрымалі на мяжы каля 6 гадзінаў. Аляксей разам з юрыстам арганізацыі, праваабаронцам Раманам Кісляком таксама прыязджаў на мяжу, паказваў дакументы, якія пацвярджалі, што Яўген – сябра «Беларускай дыяспары Аджарыі». Аднак у выніку маладзёна зноў вывелі на тэрыторыю Турцыі і другі раз уручылі дакумент аб адмове ва ўездзе паводле «іншых прычынаў».

У Батумі ў Яўгена засталіся жонка і няпоўнагадовае дзіця.

Праваабаронца: «Не выключаем, што гэта вынік актыўнасці беларускіх спецслужбаў»

«У нас ёсць усе падставы меркаваць, што ў гэтым выпадку Грузія парушыла канвенцыю ААН аб уцекачах, да якой далучылася ў 1999 годзе. Калі чалавек просіць аб палітычным прытулку, краіна павінна запусціць працэдуру разгляду прашэння, а Грузія гэтага не зрабіла, памежнікі проста вярнулі Яўгена назад у Турцыю», – кажа праваабаронца Раман Кісляк.

З чым можа быць звязаная адмова ва ўездзе, беларуская дыяспара не ведае.

«Мы аналізавалі магчымыя прычыны, але і так і не змаглі іх знайсці, – кажа Раман Кісляк. – Мы сутыкаліся раней з адмовай ва ўездзе беларусам і выправаджваннем з Грузіі. Тая сям’я вызнавала іслам, мы дапускалі, што гэта магло быць прычынай. У дадзеным выпадку, магчыма, гэта звязана з нядаўнімі спробамі ўладаў прасунуць закон аб замежных агентах. Магчыма, гэта спробы грузінскіх уладаў прыбраць беларускую дыяспару з Грузіі, магчыма, мы ў нейкіх спісах. Мо грузінам не спадабалася, што мы ад самага пачатку тут займаем актыўную пазіцыю, праводзім акцыі, сталі часткай грузінскай грамадзянскай супольнасці. Але дакладна мы нічога не ведаем. Не выключаем, што гэта можа быць вынікам актыўнасці беларускіх спецслужбаў».

Прадстаўнікі «Беларускай дыяспары Аджарыі» падкрэсліваюць, што будуць абараняць правы Яўгена, а таксама іншых беларусаў, у тым ліку права на прытулак.

Яўген цяпер застаецца ў Турцыі. Офіс Святланы Ціханоўскай спрабуе дапамагчы яму атрымаць візу, каб выехаць у Еўропу.

Яўген Гацак: «Магчыма, грузінскія ўлады не вельмі радыя вялікаму наплыву людзей»

Яўген Гацак.
Фота: Беларуская дыяспара Аджарыі

Мы звязаліся з самім Яўгенам і папрасілі яго распавесці, як усё адбылося, ці ёсць у яго здагадкі, чаму яго маглі не ўпусціць, і што ён збіраецца рабіць далей.

«Так, мяне сапраўды не ўпусцілі ў Грузію, дзе я пражыў два гады. На другі дзень я доўга чакаў некага рашэння ад іх, але, на жаль, яно было адмоўным. Ніякіх маіх словаў яны слухаць не сталі, – кажа маладзён. – Мне здаецца, што гэтае рашэнне было прынятае не памежнікамі, а на вышэйшым узроўні – у базе МУС ці яшчэ дзе. Напэўна, яны ў кампутары гэта пабачылі, што гэтаму грамадзяніну ўезд забаронены. Бо прапускалі ўсіх. Вакол мяне былі грамадзяне розных краінаў, у тым ліку Украіны, Расеі. Нікому ніякіх пытанняў не задавалі, у расейцаў пыталіся толькі, у які горад едуць. Мне таксама, зрэшты, пытанняў не задавалі. Жанчына-памежніца ўжо хацела ставіць штамп, але потым штосьці заўважылі ў кампутары».

Яўген сумняецца, што да адмовы ва ўездзе могуць быць неяк датычныя беларускія ўлады. Тлумачыць свае сумневы хлопец тым, што ён – не медыйная персона, ніяк не прыцягваў да сябе ўвагу. Так, у Беларусі ў 2020 годзе ён быў назіральнікам на выбарах, сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Маладзёна затрымлівалі і адзін раз судзілі па адміністратыўнай справе.

«У той жа час у Грузіі спакойна жывуць беларусы з крымінальнымі справамі на радзіме, таму не думаю, што справа ў гэтым, – кажа Яўген. – Магчыма, грузінскія ўлады не вельмі радыя вялікаму наплыву людзей, якія цяпер да іх прыехалі. Гэта бачна і па тым, што цяпер шмат адмоваў у ВНЖ. Магчыма, яны шукаюць шляхі, як нас папрасіць пашукаць сабе новы дом».

Ці варта абскарджваць адмову ва ўездзе, Яўген Гацак не ўпэўнены. Кажа, што ў Грузіі гэта вельмі доўгі працэс, які можа і не прынесці жаданых вынікаў. Цяпер маладзён спадзяецца атрымаць візу адной з краінаў Еўразвязу. Калі далейшы лёс стане больш зразумелым, да Яўгена прыедзе ягоная сям’я.

«Спадзяюся, мой выпадак застанецца выключэннем з агульнай статыстыкі, але пры гэтым людзі павінны ведаць, што такая сітуацыя можа здарыцца, і, магчыма, калі ім не падыходзіць такое няпэўнае жыццё, няхай бы як мага раней паклапаціліся пра сваю будучыню і планавалі варыянты, каб не гуляць у гэтую сумную латарэю», – кажа беларус.

Грузія не першы раз адмаўляе ва ўездзе беларусу

Выпадак Яўгена Гацака не першы, калі ў Грузію не пускаюць беларусаў. Мы распавядалі гісторыю сям’і менчукоў, якім анулявалі від на жыхарства. Жонку з сынам не пусцілі ў краіну, калі яны таксама вярталіся з Турцыі, а мужа з другім сынам потым гвалтоўна вывезлі на мяжу і прымусілі пакінуць тэрыторыю Грузіі. Прычыны таго, што адбылося, так і засталіся невядомымі. Ува ўсіх дакументах, якія ім далі на рукі, было пазначана «іншыя прычыны». «Белсат» пісаў лісты ў грузінскія афіцыйныя органы, аднак мы не атрымалі ніводнага адказу.

Гісторыі
Сям’і беларусаў анулявалі ВНЖ і выправадзілі іх з Грузіі. Разам з праваабаронцам разбіраемся ў сітуацыі
2023.03.12 08:00

Раман Кісляк зазначае, што ведае не адзін выпадак, калі Грузія адмаўляла ва ўездзе грамадзянам Расеі, Казахстану, нават Украіны. Таксама вядома пра адмовы беларусам у статусе ўцекача.

«Так, у чалавека няма права ўязджаць у чужую краіну, аднак павінны быць дакладныя і празрыстыя крытэры, якія дазваляюць ці забараняюць уезд. Спасылка на «іншыя прычыны» – гэта парушэнне прынцыпаў прававой дзяржавы, – кажа праваабаронца. – Гэта стварае сітуацыю няпэўнасці. Людзі ў выніку не ведаюць, чаго можна чакаць ад дзяржавы, ці варта распачынаць тут свой бізнес, набываць нерухомасць».

Паводле юрыста, падобныя сітуацыі могуць пацягнуць за сабой большую колькасць прашэнняў аб прытулку ў Грузіі з боку беларусаў. Пэўная частка таксама можа прыняць рашэнне аб ад’ездзе.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў